Новы завод у СЭЗ "Мінск"

Источник материала:  

У свабоднай эканамічнай зоне "Мінск" адбылося адкрыццё і пуск вытворчасці новага завода "Бакко Бісоў". У яго будаўніцтва ўкладзена каля 23 млн долараў прамых замежных інвестыцый. Тут плануецца стварыць не менш як 300 працоўных месцаў.

Прадпрыемства "Бакко Бісоў" — адзін з 15 заводаў вядомага французскага канцэрна SNА Еurоре (Францыя, штаб-кватэра ў Парыжы), які, у сваю чаргу, уваходзіць у структуру міжнароднай карпарацыі Snар-Оn Іnс. (ЗША). Аналагічныя падраздзяленні Snар-оn ёсць у Азіі і Амерыцы. Для тых, хто не не ведае, адзначым, што карпарацыя Snар-оn — сусветны лідар вытворчасці ручных інструментаў і прылад для авіяцыі, аўтамабільнай, будаўнічай і іншых галін прамысловасці. На працягу ўсёй сваёй 150-гадовай гісторыі кампанія застаецца лідарам у інавацыях і якасці. Пры вырабе звычайнага гаечнага ключа Snар-оn ужываецца больш за 100 ноу-хау. А ў цэлым карпарацыя мае больш за 700 патэнтаў у ЗША і больш за 1600 — ва ўсім свеце. Сёння Snар-оn уключае 36 заводаў, на якіх працуе 11,5 тыс. чалавек.

Таму не дзіўна, што на ўрачыстую цырымонію адкрыцця новага завода прыбылі больш за 40 замежных гасцей, у тым ліку прэзідэнт канцэрна SNА Еurоре Жан П'ер Леўрэ, дырэктары ўсіх асноўных інструментальных і металаапрацоўчых заводаў канцэрна са Швецыі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Партугаліі, Францыі, а таксама Кітая, ЗША і Аргенціны.

Нагадаем, што "Бакко Бісоў" — не навічок у Беларусі. Яшчэ ў 1989 годзе шведскім канцэрнам "Сандвік" па выніках міжнароднага тэндара, які праводзілі Міністэрства станкабудаўнічай прамысловасці СССР і Мінскі інструментальны завод, было створана сумеснае прадпрыемства "Сандвік Бісоў" (Бісоў — скарочана значыць "біметал савецкі"). У 1999 годзе яно было перайменаванае ў СП "Бакко Бісоў". Яно — рэзідэнт СЭЗ "Мінск" з 2006 года. "Бакко Бісоў" — пакуль адзіны вытворца біметалічных стужачных і колцавых піл на тэрыторыі краін СНД.

Па словах дырэктара завода Ларса Кармана, асартымент выпускаемай прадукцыі налічвае больш за 200 тыпаў біметалічных стужачных піл (БСП) шырынёй ад 6 да 54 міліметраў з рознай канфігурацыяй зуба для рэзання практычна ўсіх металаў, дрэва і іншых неметалічных матэрыялаў.

Выкарыстанне ўнікальнай тэхналогіі вытворчасці біметалу і піл дазволіць дасягнуць сусветнага стандарту якасці прадукцыі, пераважная большасць якой — 85 % — будзе экспартавацца. Дарэчы, пілы з маркай "Бакко" шырока набываюць такія вядучыя айчынныя заводы, як "Магілёўліфтмаш", БелАЗ, МТЗ, амаль усе дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы краіны.

І яшчэ адна цікавая дэталь. Як заявіў кіраўнік адміністрацыі СЭЗ "Мінск" Аляксандр Ахрэмчык, гэты інвестыцыйны праект стаў адзіным у зоне, рэалізацыя якога ажыццяўлялася без перапынку і затрымак нават у перыяд жорсткага фінансава-эканамічнага крызісу мінулага года.

Леанід Тугарын.

←Ломать останется председателем КГК как минимум до конца выборов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика