Уладзімір Дарапіевіч: "У сталіцы будуецца 80 працэнтаў жылля менавіта для чаргавікоў"

Источник материала:  

Па чутках і аўтарытэтна

Ужо на працягу месяца ў інтэрнэце і сярод мінчан гуляе пагалоска пра тое, што ў бліжэйшыя гады ў Мінску будуць будаваць жыллё па дзяржаўных расцэнках толькі для льготнікаў (шматдзетных сем'яў, перспектыўных спартсменаў, музыкантаў, навуковых работнікаў і г.д.), па свабодных цэнах будзе будавацца камерцыйнае жыллё для багатых, а сярэднестатыстычнаму звычайнаму чаргавіку пачнуць прапаноўваць толькі жыллё ў гарадах спадарожніках...

— Гэтыя чуткі нічым не абгрунтаваныя, — паведаміў рэдакцыі намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвага будаўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Уладзімір Дарапіевіч. — На ўсіх пустых тэрыторыях побач з кальцавой дарогай і на незабудаваных плямах горада будуць рыхтавацца будаўнічыя пляцоўкі для ўзвядзення шматкватэрных шматпавярховых дамоў менавіта для асобаў з патрэбай у паляпшэнні жыллёвых умоў. Толькі на тэрыторыях старой сядзібнай забудовы, дзе прагназуецца знос, будуць падрыхтаваны будпляцоўкі, якія на пэўных умовах перадаюцца інвестарам. Там, на выбар, можа весціся будаўніцтва сапраўды дарагіх дамоў, а таксама ўзвядзенне звычайных панэльных дамоў па лініі долевага будаўніцтва. У долевым будаўніцтве ўсё часцей прымаюць удзел менавіта чаргавікі.

Сёлета ў Мінску будзе пабудавана 1 млн 200 тысяч квадратных метраў жылля. План на наступны год яшчэ не зацверджаны, але аб'ём жыллёвых "квадратаў" будзе не меншы. Акрамя таго, дадаткова плануецца будаваць жыллё для сталічных чаргавікоў у Смалявічах. Уладзімір Дарапіевіч спецыяльна ўдакладніў, што сілком прымушаць будаваць жыллё ў гарадах-спадарожніках нікога не будуць.

Як адзначыў днямі журналістам дырэктар праектна-даследчага КУП "Мінскграда" Аляксандр Пятроў, у сталіцы ёсць рэзервовая тэрыторыя плошчай каля 24 тысяч гектараў. Да 2015 года будзе асвоена 3,5 тысячы гектараў. Згодна з новым генеральным планам развіцця Мінска, да 2015 года ў сталіцы будуць жыць 1,9 млн чалавек, да 2030 года — ужо каля 2 мільёнаў. Прагназуецца, што да гэтага часу плошча жыллёвага фонду галоўнага мегаполіса краіны падвоіцца і будзе каля 62 млн квадратных метраў. Аляксандр Пятроў лічыць, што Мінск з'яўляецца самым кампактным горадам сярод іншых еўрапейскіх сталіц. Сёння яго плошча складае 308 квадратных кіламетраў.

Сяргей КУРКАЧ.

←Сяргей Мартынаў і Юзаф Томка абмеркавалі візыт Бенедыкта XVI

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика