Кароль Стах загаворыць на чатырох мовах. А адзін з гарадоў Беларусі стане культурнай сталіцай СНД
Напярэдадні прафесійнага свята — Дня работнікаў культуры — міністр культуры Павел Латушка расказаў, што ў хуткім часе чакае беларусаў у сферы культуры і мастацтва. Многае з гэтага ўжо ўключана ў распрацаваны Міністэрствам культуры праект дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011—2015 гады. Паводле слоў міністра, у снежні пачне працаваць узноўлены Інстытут культуры Беларусі. Пры арганізацыях культуры з’явяцца апякунскія саветы, а ўсе тыя, хто ўкладвае сродкі ў сферу культуры, атрымаюць падатковыя льготы. На прыкладзе выставы сучаснага выяўленчага мастацтва “Зямля пад белымі крыламі” ў 2011-м будзе праведзена Рэспубліканская выстава манументальнага мастацтва. Міністэрства культуры працуе над папулярызацыяй беларускага мастацтва за мяжой. Хутка беларусаў чакае прэзентацыя выдання Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” на беларускай, рускай, украінскай і англійскай мовах. Па дамоўленасці Прэзідэнтаў Беларусі і Украіны сёлета ў Кіеве з’явіцца помнік Караткевічу. Мяркуецца, у Варшаве будзе пастаўлены помнік Купалу і Коласу, а ў Вільні на вуліцы Полацкай — Скарыне. На адным з пасяджэнняў міністраў культуры СНД зацікавіла ідэя культурнай сталіцы ў Беларусі. Было вырашана правесці такі праект у рамках СНД. Мяркуецца, ён стартуе ў адным з гарадоў нашай краіны.