"Дачніку з вазком не перашкодзіў бы пандус да платформы"

Источник материала:  

У рэдакцыю патэлефанаваў даўні чытач газеты. Ён мінчанін, але мае лецішча ў Маладзечанскім раёне. Вядома, зараз набліжаецца да завяршэння дачны сезон, а, значыць, клопатаў па дастаўцы хатніх нарыхтовак адтуль у гарадскую кватэру хапае. Як і многім іншым дачнікам, нашаму чытачу даводзіцца карыстацца падчас такой транспарціроўкі вырашчанай сельскагаспадарчай прадукцыі вядомымі ўсім сумкамі на колах, так званымі вазкамі.

— І вось, неаднойчы вяртаючыся з чыгуначнага вакзала дадому на метро, на што звярнуў увагу. На некаторых станцыях метрапалітэну, напрыклад, "Плошча Перамогі" ці "Усход" ёсць пандусы на лесвіцах, па якіх больш зручна, чым па прыступках, спускаць дачныя вазкі. Але гэтыя пандусы ідуць толькі на спуску ў пераходы, а на саміх станцыях — толькі ад уваходу і максімум — да турнікетаў. А вось пасля іх — на спуску ўласна да платформы — такіх пандусаў няма. Даводзіцца пажылому чалавеку свой вазок цягнуць па прыступках. Можа, вы адкажаце, ці збіраюцца на ўжо дзейных станцыях рабіць такія прыстасаванні, якія б далі палёгку дачнікам. Думаю, маё пытанне не пустое, — гаварыў заяўнік.

Паводле слоў галоўнага інжынера КУП "Дырэкцыя па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна" Аляксея МУРАЧА, уладкаванне пандусаў на дзейных станцыях у месцах, пра якія згадвае чытач — на лесвіцах ад турнікетаў з вестыбюляў да платформаў — не было прадугледжана нормамі.

— Звязана гэта з бяспекай руху пасажыраў, паколькі ў выпадку ўладкавання такіх пандусаў у названых месцах іх трэба аддзяляць бар'ерамі. Пакуль, згодна з нормамі ад 2008 года, такія бар'еры з'явіліся толькі ў некаторых пешаходных пераходах, дзе маюцца такія пандусы, — адказаў Аляксей Уладзіміравіч.

Карыстаючыся выпадкам, мы пацікавіліся: а ці прадугледжаныя пандусы з бар'ерамі з вестыбюляў да платформаў на новых станцыях метрапалітэна, якія плануецца адкрыць у другім паўгоддзі 2012 года на першай лініі — "Пятроўшчыне", "Міхалова", "Грушаўцы"?

Як патлумачыў галоўны інжынер прадпрыемства ў адказ, даць дакладны каментар зараз праблематычна, паколькі няма патрэбных чарцяжоў. Яны будуць значна пазней. Аднак, заўважыў далей суразмоўца, калі ад грамадзян будуць паступаць такія заўвагі і прапановы, яны абавязкова будуць прынятыя да ўвагі.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←В Шкловском районе открылся новый детский дом семейного типа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика