Занатоўкі мастака

Источник материала:  
Гадзіннік і час

Ёсць і ў мяне дарагі механічны гадзіннік, у якім зусім няма часу. Ён чакае нагоды ў лакіраванай скрынцы з арэхавага дрэва. Прынагодна я яго абавязкова завяду. Добрыя гадзіннікі ўмеюць чакаць, і час іх знаходзіць і надыходзіць.

Клее і жахі

Паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі нямецкі мастак Клее напісаў: "Чым жахлівейшым робіцца свет, тым больш абстрактным робіцца мастацтва". Цяпер можна працягнуць назіранне Клее і сказаць, што напярэдадні жудасных войнаў мастакі сыходзілі ў свет ідэальны і чысты. Калі мастакі пачынаюць займацца ідэальнымі формамі і мінімалізуюць свае сродкі, чакай жахлівай вайны...

Бачанне ў формах і Гропіус

У мастацкай вучэльні, а пазней і ў інстытуце мяне вучылі бачыць. Я мусіў навучыцца бачыць формы, з'явы, праявы, учынкі, здарэнні. Навучыцца бачыць заўжды і паўсюль, а калі не бачыць, дык быць падрыхтаваным да бачання, да адкрыцця, да творчасці... Свае творы, кнігі, вершы, карціны я бачу ў завершаных формах. Мае здольнасці не дазваляюць наблізіцца ўшчыльную да гэтых формаў, але я дакладна ведаю пра правільнасць кірунку, у якім трэба рухацца. І, у адрозненне ад Гропіуса, я ніколі не лічыў, што паміж рэальным і ідэальным ляжыць прорва непераадольная.

Тэлебачанне і кніга

Тэлебачанне — дрэнь! Пра гэта ўсе ведалі ад самага пачатку стварэння тэлевізара. Глядзенне ў тэлескрынку заўжды лічылася заняткам нізкім і ганебным. Глядзіш на тэлепаяцаў? Слабы чалавечак! Глядзіш і сам сябе асуджаеш. З кнігамі ўсё роўна наадварот. Чытаеш? Правільна робіш! Чытанне — святло! Чытанне — навука! Кніга — носьбіт асветы! Тут можна было б сказаць наступнае... Кніга не лепшая за тэлебачанне, у большасці кніг змяшчаецца такая ж дрэнь, якая несупынна ліецца з тэлеканалаў. Можна было б! І большасць гледачоў-чытачоў лёгка пагодзіцца з такім параўнаннем, бо шмат хто лічыў і лічыць, што д'ябал жыве ў чорнай друкарскай фарбе. Але я так не лічу, бо, па-першае, люблю кнігу, паважаю асветнікаў і асвету, а па-другое, даўно заўважыў, што з тэлеэкрана сыходзіць не толькі мёртвае святло.

Вальтэр і ягоны чытач

Усе яшчэ ведаюць Вальтэра! Адукаваны чалавек мусіць нават усмешку Вальтэра пазнаваць, бо вялікі скульптар Гудон у мармуры тую саркастычную ўсмешку ўвекавечыў. Вядома-вядома... Сарказм, саркастычная ўсмешка, энцыклапедысты, класіцызм... За ўсё сваё жыццё я бачыў толькі аднаго чытача Вальтэра. Тоўсты, непамерна тоўсты, лысы, ружовалобы, сямідзесяцігадовы, ён сядзеў у кавярні "Манро", піў каву з малаком і чытаў том Вальтэра. Я думаў, што ён чытае бульварныя раманы, кшталту "Рэт Батлер" ці "Ганна Карэніна", а ён чытаў Вальтэра. Гэта мой брат заўважыў аўтара кнігі. Дробязь, а як усё змянілася. Я раптам пачаў заўважаць, што з чытачом Вальтэра ўсе ў Січазе вітаюцца. Нават у Барселоне з ім вітаюцца на вуліцы. Аказваецца, чытач Вальтэра — знакаміты чалавек... Быў! Гады тры як яго няма ў кавярні "Манро"... Сумна! Там сядзяць іншыя не менш паважаныя людзі... Вось прайшла артыстка, што ў англійскім серыяле сыграла місіс Марпл. Дзіўна, але ў жыцці яна выглядае больш сур'ёзнай і, выбачайце, больш разумнай за Марпл і Агату Крысці. За суседнім столікам сядзіць выдатны акцёр Тэры О'Куін, які сыграў у культавым шматсярыйніку LOST. Я нават не стрымаўся і зрабіў, як змог, ягоны фотапартрэт. Артыстаў усе пазнаюць, з імі вітаюцца, іх партрэты нават друкуюцца на вокладках бестселераў... З артыстамі, блокбастарамі і кніжнымі бэстамі поўны парадак і ў Барселоне, і ў Мінску. Але мне моцна не хапае чытача з томам Вальтэра!

Новыя літаратурныя жанры і 1 000 000

У тыднёвіках з'явіліся новыя літаратурна-калямастацкія жанры. Першы: брацкае віншаванне. У такое віншаванне збіраецца і лепіцца некалькі віншавальных мэсыджаў.

Прыклад: "Дарагі Групкін-Пупкін віншуем цябе з выхадам кнігі "Цмок-калывок", а таксама віншуем Шалаша з Шалашыхаю з нагоды нараджэння ў іх дачушачкі, яшчэ мы віншавальныя словы накіроўваем у дом Ракаў-Свяцёлак, бо іх слаўны ваяр Святазар нарэшце дэмабілізаваўся". Акрамя брацкага віншавання, з'явіліся і брацкія некралогі. Прыклад: "Мы смуткуем з нагоды сыходу ад нас выцінаншчыцы і вышывальшчыцы крыжыкам Галіны Тоўстакаленчыц, а яшчэ большы смутак агортвае нашы душы над свежай магілаю Лады Скурапалітончык. Памяць пра іх дзейнасць будзе вечнай стрэмкаю сядзець у нашых бессмяротных душах". З'яўленне новых літаратурных жанраў зазвычай вітаецца, але ў гэтым выпадку ўзнікае жаданне прыняць закон, які б гарантаваў чалавеку права на асобны, а не брацкамагільны некралог. Калі брацкавіншавальныя мэсыджы яшчэ можна дараваць, як можна дараваць паэтам розныя навыдумляныя зномы ды каварандопы, дык брацкамагільныя некралогі павінны знішчацца, а іх аўтараў варта караць грашовымі штрафамі, і штраф той павінен пачынацца з лічбы 1 000 000.

Суцяшэнні і зайздрасці

Бедныя суцяшаюцца тым, што яны нібыта сумленныя; сумленныя суцяшаюцца тым, што быццам бы разумныя; разумныя суцяшаюцца багаццем; багатыя суцяшаюцца тым, што навідавоку шчодрыя; шчодрыя суцяшаюцца тым, што сціплыя; сціплыя суцяшаюцца тым, што выглядаюць і жывуць, як бедныя... Бедныя зайздросцяць шчодрым, шчодрых бяруць завідкі да багатых, багатыя зайздросцяць разумным, разумныя — сумленным, сумленныя зайздросцяць сціплым, а сціплыя зайздросцяць бедным...

Адам ГЛОБУС.

←В Шкловском районе открылся новый детский дом семейного типа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика