Беларускія пагранічнікі перашкодзілі бацьку незаконна вывезці дачку ў Аўстрыю
Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры Дзяржпагранкамітэта.
Трыццацігадовы пасажыр, які вылятаў з 9-гадовай дачкой у Аўстрыю, на лініі пашпартнага кантролю ў Нацыянальным аэрапорце Мінск прад'явіў фальшывы дакумент. Мужчыну і дзіця затрымалі для разбору. Хутка высветлілася, што затрыманы мае два грамадзянствы — Турцыі і Вялікабрытаніі. Дзяўчынка — яго родная дачка. Мужчына запэўніваў, што ён не ведае, дзе яго жонка, маці дзіцяці, паколькі яны даўно не сустракаліся і не жывуць разам.
Турэцкае пасольства ў Беларусі аператыўна прадаставіла затрыманым пасведчанні на вяртанне. Аднак высветлілася, што дзяўчынка таксама мае двайное грамадзянства — турэцкае і расійскае. Яна была ў вышуку праваахоўнымі органамі Расіі. Прадстаўнік Пасольства Расіі ў Беларусі прадаставіў копію заявы маці дзяўчынкі, жыхаркі Сергіева Пасада, аб знікненні дзіцяці, а таксама копію рашэння суда, згодна з якім бацька не меў права вывозіць дзіця з тэрыторыі Расіі без згоды маці.
Злоўлены на незаконным вывазе дзіцяці з тэрыторыі Расіі затрыманы заявіў, што два гады таму маці насільна вывезла дзіця з Англіі, дзе ён жыў з дачкой, і заявіў хадайніцтва аб сустрэчы з паслом Вялікабрытаніі. Гэта просьба была задаволена, аднак ніякія дакументальныя пацвярджэнні сказанаму прадастаўлены так і не былі. У разборы гэтага інцыдэнту ўдзельнічалі прадстаўнікі трох дыпламатычных місій — Турцыі, Расіі і Вялікабрытаніі.
За парушэнне правілаў перасячэння дзяржаўнай граніцы Беларусі затрыманы быў прызнаны парушальнікам рэжыму граніцы. У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам на яго накладзены штраф у памеры 20 базавых велічынь. У добраахвотным парадку ён дэпартаваны з Беларусі і на пяць гадоў пазбаўлены права ўезду ў рэспубліку. Дзяўчынка перададзена расійскаму боку для вяртання маці.