Дзе вяскоўцу знайсці ветурача для каровы-карміцелькі?
Паважаная рэдакцыя газеты "Звязда"! Я з'яўляюся даўняй падпісчыцай, магчыма, ужо гадоў 20. У мяне вельмі важнае пытанне, на якое ў вас ёсць магчымасць кампетэнтна адказаць. Я ўдава, жыву ў вёсцы, трымаю карову. Праўда, яна не маладая ўжо, аднак купіць іншую не маю сродкаў, бо каштуе карміцелька сёння 2-2,5 мільёна рублёў. А здаць сваю вельмі шкадую, можа, гады са два патрымаю яшчэ, калі будуць сілы, бо на сёмы дзясятак пайшло. Справа ў тым, што ўжо два гады карова вельмі хварэе... Але гэтая праблема не толькі ў мяне — сёлета шмат у каго ў вёсцы такая бяда. Штосьці ў арганізме ў каровак адбываецца не тое. Я прыгадваю, калі мае бацькі трымалі кароўку, дык такога не было. Парайце, калі ласка: можа перад ацёлам патрэбна ўводзіць якія лекі? Бо цяпер у вёсцы няма ветурача. Людзі будуць удзячныя за гэта, яны ж выпісваюць газету.
(Па просьбе заяўніцы прозвішча не называем), Мазырскі раён.
Мазырскі раён.Шаноўная чытачка, напэўна, пагодзіцца з намі, што даваць ветэрынарныя парады завочна, не ведаючы дакладнага дыягназу, — справа няўдзячная. Ды і няма ў журналістаў адпаведных ведаў, калі на тое пайшло. Гэтым павінны займацца прафесіяналы — тыя ж ветурачы, прычым, зноў жа — не паводле зместу ліста вясковай жанчыны, а пасля агляду яе каровы-карміцелькі. І газета тут можа дапамагчы хіба толькі тым, што паспрабуе знайсці патрэбных спецыялістаў. А зрабіць гэта аказалася і сапраўды не так проста — як і згадвала заяўніца. Не тое, каб такіх спецыялістаў не было ўвогуле, але на справе, як высветлілася, простаму чалавеку было над чым паламаць галаву ў выпадку неабходнасці... Ускладняла сітуацыю і забарона чытачкі называць яе прозвішча. Мы ўжо неаднойчы пісалі, што гэта не прымахаць рэдакцыі, а неабходнасць — так пошукі інфармацыі і вырашэнне клопатаў заяўнікаў ідуць хутчэй...
— Мы абслугоўваем грамадскі сектар, прыватнікі ў выпадку неабходнасці могуць звяртацца да ветурачоў сваіх гаспадарак. Бывае, праўда, што такога спецыяліста ў гаспадарцы няма, тады туды выязджаюць нашы работнікі. Жанчына можа звярнуцца на бліжэйшую да яе вёскі ферму "Белае", — некалькі дзівілася нашаму пытанню загадчык лабараторыі ўстановы "Мазырская раённая ветэрынарная станцыя" Святлана КІЛБАС.
Як мы потым дамовіліся са Святланай Паўлаўнай, калі нашай заяўніцы па якой-небудзь прычыне не пашчасціць знайсці патрэбнага спецыяліста бліжэй да дому, жанчына можа звярнуцца ў ветстанцыю. Паслугу ёй акажуць бясплатна.
— Ну што ж, калі трэба — знойдзем магчымасць, пад'едзем да вашай чытачкі, — таксама не адмовіў у просьбе галоўны ветэрынарны ўрач рэспубліканскага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства "Эксперыментальная база "Крынічка" Уладзімір КУПРЭЕЎ. — Хоць гэта не так і проста, бо клопатаў у нашых урачоў хапае. Ды і ехаць да той вёскі кіламетраў 15, значыць, патрэбен транспарт. На агляд каровы дзве-тры гадзіны спецыялісту спатрэбіцца. Два гады, кажаце, карова хварэе?.. Нейкі дзіўнаваты тэрмін. Трэба разабрацца. Знойдзем час, няхай звяртаецца: можаце даць жанчыне нумар майго тэлефона. І грошы за паслугу браць не будзем.
— З аднаго боку, за апошні час мы адчулі, наколькі ветслужба павярнулася да тых, хто трымае ў гаспадарцы карову: двойчы за год — увесну і ўвосень — праводзяцца планавыя агляды жывёлы. Даецца аб'ява, што ў такім населеным пункце будуць працаваць ветурачы, уводзіць лекі, — патлумачылі нам у Скрыгалаўскім сельскім Савеце. — Аднак справа гэтая добраахвотная, таму ці вадзіла на такі агляд ваша заяўніца сваю рагулю — невядома. Як вы кажаце, жанчына прасіла не называць сваё прозвішча.
Як расказалі нам далей, пэўная праблема з ветабслугоўваннем усё ж ёсць. Паколькі прыватнікі павінны здаваць малако ў гаспадаркі, апошнія апроч іншага — ёсць такі пункт у паперах — павінны браць на сябе абавязкі па аказанні насельніцтву бясплатнай ветэрынарнай дапамогі. На справе ж часам выходзіць некалькі інакш. Як мы напісалі вышэй, і спецыялісты быццам ёсць, але і ў іх клопатаў дастаткова. Як людзі вырашаюць надзённую праблему? Ды проста. Спецыялісты, што некалі працавалі ў калгасах, засталіся, толькі зараз працуюць у іншых месцах. Вось да іх у прыватным парадку і звяртаюцца.
— Раней такіх праблем, калі быў свой калгас, не было. А потым правялі рэарганізацыю, аб'яднанне дзвюх гаспадарак у адну, потым ужо яе далучылі яшчэ да іншай. А каго далучаюць, да таго, напэўна, і ўвагі часам менш...
Сяргей РАСОЛЬКА.