Хто чытае, той і мае!
...Што і казаць: сярод равеснікаў і землякоў Ніны Іванаўны Зуевай няшмат пастаянных падпісчыкаў і чытачоў газет. Многія (вайна, Чарнобыль... З усімі адсюль наступствамі) ужо проста сышлі ў лепшы свет, многія дрэнна бачаць ці эканомяць грошы.
Ніна Іванаўна — не: у добрае надвор'е раніцай яна спускаецца ўніз са свайго дзявятага паверха, з паштовай скрынкі забірае "Звязду", а там рукой падаць да лавачкі ля пад'езда.
— Ты ўсё чытаеш?! — вітаюць яе сяброўкі.
Цяпер яна ведае, што адказаць:
— А хто чытае, той і мае!
Бо ў апошнім розыгрышы прызоў выйграла — ні многа, ні мала — звяздоўскі "Віцязь".
Заканамерныя пытанні: ці разлічвала, ці чакала?
Як кажа, не. Газету з мужам, на жаль, ужо нябожчыкам, сталі выпісваць амаль 20 гадоў таму, адразу пасля таго, як пераехалі ў Мінск, бо хацелася чытаць па-свойму, па-беларуску. Карткі на розыгрыш не дасылалі амаль ніколі, а тут проста аказія была — перадалі ў рэдакцыю...
Аднак у выйгрыш не верылі, нават тады, калі прачыталі ў газеце. Падумалі, што Мінск жа вялікі: тут, можа, Зуева і не адна.
Да таго ж гэтую — Ніну Іванаўну — лёс ніколі не песціў: сорак гадоў адпрацавала цялятніцай у роднай вёсцы Халоблін на Чэрыкаўшчыне (муж — пастухом), разам вялі гаспадарку, гадавалі і вучылі траіх дзяцей...
А потым выбухнуў Чарнобыль.
— Цяжка перажылі!.. Спачатку, — успамінае Ніна Іванаўна, — браліся высяляць тых, у каго малыя дзеці, затым пагалоска пайшла, што трэба ўсіх. Мы сваё дабро ўжо ў мяшкі паскладалі... Дык жа не, казалі, што ўсё трэба кінуць... Сорак гадоў рабіць, зарабляць — і ні з чым застацца...
На шчасце "на тым версе" зноў перадумалі. Зуевы пераехалі толькі праз тры гады — бліжэй да дзяцей...
Але ж, нягледзячы ні на што — на блізкасць дачок (сына не стала ў 33) і ўнукаў, асобную кватэру з усімі выгодамі, добрых суседзяў — на радзіму, як кажа Ніна Іванаўна, па-ранейшаму цягне: сумуе яна па вёсцы, па людзях.
І хварэе: баляць ногі, якія, лічы, сорак гадоў не ведалі іншага абутку, апроч гумовікаў, баляць рукі...
Распавядаючы пра ўсё, Ніна Іванаўна раз-пораз пазірала на каробку з тэлевізарам, пытала, а ці тут жа пульт, ці ёсць гарантыя? Хвалілася, што ўвечар прыйдзе ўнук і настроіць праграмы. Але газету яна ўсё роўна будзе чытаць. І выпісваць.
Мо яшчэ і для таго, каб хоць з ёй "гаварыць" па-свойму? Як некалі, як дома.