Датацыя распаўсюджваецца толькі на паліва, а не на дастаўку
Пытальнік
Мне зараз 87 гадоў. Удзельнік вайны. Ваш падпісчык. Хачу праз сваю газету "Звязда" вырашыць ці ўдакладніць такое пытанне. Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2004 года, даецца многа прывілей: бясплатныя лекі, пуцёўка ў санаторый, 50-працэнтная аплата за камунальныя паслугі, паліва і г.д. Дык вось, паліва сапраўды адпускаюць за палову кошту, а вось пагрузку і падвоз яго трэба аплачваць цалкам, усе 100 працэнтаў. Прашу ўдакладніць: правільна гэта ці не. Брыкет каштуе за тры тоны 105 тысяч рублёў. Падвоз яго на адлегласць у тры кіламетры — каля 40 тысяч рублёў. Тлумачэнне прашу апублікаваць ў нашай газеце "Звязда".
Сцяпан Мяфодзьевіч ПРЫХОДЗЬКА, г. Калінкавічы
г. КалінкавічыУ даным выпадку гаворка ідзе пра фіксаваную цану на паліва для насельніцтва: тры тоны брыкету (або восем складаметраў дроў) на адно домаўладанне на адзін год. Памянёны чытачом кошт — 105 тысяч рублёў — гэта якраз у улікам 50-працэнтнай аплаты трох тон брыкету. Такая льгота (датацыя), згодна з рашэннем аблвыканкама, даецца толькі на само паліва, дастаўка і пагрузка аплачваюцца ў поўным аб'ёме ўсімі, па гэтых дзвюх апошніх пазіцыях ільгот няма нікому. Зразумела, калі гаворка ідзе пра падвоз брыкету ці дроў транспартам арганізацыі па забеспячэнні палівам.
— Хіба толькі калі грамадзянін звернецца ў арганізацыю ці ўстанову, дзе некалі працаваў, — патлумачыла на наш запыт дырэктар Калінкавіцкага філіяла камунальнага ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам "Гомельаблпаліва" Яўгенія САВІЦКАЯ. — Калі ў калектыўным дагаворы гэтай арганізацыі ёсць пункт пра выдзяленне ўдзельнікам вайны і інвалідам — колішнім сваім работнікам — транспарту, дастаўка брыкету ці дроў такому чалавеку нічога не будзе каштаваць. Такіх прыкладаў у нашым раёне дастаткова.