"Трэба зарэгістравацца. А чыстая вада будзе заўтра..."

Источник материала:  

На свае вочы

Падумаеш, якія дробязі для "Бліскучага Санкт-Пецярбурга"...

Паўночная сталіца Расійскай Федэрацыі сустракае вялізнай колькасцю прыдарожных рэкламных шчытоў, на адным з якіх Пётр 1 і... галоўны трэнер піцерскага "Зеніта" італьянец Лучана Спалеці, з заклікам да жыхароў горада быць "адной камандай". Што гэта азначае, калі размова не толькі пра футбол? Нам, гасцям аднаго з буйнейшых мегаполісаў Еўропы, за тры дні тура "Бліскучы Санкт-Пецярбург" гэтага, вядома ж, не зразумець. Ды і мэты ў турыстаў іншыя — не "грузіцца" нейкімі праблемамі, а ўзбагаціцца ўражаннямі хоць бы пра частку славутасцяў горада на Няве.

Спачатку — пра апошняе. Зусім коратка, паколькі хапае і адпаведнай літаратуры, і звестак у сусветнай павуціне. Ды і нішто не заменіць асабістыя ўражанні. Таму, калі ёсць магчымасць пабываць у Санкт-Пецярбургу, абавязкова ёй скарыстайцеся.

Падлічана, што з агульнай колькасці турыстаў, якія наведваюць Расію, не менш паловы некалькі дзён праводзяць менавіта ў Санкт-Пецярбургу. І там сапраўды нездарма штодзённа курсіруюць дзясяткі аўтобусаў з турыстамі з усяго свету. Толькі адна лічба: Піцер прапануе гасцям наведванне больш за 170 музеяў! І, як адзначыла мясцовы экскурсавод і ў чым маглі пераканацца тыя з нас, хто можа параўноўваць з ранейшымі ўражаннямі, за апошнія гады праца па захаванні гістарычнай спадчыны значна палепшылася. Горад ужо не нагадвае, паводле слоў піцерскага гіда, "караля ў выгнанні ў лахманах". І Пятру Вялікаму, дакладней, апранутым пад яго нашых прадпрымальным сучаснікам, якіх можна сустрэць ледзь не на кожным кроку, зусім не сорамна стаяць ля піцерскіх палацаў і помнікаў з прапановай сфатаграфавацца разам. Ды не толькі цару Пятру, але і "Кацярыне другой", іншым дзеячам мінулай эпохі.

А цяпер — аб праблемах, якімі, на жаль, не "загрузіцца" ўсё ж не ўдалося. Калі гэты артыкул трапіць на вочы экскурсаводу мінскай фірмы "Нікатур", якая суправаджала нашу групу, то яна можа лічыць ніжэйпрыведзенае пашыраным адказам на прапанаваную ёй турыстам анкету пра ўражанні ад падарожжа і прапановы на будучыню.

Яшчэ ў пачатку паездкі экскурсавод параіла падчас экскурсій у Піцеры не прызнавацца, што мы... з Беларусі, а лепш казаць, што са Смаленска. Маўляў, гэта звязана з розным коштам білетаў для расіян і грамадзян іншых краін. У выніку ў Пецяргофе дайшло да кур'ёзу. На пытанне тутэйшага гіда, адкуль мы прыехалі, некаторыя назвалі Смаленск, а іншыя — Беларусь. "Во як, міжнародная група", — усміхнулася гід.

Зрэшты, пры наведванні храма "Спас на крыві" касір не запатрабавала ў сына дакумента і прадала білет катэгорыі "Навучэнцы Расійскай Федэрацыі" — за 50 рублёў.

А вось у гатэлі "Санкт-Пецярбург" падабенства з расійскімі грамадзянамі не атрымалася, хоць па законе і павінна было. Пры засяленні ў гатэль адміністратар забрала ў нас пашпарты на той падставе, што патрэбна рэгістрацыя ў міграцыйнай службе. У выніку мы, замежныя грамадзяне, па сутнасці засталіся ў чужым горадзе без дакументаў (хіба можна лічыць імі гасцінічныя карткі?) і даволі сумніўнымі перспектывамі ў выніку нейкай няштатнай сітуацыі. А назаўтра, каб забраць пашпарт, трэба было раскашэліцца "за падрыхтоўку дакументаў у УФМС" — 104 рублі з чалавека.

— Чаму ў Маскве не бралі за рэгістрацыю? — абураліся некаторыя турысты з нашай групы.

У адказ ім далі зразумець, што можна і не рэгістравацца, але тады і ў гатэль не заселяць. А аўтару гэтых радкоў у якасці абгрунтавання паказалі... распараджэнне дырэктара гатэля аб спагнанні вышэйзгаданай "міграцыйнай" сумы. Аказалася, што гэтая папера мае большую сілу, чым Пагадненне аб забеспячэнні роўных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі на свабоду перамяшчэння, выбар месца знаходжання і жыхарства на тэрыторыі дзяржаў — удзельнікаў Саюзнай дзяржавы.

Гэтым дакументам, падпісаным, дарэчы, у Санкт-Пецярбургу на пасяджэнні Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы, прадугледжана магчымасць знаходжання грамадзян Беларусі на тэрыторыі Расіі (і расіян у нас) без рэгістрацыі ў кампетэнтных органах на працягу трыццаці сутак са дня ўезду (артыкул 3). А абмежаванні гэтых правоў (артыкул 5) магчымыя толькі "ў інтарэсах забеспячэння нацыянальнай бяспекі, аховы грамадскага парадку, аховы маральнасці, здароўя насельніцтва...". Што, ад нашай турыстычнай групы зыходзілі нейкія пагрозы?

Потым высветлілася, што паборы з беларускіх турыстаў у гэтым гатэлі бяруцца ўжо даўно. Аднак ўсе спробы фірмы "Нікатур" і яе партнёраў у горадзе на Няве адмяніць іх, паводле слоў мінскага экскурсавода, пакуль марныя. Праўда, нядаўна ў іншай піцерскай гасцініцы "Навука", дзе таксама размяшчаюць гасцей з Беларусі, рэгістрацыю ўсё ж адмянілі. Тым самым прызнаўшы, што бралі грошы незаконна.

І гэта не адзіны непрыемны сюрпрыз, які чакаў нас у выдатна прадстаўленым на інтэрнэт-сайце гатэля "Санкт-Пецярбург". І справа нават не ў адсутнасці ў нумары гарантаванага праграмай тура халадзільніка. Куды горш, што так і не ўдалося скарыстацца душам, паколькі гарачая вада аказалася бруднай.

— Так у вас заўсёды? — цікаўлюся на "rесерtіоns".

Не, адказваюць, яны не вінаватыя, нешта здарылася ў гарадской водаправоднай сістэме. Але наступствы аварыі, маўляў, ужо ліквідаваныя і хутка ўсё будзе ў норме, трэба толькі даць сцячы бруднай вадзе. Так і зрабіў, аднак ні тым вечарам у пятніцу, ні назаўтра, ні ўжо перад ад'ездам у нядзелю раніцай колер гарачай вады так і не змяніўся. Мабыць, прычына ў тым, што непадалёк ад гатэля працякае знакамітая, спрадвеку брудная рака Мойка?

А яшчэ адна нечаканасць напаткала нас з сынам увечары на Неўскім праспекце, калі спыніла працу метро. Рух у некалькіх раёнах горада быў практычна паралізаваны, утварыліся гіганцкія аўтамабільныя пробкі і чэргі на прыпынках грамадскага транспарту. Папаўзлі чуткі, сярод магчымых прычын аварыі называліся здарэнні на Ленінградскай АЭС альбо Волхаўскай ГЭС і нават тэракт.

Зрэшты, назаўтра гэтыя чуткі ў мясцовай прэсе былі абвергнутыя. Адключэнні электраэнергіі адбыліся з-за збою на адной з падстанцый, якая з'яўляецца ключавым звяном Ленінградскай энергасістэмы. Абясточанымі аказаліся некаторыя базавыя станцыі сотавых аператараў, электрычныя пліты ў дзясятках кавярняў і рэстаранаў, з-за чаго кліенты не дачакаліся заказаных страў. У многіх жылых дамах разам са святлом знікла і вада — пэўна, спыніліся помпы. Выключыліся перадатчыкі некалькіх тэлеканалаў і радыёстанцый. І, бадай галоўнай праблемай для жыхароў і гасцей горада стаў транспартны калапс — не толькі з-за закрыцця некалькіх станцый метрапалітэна, але і па прычыне непрацуючых святлафораў на вуліцах, што справакавала шматкіламетровыя пробкі і аварыі. Проста ашаламляльна падскочылі цэны на таксі, кошт паездкі наблізіўся да навагодняга.

Падумаеш, якія дробязі для сапраўды бліскучага Санкт-Пецярбурга...

...А Лучана Спалеці з "Зенітам" у Лігу чэмпіёнаў, на жаль, не выйшаў. Праўда, выдатна дэбютаваў у Лізе Еўропы. І прыемна, што з беларусам Юрыем Жаўновым у варотах.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

←Акция в защиту костела святого Иосифа в Минске прошла без задержаний

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика