РОЗГАЛАС
На працягу апошняга тыдня (з 27 верасня па 3 кастрычніка) у сталічныя ўстановы аховы здароўя з прастуднымі захворваннямі звярнуліся 24 901 чалавек. Большую палову захварэлых (56 працэнтаў) склалі дзеці і падлеткі. Умераны рост (на 7 працэнтаў) захваральнасці вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі ў параўнанні з папярэднім тыднем адзначаўся сярод дзяцей ва ўзросце да 6 гадоў. Затое сярод падлеткаў 15—17 гадоў назіралася зніжэнне захваральнасці на 30 працэнтаў.
Як сцвярджаюць у сталічнай санэпідслужбе, за прайшоўшыя 6 тыдняў актывізацыі ВРВІ прычынамі захворвання мінчан на прастуду станавіліся рэспіраторна-сінтыцыяльныя вірусы, адэнавірусы і змешаныя формы інфекцыі. Вірусы грыпу лабараторна пакуль не выяўляліся.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Выратавалі з дома і з машыныУ Віцебску ў кватэры на трэцім паверсе пяціпавярховага жылога дома па вуліцы Церашковай сярод белага дня адбыўся пажар. Выратавальнікі дапамаглі выбрацца з ахопленай агнём кватэры гаспадару, ягонай жонцы і знаёмаму. Яны шпіталізаваныя з атручваннем прадуктамі гарэння. З верхніх паверхаў выратавальнікі эвакуявалі двух чалавек. Мяркуемая прычына пажару — неасцярога пры курэнні.
У той жа дзень праз некалькі гадзін выратавальнікі выехалі на месца аварыі. У Полацкім раёне ў выніку сутыкнення двух легкавых аўтамабіляў пасажыр адной з машын аказаўся ў "палоне". Выратавальнікі дапамаглі яму выбрацца — дэблакіравалі. Пацярпелы — у бальніцы.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
На 1000 мінчан — 1177 мінчанакЗгодна з вынікамі перапісу насельніцтва Беларусі 2009 года, у яе сталіцы жаночы твар. Мяркуйце самі: перапісчыкі налічылі тады 993 тыс. мінчанак, ці 54,1 % ад агульнай колькасці насельніцтва.
Як паведамілі ў Галоўным статыстычным упраўленні горада Мінска, пасля перапісу насельніцтва 1999 года колькасць жанчын з мінскай прапіскай павялічылася на 11,3 % пры павелічэнні агульнай колькасці сталічнага насельніцтва на 9,3 %.
Пры гэтым узрост сярэднестатыстычнай мінчанкі з 1999 года павялічыўся з 36,9 да 39,7 года ў 2009 годзе.
Колькасць прадстаўніц цудоўнага пола працаздольнага ўзросту склала 61,4 %, старэй за працаздольны — 25,7 % ад агульнай колькасці жанчын. Летась яны складалі 54,1% ад агульнай колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва, занятага на прадпрыемствах і ў арганізацыях сталіцы. У 2009 годзе ў Мінску 16 513 жанчын узялі шлюб. Сярэдні ўзрост мінчанак, якія выйшлі замуж упершыню, склаў 25,2 года, паўторна — 37,8 года.
Віктар КУШНАРОЎ, "Мінск-Навіны".
"Мінск-Навіны". Загінулі непрышпіленыяАўтааварыя са смяротным зыходам адбылася раніцай 6 кастрычніка ў прыгарадзе Гродна.
Жанчына-кіроўца аўтамабіля "Фальксваген", праехаўшы закругленне дарогі, на жвіровым пакрыцці няправільна абрала хуткасць. Аўтамабіль павяло ўправа. У кювеце ён некалькі разоў перакуліўся, упаў на дах і стукнуўся ў слуп. Кіроўцу і пажылую пасажырку выкінула з салона машыны ў поле. Ад атрыманых траўмаў яны памерлі. Муж пасажыркі з траўмамі шпіталізаваны. Цяжару наступстваў спрыяла тая акалічнасць, што загінулыя не былі прышпіленыя рамянямі бяспекі.
Алег Дук,
старшы інспектар УДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама.
ДТЗ з фурманкай: дзве ахвярыУ вёсцы Зубры Горацкага раёна загінулі жонка і муж. Увечары 4 кастрычніка яны ехалі на фурманцы, якая перакулілася ў кювет і прыціснула ездакоў. На жаль, у момант здарэння навокал нікога не было, а целы 50-гадовага мужчыны і 45-гадовай жанчыны знайшлі толькі на наступную раніцу.
Алена Казлова.
Арыентацыя па адзіным нумарыУ горадзе Магілёве з'явіўся адзіны даведачны нумар для мясцовай улады — 142. Па гэтым нумары супрацоўнікі Магілёўскага гарвыканкама дапамогуць чалавеку зарыентавацца ў структуры ўлады. Яму падкажуць, куды трэба звярнуцца для вырашэння канкрэтнага пытання, а таксама ўдакладняць нумары, адрасы, прыёмныя дні і гадзіны чыноўнікаў. Аднак 142 — гэта не "гарачая лінія", куды можна паскардзіцца, а, хутчэй, тэхнічная кансультацыя для заяўніка.
Ул. інф.