Да людзей — па-людску
Тыднёвага рамонту чакалі 9 гадоў
У мінулыя выхадныя ў Шаткоўскіх з вёскі Мазалава Мсціслаўскага раёна было свята: сям'я нарэшце засялілася ў сваю кватэру. Таццяне Уладзіміраўне 38 гадоў, яна працуе вартаўніком у дзіцячым садку. Муж Віктар Уладзіміравіч — жывёлавод. У іх двое дзяцей: хлопчыку цяпер 14 гадоў, а дзяўчынцы — 12.
— Калі дачка была маленькая, то аднойчы ёй на галаву ледзь не ўпала люстра — муж неяк паспеў падхапіць, — узгадвае Таццяна Уладзіміраўна падзеі 2001 года. — Мы з таго часу заўважылі, што на столі з'явіліся расколіны, пліта стала правісаць, зверху падалі нейкія кавалкі. Мы звярнуліся ў жылкамунгас, і з-за аварыйнай сітуацыі нас выселілі з нашай 3-пакаёвай кватэры ў 2-пакаёвую па суседстве. За тым часам казалі, што гэта на два тыдні, максімум на месяц, пакуль разбяруцца і зробяць рамонт.
У чаканні прайшлі доўгія гады. Гаспадыня спачатку чакала, потым прасіла. Але ёй тлумачылі, што грошай няма, зноў прасілі патрываць і пачакаць. І яна трывала, пакуль яе ўласную кватэру не пераўтварылі ў інтэрнат для будаўнікоў, якія рабілі ў вёсцы газаправод. Таццяна Уладзіміраўна спрабавала перашкодзіць засяленню, патрабавала парадку, спрабавала не даць ключы. Але ўсё дарэмна: каля дзясятка мужчын жылі некалькі месяцаў у кватэры.
"У выніку стан кватэры яшчэ больш пагоршыўся: шпалеры абарваныя, плітка ў прыбіральні і ваннай выламаная, у адным з пакояў на падлозе дзірка, на балконе — сметнік," — гаворыцца ў матэрыялах Камітэта дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці.
— Я прадбачыла, што яны мне ўсё разбураць, і не ведала, дзе шукаць справядлівасці, — прызнаецца Шаткоўская.
Апошняй надзеяй для Таццяны Уладзіміраўны стала аб'ява пра прыём людзей у межах маніторынгу стану спраў на месцах па арганізацыі работы з грамадзянамі.
— Не дарма схадзіла, — пацвердзіла жанчына. — Таму што неўзабаве высветлілася, што нашай кватэры няправільна паставілі "дыягназ".
Пасля ўмяшання ў сітуацыю КДК на наступны ж дзень у кватэры Шаткоўскіх з'явіліся спецыялісты інстытута "Магілёўграмадзянпраект". Яны знайшлі, што пліта не з'яўляецца аварыйнай, а была пры будаўніцтве няправільна зманціраваная. Для выпраўлення дэфекту патрабуецца максімум некалькі тыдняў.
— Нам зрабілі рамонт, і мы нарэшце дома, — пацвердзіла Таццяна Уладзіміраўна. — Асабліва радуюцца дзеці, якія атрымалі асобны пакой. Дзякуй усім людзям, якія з разуменнем паставіліся да нашай праблемы.
У Камітэце дзяржкантролю вырашылі, што жанчына гадамі чакала вырашэння дробязнай праблемы з-за бяздзейнасці службовых асобаў. Цяпер вінаватыя ў 9-гадовых пакутах вясковай сям'і прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці. Начальнік участка Мсціслаўскага жылкамунгаса вёскі Мазалава вызвалены ад займаемай пасады.
"Узрушэнне" вобласці
Як і ў іншых рэгіёнах Беларусі, улетку ў Магілёўскай вобласці прайшоў маніторынг стану спраў па арганізацыі працы з грамадзянамі, разгляду іх зваротаў і вырашэнні надзённых праблем. Узначаліў магілёўскую групу намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Агееў.
Тры этапы маніторынгу ахапілі ледзь не палову вобласці: прыёмы прайшлі ў Магілёўскім і Бабруйскім гарвыканкамах, у Магілёўскім, Асіповіцкім, Клімавіцкім, Горацкім і Мсціслаўскім раёнах.
Народу было шмат: на прыёмы трапілі 274 чалавекі. На "гарачыя" тэлефонныя лініі патэлефанавалі 166 чалавек. Паралельна працоўная група рабіла маніторынг устаноў, куды часта звяртаюцца грамадзяне, і вывучала меркаванне насельніцтва пра мясцовыя ўлады шляхам анкетавання.
— Вобласць атрымала пэўнае "ўзрушэнне": многія пытанні па сутнасці вырашыліся яшчэ ў той перыяд, калі працавала рабочая група, — пракаментаваў начальнік аддзела зваротаў грамадзян і арганізацыйнай работы КДК Магілёўскай вобласці Алег Карабан. — Але таксама важна, што падчас маніторынгу выявіліся службовыя асобы, якія, працуючы са зваротамі грамадзян, знаходзілі "лепшы" шлях не вырашаць і не рабіць — гэта проста адмахнуцца ад чалавека і яго праблем. І ў дачыненні да іх зробленыя пэўныя высновы. Таму што трэба, каб на гэтых пасадах працавалі кваліфікаваныя, кампетэнтныя супрацоўнікі. Нічога звышнатуральнага ад іх не патрабуецца: толькі выконваць свае службовыя абавязкі.
У выніку маніторынгу 79 службовых асобаў прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці. З іх 8 чалавек — да адміністрацыйнай, з грашовымі спагнаннямі.
У Камітэце дзяржкантролю не ўтойваюць, што частка людзей звярталася падчас маніторынгу з праблемамі, вырашэнне якіх супярэчыць заканадаўству. Часам здараецца, што скаржнікі патрабуюць проста немагчымага альбо іх проста цікавіць не столькі вынік візіту, колькі працэс стасункаў з кіраўніцтвам. "Але большасць пытанняў задаваліся па тэме", — запэўніў Алег Карабан.
"Зрабілі ўсё, і нават болей"
— Я хачу падзякаваць Аляксандру Агееву, Ліліі Чыгір (старшыня КДК Магілёўскай вобласці), Прэзідэнту, — не хавае эмоцый выхавацелька дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Клімавічах Ірына Моцная. — Нізкі паклон гэтым людзям за ўсё, што яны зрабілі для нас і дзяцей.
Праблему гэтай жанчыны, якая прыйшла на прыём Аляксандра Агеева падчас маніторынгу, у Камітэце дзяржкантролю называюць "абуральным фактам абыякавасці чыноўнікаў да лёсу шматдзетнай сям'і".
Ірына Моцная — педагог, яе муж — майстар па рамонце гадзіннікаў. Любоў да дзяцей прывяла гэтую сям'ю, якая выхоўвае дваіх сваіх дзяцей, да стварэння дзіцячага дома сямейнага тыпу. Цяпер тут жыве 7 дзяцей, узрост якіх ад 7 да 15 гадоў. Яшчэ нядаўна іх было 8, але старэйшы выхаванец цяпер пайшоў на свой хлеб, хоць і застаецца членам іх вялікай і дружнай сям'і.
Два гады таму для дзіцячага дома быў гатовы будынак, грошы на які ў асноўным выдаткаваў рэспубліканскі бюджэт. Аднак ужо першы халодны сезон выявіў праблемы: холад і сырасць — вынік няякаснага будаўніцтва.
У матэрыялах КДК гаворыцца: "Выяўлены шматлікія дэфекты пры ўстройстве даху, сляды ад працёкаў на верандзе і ў жылых пакоях, сырасць у кацельнай, расколіны на знешніх сценах дома, адсутнасць прадугледжаных праектам агароджаў на лесвіцы на другі паверх, дзе месцяцца дзіцячыя пакоі. Як выявілася, за два гады будаўнічая арганізацыя толькі пагоршыла сітуацыю..."
— Я была ў разгубленасці і асцерагалася, каб не зрабіць горш, — прызнаецца цяпер жанчына. — Але размова ішла пра дзяцей і іх здароўе. Дзве зімы яны спалі апранутыя, мерзлі, часта хварэлі. Хто, калі не я, пра іх паклапоціцца? Таму вырашыла ісці за іх да канца.
Цяпер, пасля візіту Моцнай на прыём да Аляксандра Агеева, усе праблемы вырашаныя. На гэта спатрэбілася не так шмат часу — крыху больш за месяц. Будаўнікі, у прыватнасці, поўнасцю перакрылі дах.
— Нам не проста ліквідавалі будаўнічыя дэфекты, а яшчэ зрабілі і больш, каб сям'і было зручна жыць у доме, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна. — І я шчаслівая, што ў нашай дзяржаве можна знайсці справядлівасць.
Вінаватыя ў тым, што Ірына Моцная так доўга яе шукала, пакараныя.
— Я хачу заўважыць, што выхавацелька, па сутнасці, клапацілася пра дзяржаўную ўласнасць на тэрыторыі раёна, — сказаў Алег Карабан. — Гэты будынак для дзіцячага дома ніколі не будзе належаць ёй асабіста. Таму пра тое, што ў ім непарадак, павінна была клапаціцца не сям'я, а менавіта прадстаўнікі ўлады. А яны бяздзейнічалі.
Гэты выпадак стаў адной з прычын адстаўкі старшыні Клімавіцкага райвыканкама.
Увага на ЖКГ
— Нам многім удалося дапамагчы, — так ацэньвае вынікі маніторынгу начальнік аддзела зваротаў грамадзян КДК Магілёўскай вобласці. — Можна нават сказаць, што паспрыялі ўсім, хто звярнуўся да працоўнай групы і чые пытанні не супярэчылі заканадаўству. Хоць, безумоўна, шэраг пытанняў, якія патрабуюць выдаткавання значных грошай для іх вырашэння альбо часу для выканання нейкіх работ, застаўся ў нас на кантролі.
Зробленыя вывады з апытання людзей. Урны для анкет стаялі на першых этапах маніторынгу ў людных месцах, і грамадзяне мелі магчымасць выказаць усе свае прэтэнзіі.
— Большасць ставіцца да ўлады станоўча, — сказаў Алег Карабан. — Але трэба адзначыць, што больш за ўсё людзі скардзяцца на працу жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Гэтая сфера патрабуе ўвагі.
Патрабуе значных сродкаў рамонт старога жылля, падтрыманне яго ў належным стане. Напрыклад, у Клімавічах ёсць жылыя дамы ў некалькі паверхаў, пабудаваныя яшчэ ў савецкі час, шмат гадоў таму.
— Паблізу парку ў раённым цэнтры, дзе праходзіць міжнародны фестываль дзіцячай творчасці, жыллё прыведзенае ў парадак, — расказвае Алег Карабан. — Але далей углыб — трухлявыя дамы, пафарбаваныя толькі з фасадаў. Гэта камуфляж, а насамрэч там без выгодаў жывуць у асноўным старыя людзі. І ніякай праграмы па рамонце гэтага жыллёвага фонду няма. Працёк дах — падлаталі, і няхай далей стаіць. А выйсце заўсёды ёсць, гэтым трэба займацца.
У Камітэце дзяржкантролю лічаць, што прайшоўшы маніторынг дае чыноўнікам урок на будучае. Вядома, часам здараюцца памылкі з-за розных абставінаў. Але галоўнае — каб яны не сталі стылем працы. Гэта выснова найперш датычыцца самых нізавых інстанцый: напрыклад — ад майстра ЖЭУ, да якога прыйшлі з праблемай жыхары. І калі гэты майстар вырашыць яе і зробіць належным чынам сваю працу, то людзі не будуць звяртацца да органаў улады са сваімі скаргамі.
Ілона Іванова.