У кааператыве "Вескап" праблемы вырашаюць супольна

Источник материала:  

На Століншчыне сёлета створаны і працуе першы ў нашай краіне спажывецкі сельскагаспадарчы забеспячэнска-збытавы кааператыў

Носіць ён назву "Вескап". Зарэгістраваны кааператыў у вёсцы Велямічы. У склад яго ўваходзяць жыхары гэтай вёскі, якія сабраліся для таго, каб сумесна набываць патрэбнае абсталяванне і матэрыялы, рэалізаваць вырашчаную прадукцыю. Цяпер для іх гэта намнога лягчэй, чым было ў мінулыя гады.

Адна з асноўных задач, якая акрэслена ў статуце кааператыва, — памяншэнне затрат і зніжэнне рэсурсаёмістасці пры вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і вядзенні сельскай гаспадаркі ва ўмовах асабістых гаспадарак.

Як гэта атрымліваецца на першых этапах станаўлення кааператыва, пацікавілася ў яго заснавальнікаў.

У кааператыве "Вескап" праблемы вырашаюць супольна— Вось мы бралі сёлета плёнку на ўсіх членаў кааператыва, — расказваюць яны. — Эканомія для нас як юрыдычнай асобы склала восем мільёнаў. А каб мы куплялі яе кожны за свае... Гэтак жа і з угнаеннямі. Хоць партыя была і невялікай, аднак выгода ёсць. У нас такія ўгнаенні каштуюць па адзінаццаць тысяч за кілаграм, а мы купілі па дзевяць тысяч.

Рэалізавалі прадукцыю сёлета праз кааператыў. Агуркі, памідоры, капуста ішлі да аптовых пакупнікоў. Гэта адна з ідэй кааператыва — абыходзіць непатрэбных пасрэднікаў (перакупшчыкаў) і самастойна выйсці на моцныя аптовыя базы ці рознічныя сеткі, каб тое што вырасла, з аднаго боку, прыносіла большы прыбытак вытворцам, а з другога, — стала таннейшым для простых пакупнікоў.

Старшынёю кааператыва з'яўляецца Канстанцін Іванавіч Машлякевіч. Менавіта яго назвалі "старэйшым навуковым супрацоўнікам". Па спецыяльнасці Канстанцін — аграном.

***

Усё пачалося гадоў дваццаць назад. Сябравалі разам са школы, разам спрабавалі брацца за ўсе справы, разам кансультаваліся, дапамагалі ў вырашэнні сацыяльных праблем роднай вёскі. Неабыякавыя яны людзі. Кожны перажывае за сваю маленькую радзіму, за свой родны куточак.

Прывяду толькі некалькі прыкладаў. Было гэта крыху раней. У мясцовым Доме культуры цёк дах. Маладыя хлопцы звярталіся па дапамогу, але безвынікова. Тады яны самастойна ўзяліся за работу. Набылі неабходныя матэрыялы і за дзве гадзіны адрамантавалі дах, які не турбаваў адпачывальнікаў цэлы год.

Пасля ўзяліся наводзіць парадак на дыскатэцы. Выводзілі тых, хто курыў у памяшканні ці пачынаў сваркі.

А ў мінулым годзе яны загарэліся ідэяй паставіць у цэнтры вёскі ёлку. Купілі, паставілі, упрыгожылі. Назіралі за ёю некалькі дзён, пакуль не ўпэўніліся, што ніякай шкоды ніхто з вяскоўцаў не зробіць. Так ёлка радавала велямічан усе навагоднія святы.

Яшчэ хлопцы задумалі рэалізаваць праект па добраўпарадкаванні возера, якое знаходзіцца ў Велямічах. Яго трэба ачысціць, прывесці ў належны стан прыбярэжную зону.

— Мы згодны весці работы, часткова ўкласці свае сродкі, — прызнаюцца кааператары.

***

Ідэя па стварэнні кааператыва спела ў хлопцаў паступова. Спачатку супрацоўнічалі з Цэнтрам сельскага развіцця па прымяненні генератараў і сістэм верхняга арашэння для апрацоўкі парніковых раслін. Супрацоўніцтва прадоўжыў Іван Давідчук. Ён звярнуўся туды, каб больш даведацца пра падглебавае ацяпленне парнікоў. Яму не толькі дапамаглі кансультацыяй, а і прапанавалі сумесна пачаць эксперымент па апрабаванні такога ацяплення. Абапіраючыся на ініцыятыву двух чалавек (з Веляміч і Вялікага Малешава), спецыялісты цэнтра распрацавалі праект, мэтай якога было пратэсціраваць новае для раёна ацяпленне і, калі гэта будзе адобрана сельскімі жыхарамі, садзйнічаць укараненню яго усімі жадаючымі. Фінансава праект быў падтрыманы Офісам АБСЕ ў Мінску.

Упершыню ў раёне за кошт цэнтра сельскага развіцця набылі неабходнае абсталяванне і зманціравалі ацяпленне пад глебай. На наступны год да Івана Давідчука далучылася некалькі чалавек, якія ўжо самастойна куплялі ці самі рабілі катлы, манціравалі ацяпленне.

— Ці складана абсталяваць парнік вось такім ацяпленнем?

— Калі браць увесь працэс работы ў парніку, то не складана, — дзеліцца Іван Давідчук.

— А наколькі выгадна вырошчваць агуркі з такім ацяпленнем?

— Не толькі выгадна, але і вельмі зручна. Тое, што людзі бяруцца зрабіць за паўгода, я здзейсніў за паўтара месяца. Што да самога працэсу ацяплення, то паліва падкідаецца ў адзін кацёл, а не ходзіш па ўсім парніку і падкідваеш дровы, — расказвае Іван.

Пасля Іван зацікавіўся вырошчваннем суніц у парніку. Цэнтр арганізаваў паездку ў Херсонскую вобласць Украіны. Група сельскіх жыхароў, у якой было чатыры прадстаўнікі Веляміч, упершыню пазнаёмілася з вопытам вырошчвання суніц у парніку і з новымі ідэямі вярнулася ў вёску. Іван Давідчук, Канстанцін Машлякевіч і Міхаіл Супрунчык сталі вырошчваць суніцы.

— Мы прыйшлі да высновы, што суніцы лепш вырошчваць, чым агуркі, аднак патрэбна павялічваць аб'ёмы. У Івана было сёлета пяць сотак, у Міхаіла — тры, у Косці — паўтары, — расказваюць члены кааператыва.

Рэалізавалі суніцы сёлета на месцы, вывозілі на рынак у Альшаны. Добра суніцы пайшлі! Дзіва што! Апошні ўраджай ягад здымалі, калі на градках яны толькі пачыналі спець.

Для таго, каб атрымліваць большы даход, трэба займацца не дробнымі партыямі, павялічваць аб'ёмы і знаходзіць аптовага пакупніка.

Зараз у парніках членаў кааператыва падрастае другі ўраджай — пекінская капуста, кроп, сельдэрэй. Зазірнула ў парнікі Уладзіміра Хадакоўскага і Уладзіміра Бруцкага. Дагледжаныя культуры набіраюць сілу.

— Мы заўжды займаліся вырошчваннем агуркоў. Але ў апошні час шмат ездзілі, паглядзелі, што вырошчваюць людзі, сталі спрабаваць у сябе, — расказваюць кааператары. — Цэнтр падтрымкі паказаў нам, што мы губляем, вырошчваючы толькі адну культуру. Спецыялісты Цэнтра пастаянна знаёмяць нас з усім новым, што можа зацікавіць.

У складзе дэлегацыі кааператары пабывалі на выставах "Белагра", на Днях поля, якія праходзяць штогод ва Украіне. Адусюль бяруць нешта для сябе. Зараз разглядаюць магчымасць ставіць металакаркасныя цяпліцы. Калі нешта з убачанага яны не могуць купіць, паколькі не хапае сродкаў, тады бяруцца за работу самі. Напрыклад, зрабілі катлы для ацяплення сваіх металакаркасных "палацаў".

— Калі ўбачыш, то ўжо ведаеш, да чаго трэба ісці. Ды і самому галаву не трэба ламаць, — гаворыць Уладзімір Бруцкі.

Нездарма ў дварах іх дамоў столькі, на першы погляд, непатрэбных рэчаў. Кааператары з іх канструююць тэхніку. Ужо быў першы выезд усюдыхода, які каманда сабрала сама.

***

У пачатку мінулага года Іван Давідчук заехаў у цэнтр развіцця. Там яму прапанавалі брашурку аб каапераванні сельскіх вытворцаў. Ідэя спадабалася ўсёй групе, пачалі працаваць разам па стварэнні арганізацыі. Але на шляху ўзнік шэраг цяжкасцяў.

— Напачатку нам наогул адказалі: Вы збіраецеся стварыць калгас у калгасе. Навошта гэта? — расказваюць гісторыю "Вескапа".

І кінулі б справу, каб не дапамога з боку Цэнтра і аддзела па сялянскіх гаспадарках Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК. У выніку падрыхтаваная дакументацыя, створаная новая арганізацыя.

***

Зараз асноўная праблема для членаў "Вескопа" — зямля. Яны хацелі б узяць надзелы ў адным месцы для ўсіх.

— Мы трацім шмат часу на ацяпленне сваіх цяпліц. А так паставілі б адзін кацёл на ўсіх. Апрацаваць зямлю, якая ў адным месцы, таксама лягчэй, — дзеляцца планамі.

***

Рабочы дзень членаў кааператыва пачынаецца з нарады, якая праходзіць у Івана Давідчука. Туды з'язджаюцца ўсе, каб падзяліцца планамі, атрымаць кансультацыю ці параду. Сумесна вырашаць любую праблему лягчэй.

Таццяна СЕГЕН.

←Ломать останется председателем КГК как минимум до конца выборов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика