Каб быць з прыбыткам

Источник материала:  

Манеты (медныя, залатыя, сярэбраныя), якія заўсёды сімвалізавалі дабрабыт, прыбытак, поспех, часта выкарыстоўваліся ў народнай медыцыне, па іх варажылі, на іх "адсылалі" хваробы і нястачы. Манеты выступалі адным з галоўных атрыбутаў падчас выканання абрадаў сямейнай накіраванасці.

У купель для першага рытуальнага купання клалі сярэбраную ці залатую манету, каб дзіця было здаровае і яму спрыяў поспех.

Для таго ж маладым падчас вянчання ў храме раілі класці пад пяту манеты — медныя пятакі.

Дрэннай прыкметай на пахаванні было тое, калі памерлы адкрываў вочы. Лічылася, што ён "выглядае" яшчэ кагосьці. У такіх выпадках на вочы нябожчыку клалі манеты, якія потым трэба было абавязкова кінуць у магілу.

Манеты кідалі ў магілу і сваякі да трэцяй ступені сваяцтва. Тым самым яны выкуплялі пераправу сваяка на "той" свет.

Знойдзеная манета прадказвала змены, павелічэнне дастатку — калі ляжала "арлом" уверх, няўдачы — калі ляжала "рэшкай".

Калі сярод іншых манет траплялася манета са шчарбінай або гнутая манета, то гэта заўсёды прадказвала прыбытак. Таму яе адкладалі ўбок ці насілі ў кашальку як талісман, сімвал поспеху. Тое ж самае тычылася манеты з дзірачкай.

Каб заўсёды быць з прыбыткам, неабходна манету паказаць маладому месяцу, які вы ўбачылі справа ад сябе. Для таго ж трэба было патрэсці манетамі ў кішэні, калі вясной упершыню пачуеце зязюлю.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

←Акция в защиту костела святого Иосифа в Минске прошла без задержаний

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика