Сапегі і Сапежкі
Пазнаёміўшыся бліжэй з Сапегамі, разумееш: у гэтага населенага пункта на поўначы Сенненскага раёна доўга насіць сваё гістарычнае імя шанцы невялікія. Тут жыве толькі адна сям'я, якая працуе і гадуе дзяцей, ды і тая невядома як доўга яшчэ пратрымае адсутнасць крамы, школы, клуба, ФАПа. Астатнія жыхары (хопіць пальцаў адной рукі пералічыць) — пенсіянеры і ў большасці сваёй наведваюць Сапегі ў вяснова-асенні сезон, але і для іх жыццёвая інфраструктура не была б лішняй. Да гонару вяскоўцаў, усе яны ведаюць, што прозвішча Сапега — славутае ў гісторыі старажытнай Беларусі, і перакананыя, што жывуць на зямлі канцлера Вялікага Княства Літоўскага. І маюць рацыю, бо і Сянно з наваколлямі, суседнія Бешанковічы і не надта далёкія адсюль Чарэя і Дуброўна, згодна з гістарычнымі звесткамі, належалі гэтаму магнацкаму роду. Толькі якому? Ніхто з вяскоўцаў, аказалася, не ведае час першага ўпамінання населенага пункта. Таму, ці бываў тут сам аўтар Статута ВКЛ, ці хто іншы з Сапегаў, трэба даведвацца ў архіварыусаў. У час сённяшняй ажыўленай цікавасці да сваёй мінуўшчыны сучасныя гісторыкі яшчэ змогуць зрабіць шэраг нечаканых адкрыццяў.
З роду Сапежкаў паходзіць і пенсіянерка Ларыса Печкурова, жыццярадасная жанчына, не зважаючы на свой паважны ўзрост. Яна нарадзілася ў вайну, і, азіраючыся на мінулае, усё ж не лічыць сваё дзяцінства сумным і безвыходным. Кажа, што людзі тады працавалі сапраўды цяжка і шмат, але суседнічалі і сябравалі паміж сабою шчыра і мацней, як цяпер. І спявалі куды больш. Дзяцінства было галаднаватым, але не менш цікавым, чым у цяперашніх дзяцей, з вялікай прагай да пазнання і адкрыцця свету, прагай вучыцца. У памяць Ларысы ўрэзаліся дзве спеўныя і галасістыя жанчыны — Аўдоцця Бірукова і Настасся Сапежка, якія ніколі не вярталіся з поля ці фермы без песні.
— Іх слухала ўся вёска. Вельмі хораша сапегаўкі выводзілі на вяселлях і Купаллі! — прыгадвае Ларыса Кірылаўна Печкурова.
Яе суседка, Вольга Піскунова, нарадзілася ў 1933 годзе і добра памятае пераезд з хутара — час масавага перасялення і ўступлення ў калгас "Сталінец". Калгас славіўся паляводамі і асабліва сваімі жанчынамі-льнаводкамі, якіх пазней ушаноўвалі званнем "ганаровы калгаснік". Вонкавую сцяну бацькоўскай хаты Вольгі Піскуновай некалькі дзесяцігоддзяў не пакідае выцвілы здымак у рамцы яе матулі-ўдарніцы.
— На мінскіх вуліцах вісяць мемарыяльныя дошкі ў памяць вядомых людзей, дык чаму ў вёсцы на хаце не можа быць ганаровы знак? — перапытвае колішняя настаўніца.
Аляксандр Мядзведзеў па бабінай лініі таксама з Сапежкаў. Якраз у бабінай хаце ён часова пусціў свае карані, стварыў жывёлагадоўчы падворак, трымае ажно сем кароў. Афіцыйна працуе малаказборшчыкам і прызначаны ў вёсцы старастам. Сваіх маленькіх дачок штораніцы возіць у школьную ўстанову ў суседнюю вёску Машчоны. Паколькі ніякіх перспектыў Сапегі не маюць, раней ці пазней сям'я збіраецца перабрацца бліжэй да райцэнтра.
У жыхара з трохгадовым пенсійным стажам Васіля Мохарава намераў мяняць від на жыхарства няма. Трыццаць гадоў таму ён прыехаў у Сапегі з Добрушскага раёна Гомельшчыны. Адбудаваўся, прыжыўся, разгаспадарыўся. Дапамагаў іншым узводзіць хаты і прыбудовы, цяпер сячэ і складае лазні.
— Мне тут добра. Усё, што трэба для нармальнага вясковага жыцця, маю! Ёсць конь, карова, сад-агарод. Калі ў чалавека добрае здароўе і ўмелыя рукі, у яго ўсё атрымаецца! — з аптымістычнымі ноткамі разважае колішні калгасны механізатар.
Сёлета ў Сапегах не надта добры ўраджай бульбы, затое яблыкаў — колькі хочаш. А вось грушы старадаўняга летняга сорту "сапяжанка", некалі вельмі пашыранага на Беларусі, ні ў адным сапегаўскім садзе не знайшоў. Ці паходзіць гэты садавінавы гатунак ад магнацкага роду — ні Васіль Мохараў, ні ягоныя суседзі-пенсіянеры не ведаюць і таму параілі звярнуцца да вядомага раённага краязнаўцы, школьнага настаўніка з Сянно Васіля Бандарэвіча, бо ў раённай газеце неаднойчы чыталі ягоныя нататкі пра розныя мясціны гэтага краю, пра паданні і легенды. Я вырашыў звярнуцца па дапамогу да краязнаўцы і вось пра што даведаўся.
— Канцлер ВКЛ Леў Сапега да гэтай вёскі дачынення не меў, на сенненскай зямлі ў першай палове 16 стагоддзя жыў ягоны далёкі сваяк, збяднелы папярэднік Дзмітрый Фёдаравіч Сапега, які стаў вядомы і тым, што ўзвёў у Сянно замак. Першага згадвання пра вёску, нажаль, не знойдзена, — удакладніў па тэлефоне Васіль Бандарэвіч.— Прозвішча Сапега некалі было вельмі распаўсюджанае, і неабавязкова гэта былі заможныя людзі. Хутчэй за ўсё першымі жыхарамі Сапегаў з'яўляліся прыгонныя сяляне менавіта з гэткімі прозвішчамі. Што датычыцца садавіны, і ў прыватнасці грушы сорту "сапяжанка", дык версія, што гэты гатунак — які ці з'явіўся ў той далёкі час, ці вельмі падабаўся Сапегам, — мае права на існаванне.
Са слоўніка тапанімічных назваў пад рэдакцыяй Жучкевіча даведаўся, што ў Беларусі нават дзве вёскі Сапегі. Другая — у Бешанковіцкім раёне. Няўжо і там не захавалася старажытнае і славутае прозвішча?
Анатоль Кляшчук.
Фота аўтара.