"Чайка" з "Маскай"
Макавецкага ў спектаклі "Дзядзька Ваня" і славутую трупу Эйфмана пабачым у Мінску!
Каб наведаць лепшыя расійскія тэатры, не трэба ехаць за мяжу! Увесь гэты тыдзень яны самі будуць іграць у Мінску свае лепшыя спектаклі, прычым тры пастаноўкі адзначаныя самай прэстыжнай расійскай тэатральнай прэміяй "Залатая маска".
Такое тэатральнае шчасце прыходзіць да нас другі раз. Першы "Тэатральны тыдзень" з "Белгазпрамбанкам" быў прысвечаны Шэкспіру. Але ж сёлета тэатральная супольнасць свету адзначае 150-годдзе Антона Чэхава. Можна далучыцца, вядома, паглядзеўшы пастаноўкі паводле Чэхава беларускіх тэатраў. Але ж куды цікавей паразважаць: чым адметны спектакль "Вяселле" Купалаўскага і што асаблівага ў пастаноўцы Дзяржаўнага акадэмічнага Малога тэатра Расіі "Вяселле, вяселле, вяселле", якая распачне "Тэатральны тыдзень" 5 кастрычніка на сцэне Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў. Чым прыцягальныя "Тайныя нататкі тайнага дарадцы" Маскоўскага тэатра "Эрмітаж", бо гэты спектакль быў сёлета ў праграме Міжнароднага фестывалю імя Чэхава. Але ж у Мінску яго можна паглядзець 6 кастрычніка.
Аднак далей будзе магчымасць зразумець: за што ў Расіі даюць "Залатую маску"? Напрыклад, Дзяржаўнаму акадэмічнаму тэатру імя Яўгена Вахтангава. Напэўна, за тое, як там паставілі "Дзядзьку Ваню" Чэхава. За працу рэжысёра Рымаса Тумінаса, за ігру акцёраў, бо ў спектаклі галоўныя ролі выконваюць усім вядомыя зоркі Сяргей Макавецкі, Людміла Максакава, Уладзімір Удавічэнкаў, Уладзімір Сіманаў. Дзеля гэтага варта пайсці 7 кастрычніка ў Музычны тэатр.
У Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, вядома, хадзіць трэба, — каб хоць бы ведаць, што адбываецца цяпер у беларускім балеце. Але які прыхільнік гэтага мастацтва прапусціць выступленне Тэатра балета Барыса Эйфмана на нашай сцэне? Нам пашчасціць нават на два спектаклі: 8 кастрычніка — "Чайка", а 10 — "Ганна Карэніна" паводле Талстога. У кампаніі чэхаўскіх герояў Ганна Карэніна апынулася зусім не выпадкова — усе яны з рускай класікі, а ў гэтай трупе дык і яшчэ і з "Залатымі маскамі".
Ларыса ЦІМОШЫК.