Каса і "краса"
Да валасоў дзяўчыны або жанчыны ў традыцыйнай культуры ўсіх славянскіх народаў было асобае стаўленне. Іх укладка, характар завівання, некаторыя дадатковыя атрыбуты сведчылі аб сацыяльным статусе іх уладальніцы і яе характары.
Жанчыне катэгарычна забаранялася з’яўляцца на людзях з непакрытай галавой і распушчанымі валасамі.
Распушчаныя валасы лічыліся прыкметай "дурнога тону"; часцей за ўсё яны сімвалізавалі пераходны стан іх уладальніцы. Так, раней існаваў абрад, пры якім жанчына, якая страціла мужа, хадзіла з распушчанымі валасамі на працягу сарака дзён.
Распушчаныя валасы былі знакам "выключанасці" іх уладальніцы са свету традыцый і прынятых грамадствам культурных каштоўнасцяў.
У кантэксце вясельнага абраду валасам надавалася выключная ўвага. З імі выконваўся цэлы шэраг вельмі важных рытуальна-абрадавых дзеянняў.
Падчас "пасаду" жаніху крыжападобна выстрыгалі або выпальвалі валасы, нявесце некалькі разоў распляталі і запляталі валасы ў некалькі кос.
У касу нявесце ўпляталі "красу" (чырвоную стужку, якая выконвала ролю абярэга ад сурокаў нядобразычлівых гасцей).
На Навагрудчыне да гэтай пары захаваўся надзвычай змястоўны па сваёй сутнасці абрад: пасажоная (або хросная) маці брала некалькі валасінак з галавы жаніха і нявесты, скручвала іх, пераплятаючы паміж сабою, і спальвала, каб навечна злучыць маладых.
Пасля вяселля жанчына змяняла сваю прычоску: яна расчэсвала валасы на прабор, заплятала іх у дзве касы і ўкладвала ў выглядзе гнязда (сямейнага).
Аксана Катовіч, Янка Крук.