Рэгістрацыя шлюбу ў загсе
На працягу ўсяго перыяду існавання Савецкай дзяржавы аддзелы загсаў фактычна выконвалі тую ролю, якая ў ранейшыя часы была замацаваная за царквой. Мадэль грамадзянскага шлюбу шмат у чым паўтарае храмавы абрад, аднак асобныя рытуальныя дзеянні і атрыбуты былі напоўненыя прама процілеглым зместам. На жаль, навацыі таго часу, якія шмат у чым супярэчаць традыцыйным народным уяўленням, захаваліся ў дзейнасці гэтых службаў да сённяшняга дня.
Мы паспрабуем звярнуць увагу толькі на некаторыя моманты рэгістрацыі шлюбу ў загсе з той мэтай, каб сучасныя маладыя людзі разумелі, што гэты абрад таксама мае лёсавызначальнае значэнне.
Калі падчас рэгістрацыі шлюбу маладым прапанавалі ўстаць на ручнік (як гэта робіцца ў храме), трэба ведаць, што з ручніка можна сыходзіць толькі парай, а не па адным. Пасля завяршэння абраду ганаровыя сведкі або сваты забіраюць ручнік з сабой.
Асабліва ўважлівымі трэба быць у той момант, калі маладым прапануюць надзець адзін аднаму пярсцёнкі. Знак таго, што маладыя хутка разыдуцца — пярсцёнак, які ўпаў або згубіўся.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.