Кшыштаф Занусі аддае беларусам даўгі

Источник материала:  

Сусветна вядомы рэжысёр робіць гэта праз пастаноўку ў Нацыянальным тэатры імя Горкага

Прэм'ера сумеснага беларуска-польскага праекта адбудзецца 21 верасня. Напярэдадні спадар Занусі патлумачыў журналістам, чаму абраў да пастаноўкі п'есу Арыэля Дорфмана "Дзева і Смерць", якая дагэтуль з поспехам прайшла ў сталіцах розных краін свету. Але польскі рэжысёр аказаўся першым, хто прывёз яе ў Беларусь. І для гэтага ў яго была асаблівая зацікаўленасць у сумеснай працы:

— Я думаю, шмат хто з палякаў, і я сярод іх, адчуваем нейкі доўг у адносінах да Беларусі. Таму што ў нас была сумесная складаная гісторыя. Мы адчуваем, што адцягнулі ў вас частку эліты — гэтыя людзі жывуць сёння ў Польшчы. Мы ў даўгу таму, што пакінулі вас з элітамі, якія былі не такімі багатымі, як маглі б. Зараз наш доўг — з вамі супрацоўнічаць і вас падтрымаць у развіцці, якое неабходнае. Мы аднойчы былі вельмі блізкія як дзве нацыі ў адной дзяржаве, потым разышліся. Але гістарычная памяць заўсёды жывая, і мы не забываемся, што тыя людзі, якіх мы называем палякамі, былі грамадзяне нашай агульнай дзяржавы, але яны паходзілі і з Беларусі, значыць, яны і вашы славутасці. І наш Міцкевіч, і наш Манюшка, і наш Дамейка, і Касцюшка — яны ўсе былі з Беларусі (як цяпер называецца гэтая краіна), значыць, яны былі беларусамі. З-за гэтай складанай гісторыі адносіны палякаў да беларусаў (мае, у прыватнасці) значна больш блізкія, чым да некаторых іншых нашых суседзяў, з якімі мы столькі сумеснага не маем.

Кшыштаф Занусі аддае беларусам даўгіЦяпер рэжысёр Занусі, дагэтуль вядомы нам толькі па кіно, мае ў Беларусі і сумесны тэатральны праект — з Нацыянальным драматычным акадэмічным тэатрам імя Горкага. Між іншым, у роднай Польшчы у тэатры ён не вельмі шмат працуе, затое ў іншых краінах паставіў каля 40 п'ес. Каб рэжысёру было прасцей паразумецца з беларускімі артыстамі, яны гасцявалі ў яго доме непадалёк ад Варшавы, на месцы даводзілася і рэпетаваць. Па прызнанні Таццяны Баўкалавай, гэта было даволі цяжка, бо ўся атмасфера — гасціннасць гаспадароў, прыгожы сад, сабакі, якіх так любіць сям'я Занусі, — вымагала разняволення. А п'еса насамрэч вельмі сур'ёзная.

— Хоць п'еса распавядае пра жыццё ў Чылі, наша задача — зрабіць яе зразумелай беларускаму гледачу. А Беларусь артысты прынеслі ў сабе, — гаворыць рэжысёр. — П'еса сучасная, вострая, яна поўная рэчаіснасці, і, спадзяюся, людзі гэта зразумеюць. Бо ў ёй ёсць універсальная думка, універсальнае пасланне, што ад віны немагчыма сысці — яна патрабуе пакарання. Гэта кожнае пакаленне павінна само сабе нагадваць, а таксама грамадству, бо без таго, каб справядліва асудзіць учынкі людзей, нельга ісці наперад. Мы ведаем, як пасля Другой сусветнай вайны было неабходна ачысціць памяць, каб асудзіць тых, хто паводзіў сябе неэтычна. Гэта ў п'есе паказана на ўніверсальным узроўні. Гэта тычыцца не столькі палітыкі, колькі этыкі.

У спектаклі ўдзельнічаюць артысты Таццяна Баўкалава, Аляксандр Ждановіч, Валерый Шушкевіч. З Таццянай рэжысёр Занусі аднойчы працаваў у адным журы на фестывалі. Ждановіча выпадкова бачыў у эпізодзе і пажадаў працаваць менавіта з гэтым артыстам. Шушкевіча абраў для супрацоўніцтва па фотакартцы. І не расчараваўся ні ў кім, а наадварот, калі выпадзе магчымасць, гатовы здымаць беларускіх артыстаў і ў кіно:

— Я заўсёды ўлюбляюся ў сваіх акцёраў, калі яны добрыя, то з іншымі не працую. Было б задавальненнем, калі б мы разам нешта зрабілі ў будучым. У Беларусі я патрапіў на акцёраў, якія мне прынеслі вялікую радасць.

Ларыса ЦІМОШЫК.

←Акция в защиту костела святого Иосифа в Минске прошла без задержаний

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика