"Звязда": МІНУСЫ ...І ПЛЮСЫ
...Чаго бракуе газеце, якую ўсё жыццё выпісваю і чытаю? Складанае пытанне. Адкажу так. Па-першае, глыбіня матэрыялаў пра нашу гісторыю, пра беларусаў, пра іх побыт, пра ўсё, што звязана з нашай нацыянальнай годнасцю, павінна заставацца на старонках, як мінімум, такой жа. А калі яна будзе паглыбляцца, калі будзе пашырацца тэматыка, то гэта — толькі плюс.
Па-другое, наша медыйнае поле ў апошні час рэдка звяртаецца да беларускай літаратуры. Таму, калі б "Звязда" знайшла тут сваю нішу, гэта было б карысна і для пісьменнікаў, і для чытачоў.
Далей. Я разумею неабходнасць рэкламы, але хочацца, каб яна не замінала іншым матэрыялам. І яшчэ — каб "Звязда" выходзіла меншым фарматам. З вялікай газетай, згадзіцеся, зручна дома, за сталом, на канапе, а вось у тралейбусе... Што называецца, рук не хапае.
Дарэчы, гэта праблема на старонках газеты ўжо абмяркоўвалася. Галоўны аргумент, наколькі памятаю, быў такі: меншая (па фармаце газета) змяшчае менш інфармацыі. Калі гэта так, я згодзен чытаць вялікую.
Тым больш, што на густа засеяным медыйным полі "Звязда" сёння, як дабрадзейны аазіс, да якога прыпадаеш, калі хочаш зразумець сябе самога, сябе — беларуса, нашчадка вялікай нашай гісторыі і добрых спраў нашых папярэднікаў, калі хочаш навучацца, як трэба ахоўваць і абараняць нашы помнікі.
І дзякуй Богу, што газета размаўляе з чытачом па-чалавечы, разумеючы яго і даходзячы не толькі да розуму, але і да сэрца.
Анатоль Бутэвіч, пісьменнік, старшыня грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры па ахове культурнай спадчыны.
г. Мінск.
...І ПЛЮСЫ
Як і многія старэйшыя чытачы, я па газеце вучыўся чытаць: калі не было шпалераў — перад Калядамі, перад Вялікаднем — маці абклейвала хату "Звяздой". Дагэтуль памятаю асобныя загалоўкі, асобныя здымкі.
Гэта, наогул, уласцівасць газеты — друкаваць матэрыялы, якія здзіўляюць, нешта адкрываюць, якія хочацца з некім абмеркаваць, пра якія хочацца падумаць.
Колькі, дарэчы, глянцавалі мінулае, колькі латалі яго, прычым белымі ніткамі! А тут атрымліваеш газету і чытаеш (нядаўні факт), што ў першыя дні вайны не было ніякай арганізаванай эвакуацыі з Мінска, што ўсе начальнікі, пачынаючы з Панамарэнкі (тады — першага сакратара ЦК) проста паўцякалі...
І такіх артыкулаў шмат: многае людзі ведаюць па расказах сваіх сямейнікаў. Тут жа — пішуць гісторыкі, знаўцы, і ўсё становіцца на свае месцы.
Такім чынам "Звязда" дае магчымасць ведаць гісторыю, жыццё, бачыць праблемы, якія хвалююць настаўнікаў, студэнтаў, пенсіянераў, вяскоўцаў...
Не так даўно быў артыкул пра пастуха. Хто калі пісаў пра іх? А тут — калі ласка. Чыстая праўда — што ёсць, то ёсць.
Імпануе і тое, што газета ўсё даводзіць да лагічнага завяршэння: чытач ведае, што калі друкуецца крытычны артыкул ці чыйсьці ліст, то праз пэўны час (а то і адразу) будзе каментар, афіцыйны адказ пра тое, што зроблена.
Хапае на старонках і розных рубрык. Тут і навіны, і сад-агарод, і здароўе, і культура, і грошы...
Галоўнае ж — газета не дае знікнуць беларускай мове. Канкрэтны прыклад: гадоў колькі назад сядзеў дома на кухні, чытаў "Звязду". Жонка (яна ў мяне руская) адправіла па ваду. Прынёс, бачу — цяпер яна сядзіць і чытае. Вочы на мяне ўзняла, кажа: "Как же хорошо написан рассказ! Все как в жизни бывает!". Я ёй: "А што ты там зразумела — па-беларуску ж напісана?!". "А я и не заметила", — кажа...
З той пары яна таксама пастаянны чытач "Звязды". Любіць крыжаванкі, апавяданні.
Што да мяне, то ў рукі трапляе шмат газет, ёсць магчымасць параўноўваць. І я так скажу: "Звязда" — бліжэйшая да людзей, да жыцця, тут больш праўды. У яе павінен быць і большы тыраж...
Калі будзе? Не ведаю. Ведаю, пры якіх умовах. І скажу толькі пра адну: у краіне заканадаўча замацаванае двухмоўе. Значыць, чыноўніцтва — усіх рангаў — павінна і ведаць абедзве мовы, і карыстацца імі. А што на практыцы? Хто з міністраў размаўляе па-беларуску? Міністр культуры. Ну, нарэшце! Хто яшчэ? Лічы, няма такіх.
Калі яны будуць, калі іх будзе шмат (а верыць у гэта ніхто не забароніць!) аджыве наша мова, людзі перастануць яе саромецца. Адпаведна — узрасце і тыраж "Звязды". Чаго я ёй шчыра жадаю.
Леанід Раманавіч Кароткін, пенсіянер.
в. Вярэнькі, Пастаўскі раён.