Пастух

Источник материала:  

У працэсе жыццядзейнасці вясковай абшчыны паступова паўставала патрэба вылучэння са складу грамады людзей, якія займаліся адпаведнымі рамёствамі: цесляры, сталяры, бондары, пчаляры, ганчары, краўцы, шаўцы, печнікі і г.д. Аднак сярод гэтага кола майстроў асобнае месца займалі каваль, млынар, пастух і знахар.

 Найбольшай павагай карыстаўся каваль. Недзе паміж гэтымі майстрамі знаходзілася постаць пастуха. Дужыя, спрытныя, здольныя на любую справу мужчыны ў пастухі ніколі не ішлі, лічылі гэта прыніжэннем свайго сацыяльнага статусу.

 У сувязі з гэтым у фальклорных творах пастух супрацьпастаўляецца галоўнай фігуры вёскі — земляробу, напрыклад, у замовах: "У чыстым полі стаяў дубочак, а пад тым дубочкам сівы дзядочак. Ён не арэ, не паша, толькі кароўкі пасе. Спераду прыпыняе, а ззаду падганяе". Таму "толькі пасвіць" кароў часцей за ўсё выбіралі людзей, якія мелі фізічныя або псіхічныя захворванні, калек, людзей сталага веку, старых або зусім збяднелых.

 Лічылася, калі пастух гучна ляскае пугай, умее свістаць, званіць у званы, іграць на дудзе, ражку і г. д., то такімі дзеяннямі ён разганяе нячыстую сілу, якая "заначавала на пашы", а яго магічным найгрышам падпарадкоўваюцца жывёлы і расліны. Пастух абавязаны быў ведаць хаця б азы народнай медыцыны, каб перасцерагчы статак ад небяспекі або дапамагчы жывёліне, калі яе хто-небудзь пакусаў. Таму да пастуха ставіліся, з аднаго боку, як да млынара, а з другога — як да каваля.

 Калі людзі бачылі, што іх пастух — чалавек спрактыкаваны, яму аказвалі ўсялякія знакі павагі: аддавалі адзенне, частавалі прысмакамі: кавалкам сала, вяндлінай, каўбасой, лустай хлеба, яйкамі.

 Асабліва адказна пастух ставіўся да першага выгану жывёлы на пашу. сярод перасцярог і рэгламентацый былі наступныя: "у дзень першага выгану скаціны пастух абавязкова пазбягаюць нават самых дробных пазык адзін у аднаго — хлеба, нажа і г. д., што ў звычайны час яны ахвотна робяць. Строга сочаць за пастухамі, каб яны ў гэты дзень не бралі з сабой у поле ні нажа, ні агню".

 Выбар пастухоў быў справай усёй вясковай грамады. Хто будзе ў новым сезоне пасвіць статак, дамаўляліся ў чацвер на масленічным тыдні, калі ўшаноўвалі бога-ахоўніка свойскай жывёлы Вялеса.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Беларусь провела «День без автомобиля»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика