Восень на Зарэчнай вуліцы

Источник материала:  

У сядзібе "На зарэчнай вуліцы" — красуня-восень. Пры гэтым яна нібы спалохана затрымалася сюды прыходзіць: едзеш па трасе — усё аж буяе аранжава-чырвона-жоўтымі лістамі, збочваеш ва ўрочышча Дзяршова — тут кругом зелень, якую толькі-толькі зачапіў восеньскі малюнак. А грыбы растуць прама на падворку. Апенькі ля кожнага пня — хоць касой касі. Ала кажа, што нарыхтоўвалі іх цяпер і ў лесе, і каля хаты. Ала Палікарпук, гаспадыня сядзібы, лічыць, што найпрыгажэй тут у маі, калі цвітуць краскі, і потым, як распускаюцца ружы. Відаць, так. Толькі вясной не адчуеш гэтай асаблівай цішыні і паху вільготнага лісця ў сонечны дзень — таго, што навявае велічны восеньскі спакой і роздум.

З горада — у вёску

Дом Палікарпукоў стаіць у такім маляўнічым месцы, што тут, здаецца, сама прырода падказала пра мэтазгоднасць заняткамі агратурызмам. Сядзіба губляецца сярод дрэў, побач — рака. Але да цяперашняга свайго статусу Ала і Сяргей прыйшлі не адразу. Яны з тых гараджан, што пакінулі горад і пераехалі жыць у вёску. У пачатку дзевяностых муж і жонка стаялі ў чарзе на кватэру ў Кобрыне. Ён працаваў у будаўнічай галіне, яна — мастак-афарміцель. Але чарга рухалася марудна. Бацька Алы падказаў, што лепш набыць дом у вёсцы ды заняцца будаўніцтвам. Так і зрабілі: купілі старэнькую хату недалёка ад горада, падрамантавалі яе ды пачалі будаваць свой дом. А тая старая хаціна, якой 107 гадоў, зараз увайшла ў іх агульны, можна сказаць, турысцкі комплекс. Тут зрабілі рамонт. І адзін пакой зараз служыць банкетнай залай у стылі рэтра, а ў другім можна размяшчаць гасцей.

Восень на Зарэчнай вуліцыСвой дом яны з мужам пабудавалі ўласнымі рукамі. Толькі ўзвесці дах наймалі рабочых. І цяпер у пакоях на першым і другім паверхах можна размясціць да 15 чалавек. Але ў той час пра гэта не думалі. Зарэгістраваліся як фермеры, узялі гектар зямлі, пасадзілі сад. І цяпер на невялікай плошчы яны гадуюць саджанцы пладовых дрэў на продаж. Яшчэ вырошчваюць трохі агародніны, найбольш для ўласных патрэб, гадуюць трусоў і птушку.

Алін канёк як гаспадыні аграсядзібы — гэта кухня. А для прыгатавання смачных і якасных страў, лічыць яна, патрэбныя не магазінныя прадукты, а свае, натуральныя. У яе з магазіна хіба мука ды цукар. Мяса яна бярэ ў суседзяў-фермераў. Малако, смятана, тварог — таксама ад суседскай кароўкі. Агародніна і зяленіва з агарода, грыбы, ягады — з лесу. Нездарма ж у кнізе водгукаў трапляюцца такія ўзнёслыя словы — ну проста оды яе кухні.

Кулінарны конкурс

А ў канцы жніўня сядзіба "На зарэчнай вуліцы" прымала ўдзельнікаў кулінарнага конкурсу. Такія конкурсы праводзіліся і ў два папярэднія гады, але тады збіраліся толькі беларускія каляжанкі Алы Палікарпук. А цяпер да дзесяці беларусак далучылася сем гаспадынь з Польшчы, і разам яны паказалі цуды кулінарнага мастацтва. "Такія сустрэчы вельмі ўзбагачаюць кожную з нас, — гаворыць Ала Аляксееўна, — мы вучымся адна ў адной. І пасля конкурсу стол кожнай гаспадыні сядзібы становіцца больш разнастайны і прыгожы. Вядома, чым часта грашаць нашы зямлячкі — няўменнем як след аформіць і падаць страву. А цяперашні турыст разборлівы, ён хоча не толькі смачна паесці, але і атрымаць эстэтычную асалоду ад абеду ці вячэры. Гэта трэба ўлічваць".

Аднойчы на семінары па агратурызме ў Мінску прыводзілі вынікі анкетавання замежных турыстаў, якія едуць да нас. На першым месцы сярод фактараў выбару яны пазначылі бяспеку знаходжання, на другім — прыроду, на трэцім — кухню. Харчаванне — вельмі важны аспект прыёму гасцей, і Ала вырашыла зрабіць асновай свайго стала беларускую кухню — тое, чаму яна навучылася ад мамы, бабулі. Таму сваім гасцям яна найперш прапануе мачанку, дранікі, бульбяныя скрылькі, галубцы, хатнія каўбаскі, бабку. Ад іншых гаспадынь на конкурсах навучылася гатаваць курыцу з грыбамі у кляры, цэпеліны-дранікі з курынай начынкай і шмат іншага.

Калі госці галодныя і не вельмі

З харчаваннем гасцей бываюць розныя сітуацыі, ледзь не анекдатычныя. Аднойчы ў яе прыпыняліся галандскія веламарафонцы. Старалася, гатавала з улікам таго, што людзі сотні кіламетраў педалі круцяць, павінны адпаведна і падмацоўвацца. Ды ледзь не ў апошні момант ёй патэлефанавала гаспадыня сядзібы, дзе яны адпачывалі напярэдадні. У групе веласіпедыстаў былі вегетарыянцы. І яны заставаліся практычна галоднымі, бо тыя гаспадыні таксама разважалі, як яна: трэба як след накарміць, усё гатавалі з мясам. І бедныя вегетарыянцы харчаваліся адным хлебам з памідорамі. Да Алы яны ўжо прыехалі ледзьве ногі цягнучы. Але яна паспела, і слоены торт з грыбамі, і грэцкую кашу ў гаршчочках, і іншыя стравы падрыхтавала. Ну і ад'ядаліся ўжо яны!

А з японскай турысткай было ўсё наадварот. Прыехала 21-гадовая падарожніца з вялізным рукзаком за плячыма. Мовы не ведае ні рускай, ні англійскай. Як з ёй гаварылі, асаблівая гісторыя. А чым карміць японку, Ала нават прыблізна не ўяўляла. Вырашыла: пакладу ўсяго патроху, нешта ж яна захоча выбраць. Так і зрабіла. А госця, маленькая, худзенькая, сядзела і дзве гадзіны... ела, нават хлеба не засталося. Потым старэйшая дачка сказала: у іх такія звычаі, што трэба з'есці ўсё, каб не пакрыўдзіць гаспадара. Многаму даводзіцца вучыцца падчас стасункаў з людзьмі. У тым ліку і нейкім нацыянальным асаблівасцям.

Хто нас будзе кусаць у гэтай рэчцы?

Ала любіць прымаць гасцей. Кажа, што цікава размаўляць з прадстаўнікамі розных краін: узбагачаешся, вучышся. У яе пабывала практычна ўся Еўропа, былі турысты з Канады, Аўстраліі, Ізраіля, Японіі, краін Афрыкі. Аўстралійцы ў спёку падышлі да рэчкі і адразу пытаюць: "Хто нас будзе кусаць у гэтай рацэ?". Давялося тлумачыць, што кракадзілаў у нас няма, піраній таксама, а шчупакі і карасі вельмі мірныя істоты, ніхто не ўкусіць, калі будзеш сядзець у вадзе хоць дзве гадзіны.

Восень на Зарэчнай вуліцыІзраільскія турысты шукалі свае карані. Іх продкі некалі выехалі з гэтых мясцін, і людзям хацелася знайсці хоць бы тое месца, дзе стаяла родная вёска дзядоў. Кітайскія госці вельмі ўзрадаваліся магчымасці ўбачыць выступленне рыцарскага клуба з Кобрына.

Палікарпукі прапаноўваюць гасцям вельмі разнастайную культурную праграму. На святы Ражства, Купалля, Новага года праводзяцца мерапрыемствы ў палескіх традыцыях. На перадкалядную куццю і Каляды ўжо замоўленыя месцы турыстамі з Масквы. На куццю Ала гатуе 12 посных страў, стол накрываецца сенам, засцілаецца абрусам, і ўсё праходзіць згодна з абрадамі Кобрыншчыны.

Кот, сабака і рабое парася

Масквічы сёлета былі ў сядзібе "На Зарэчнай вуліцы" ўсё лета. А калі ў Маскве павіслі дым і смог, званілі кожны дзень, і не было магчымасці прыняць усіх ахвотных. Ёсць і пастаянныя госці з вялікіх гарадоў. Гэта пераважна сем'і з дзецьмі. Ім тут раздолле: адно тое, што можна бегчы, куды хочаш, прыводзіць малых у захапленне. А экскурсія да хатніх жывёл — асаблівая "фішка". Дзеці вялікага горада, на жаль, часта не могуць адрозніць карову ад каня. Стасункі з жывымі катом, курамі, трусінай сям'ёй прыносяць ім найвялікшае задавальненне. Летам малы масквіч не адыходзіў ад суседскага рабога парасяці гадзіны паўтары: і шакаладкай яго карміў, і палачкай мацаў, і размаўляў з ім.

Не толькі работа

Пытаю, ці не надакучвае ёй вэрхал у хаце цэлы сезон, вечнае гатаванне, як на вяселле. Кажа, што не, наадварот, падабаецца сустракаць, прывячаць, чуць словы ўдзячнасці. Аднойчы госця з Польшчы дапытвалася: "Мабыць, пані не спала ўсю ноч, што прыгатавала такі стол?" Яна рана ўстае, але ўсё паспявае. Дапамагаюць дочкі. Старэйшая мае сям'ю, жыве ў горадзе, калі трэба, прыязджае дапамагчы. Малодшая жыве з бацькамі і, вядома, дапамагае. А на плячах мужа ўся гаспадарка трымаецца.

Але таксама падабаюцца стасункі з людзьмі, падабаецца, калі даведваешся пра нешта новае. Яна навучылася распазнаваць тых, хто едзе "на прыроду" са скрыняй гарэлкі. Такія групы найчасцей атрымліваюць адмову. Але ж часцей едуць тыя людзі, што ўмеюць ацаніць прыгажосць прыроды і гасціннасць гаспадароў. Замежнікаў яна любіць за тое, што беражліва ставяцца да прыроды, да раслін. Кожную травінку, кожную краску, кожны грыб будуць фатаграфаваць, разглядаць, а не зачэпяць. Любіць, калі прыязджаюць людзі адукаваныя, зацікаўленыя паглядзець нашы выбітныя мясціны. Многіх яна водзіць да каменнага лежака — галоўнай славутасці навакольных вёсак. Ён тут — за паўтара кіламетра. Якіх толькі версій-легендаў не нарадзіў гэты камень! І з імем Кацярыны ІІ яго звязвалі, і гаварылі, што гэта камень-кат, да яго нібыта на ноч прывязвалі людзей і за ноч ён выцягваў жыццё. А прафесар з С.-Пецярбурга зірнула на камень і сказала, што гэта тыповае язычніцкае ложа для зачацця. Калі гэта так, то продкі-язычнікі былі болей чым экстрэмалы.

*  *  *

Зараз у Брэсцкай вобласці працуе каля 120 аграэкатурыстычных сядзіб. Мікалай Казак, сакратар абласнога аграпрамысловага саюза — арганізацыі, пры якой працуе грамадскі савет па развіцці аграэкатурызму, — сказаў, што сядзіба "На зарэчнай вуліцы" вылучаецца сярод іншых не толькі гасціннасцю, цікавым падыходам да выкарыстання культурных традыцый — яна стала своеасаблівым метадычным цэнтрам для суседзяў у плане паляпшэння харчовага абслугоўвання турыстаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Фота аўтара і з архіва гаспадароў сядзібы.

Кобрынскі раён.

Слоены торт з грыбамі ад Алы Палікарпук: Прыгатаваць слоенае цеста. Можна купіць гатовыя каржы "Напалеон". Грыбы пасмажыць альбо адварыць, змяшаць з цыбуляй, дадаць маянэзу. Сумессю змазаць каржы, верх упрыгожыць на вашу фантазію. Трэба толькі папярэджваць гасцей, што гэта не салодкая страва, а, хутчэй, закуска. У Алы адзін француз карцінна аблізваў пальчыкі пасля частавання тортам.

←Белорусские маркетологи и пиарщики подумают над продвижением страны

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика