Генпракуратура прапаноўвае ўзмацніць адказнасць за пагрозу забойствам

Источник материала:  

Гэта толькі адна з прапаноў якая прагучала ўчора на калегіі Генеральнай пракуратуры, прысвечанай прафілактыцы сямейна-бытавых злачынстваў.

— Як бы рэальна чалавек ні пагражаў забойствам членам сваёй сям'і, дзейснае заканадаўства не дазваляе заключыць яго пад варту, — пракаментаваў прапанову, вынесеную ў загаловак, намеснік Генеральнага пракурора Аляксандр ЛАШЫН. — У сувязі з гэтым прапаноўваем разглядзець магчымасць устанаўлення за пагрозу забойствам (поруч з існуючым абмежаваннем волі) пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да трох гадоў.

Акрамя таго, для рашэння праблемы сямейна-бытавых злачынстваў Генпракуратура рэкамендуе стварыць на месцах дадатковыя крызісныя пакоі для кругласутачнага знаходжання тых, хто пацярпеў ад гвалту ў сям'і, а таксама павялічыць колькасць выязных пасяджэнняў судоў па разглядзе крымінальных спраў у сферы сямейна-бытавых канфліктаў і грамадзянскіх спраў аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў.

— Нядрэнна было б стварыць мабільныя групы з работнікаў мясцовых органаў улады, аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, членаў БРСМ, прадстаўнікоў СМІ, якія б праводзілі індывідуальную прафілактыку правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносінаў, — працягвае пералічваць прапановы Аляксандр Лашын. — А таксама арганізаваць для старшыняў саветаў грамадскіх пунктаў аховы парадку семінары для павышэння іх прававой падрыхтоўкі.

— Часта, калі ідзе гаворка аб прафілактыцы, асабліва злачынстваў на глебе сямейна-бытавых канфліктаў, мы ў першую чаргу чамусьці ўзгадваем пра міліцыю, — кажа Аляксандр Лашын. — Пры гэтым забываем, што законам вызначана і каля двух дзясяткаў іншых арганізацый, якія павінны займацца прафілактычнай дзейнасцю. Я цвёрда перакананы, што толькі разам, вырашаючы праблему ў комплексе, мы зможам дасягнуць станоўчых вынікаў.

Паводле статыстыкі, за 6 месяцаў гэтага года агульная колькасць злачынстваў у краіне знізілася, але колькасць злачынстваў на глебе сямейна-бытавых канфліктаў вырасла на 6, 1 працэнта (у параўнанні з першым паўгоддзем мінулага года). Рост адбыўся за кошт павелічэння спраў прэвентыўнай накіраванасці. Дарэчы, да гэтай катэгорыі адносяцца ў тым ліку і справы па пагрозах забойствам.

Паводле слоў Аляксандра Лашына, у шэрагу раёнаў прафілактычная работа мясцовых уладаў носіць фармальны характар: няма канкрэтных мерапрыемстваў, тэрмінаў іх выканання, часта няма нават адказных асоб. У асобных выпадках не наладжана патрэбным чынам работа Саветаў грамадскіх пунктаў аховы парадку. Напрыклад, на пасяджэнні савета грамадскага пункта Новазаранскага сельвыканкама Чашніцкага раёна не разгледзелі супрацьпраўныя паводзіны спадара С. у быце. І што вы думаеце, праз нейкі час мужчына ў аграгарадку Новая Зара забіў спадара В., а затым, каб замесці сляды, падпаліў дом сваёй ахвяры. Гэты факт разгледзелі на савеце толькі праз 26 дзён, прычым абмяркоўваліся пытанні выканання правілаў пажарнай бяспекі, а не прычыны і ўмовы, якія садзейнічалі здзяйсненню цяжкага злачынства. Такія факты не адзінкавыя і характэрныя таксама для іншых раёнаў рэспублікі.

— Часам прымаюцца і рашэнні аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальных спраў па фактах пабояў ці нанясенні цялесных пашкоджанняў, — адзначыў намеснік Генпракурора. — У выніку нярэдка, як паказвае практыка, чалавек здзяйсняе паўторныя правапарушэнні. Таму не трэба забывацца, што непазбежнасць пакарання — адна з найбольш эфектыўных мераў прафілактыкі.

— Мы пільна сочым за выкананнем пунктаў дзяржпраграмы па пераадоленні п'янства і алкагалізму, у тым ліку і скарачэння аб'ёмаў рэалізацыі спіртнога штогод на 10 працэнтаў (гаворка ідзе аб няякасных танных вінах). У цэлым дзяржаўная праграма па гэтым накірунку выконваецца. Апошнім часам нас трывожыць павелічэнне аб'ёмаў рэалізацыі слабаалкагольных напояў. Безумоўна, будзем надаваць увагу і гэтаму моманту.

Надзея ДРЫЛА.

←Беларусь провела «День без автомобиля»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика