З панядзелка яшчэ пахаладае і пройдзе першы мокры снег
У выхадныя на тэрыторыі Беларусі захаваецца малавоблачнае без ападкаў надвор'е, паведаміў рэдакцыі начальнік службы гідраметэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметцэнтра Дзмітрый Рабаў.
У суботу і нядзелю на большай частцы тэрыторыі краіны ўначы замаразкі да мінус 5 градусаў, месцамі — 1—3 цяпла, удзень — 8—13. Ужо з панядзелка надвор'е сапсуецца. Праз тэрыторыю Беларусі пачнуць рухацца актыўныя атмасферныя франты, услед за якімі да нас будзе паступаць больш халоднае арктычнае паветра. Тэмпература ўначы ў панядзелак ад плюс 3 да мінус 3, удзень — 3—10 цяпла. Уначы на поўначы краіны, а ўдзень месцамі кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу, магчымы мокры снег.
У аўторак, сераду і чацвер стане яшчэ халадней. Уначы будзе падмарожваць да 0 — мінус 5, удзень — толькі 0—7 цяпла. Месцамі чакаюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Уначы і раніцай на асобных участках дарог галаледзіца, месцамі слабы галалёд. Як пажартаваў Дзмітрый Рабаў: "Калі да гэтага часу нехта з аўтааматараў не памяняе на сваіх машынах "гумавы абутак" на зімовы фасон — мы невінаватыя".
Сяргей КУРКАЧ.