Лукашэнка назваў БРСМ сваім дзіцём
Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным існаванне БРСМ. Аб гэтым ён паведаміў сёння ў час сустрэчы з удзельнікамі Усебеларускай акцыі «Пытанне прэзідэнту».
Адказваючы на пытанне аб сваім стаўленні да БРСМ, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта арганізацыя, па сутнасці, з’яўляецца яго «дзіцем». Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён на працягу некалькіх гадоў працаваў у камсамоле і, нягледзячы на адмоўныя моманты, якія былі ў дзейнасці гэтага аб’яднання, лічыць, што ў камсамоле было шмат добрага, і гэтага добрага было больш.
«Што датычыцца БРСМ і таго, што гэта — назад у мінулае, — так, ёсць і назад у мінулае,
і мінулае не заўсёды было дрэнным.І дай бог, каб тое добрае, якое было ў мінулым, мы не страцілі сёння», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. У якасці аднаго са станоўчых прыкладаў ён прывёў існаванне студэнцкіх атрадаў.
«Наша маладзёжная арганізацыя патрэбна, ёй быць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён адзначыў: тое, якой быць гэтай арганізацыі, павінна вызначаць сама моладзь.
БЕЛТА