Цэны на інтэрнэт у Беларусі дасягнулі сваёй ніжняй планкі
Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага дырэктара "Белтэлекама" Андрэй Собараў. Зараз неабходна працаваць над павелічэннем хуткасці доступу. Самыя амбіцыйныя планы прадугледжваюць давядзенне яе да 1 Гбіт/с. Зразумела, што спатрэбіцца новае абсталяванне, бо існуючае не зможа забяспечыць такой хуткасці.
У сваю чаргу генеральны дырэктар УП "Надзейныя праграмы" Юрый Зісер лічыць беларусаў негаваркімі ў інтэрнэт-прасторы.
Каб выправіць сітуацыю і папулярызаваць інтэрнэт і яго прымяненне ў бізнэсе, адукацыі і дзяржаўным кіраванні, беларускі інтэрнэт-партал ТUT.BY і "Белтэлекам" у пяты раз праводзяць штогадовую канферэнцыю "Дзелавы інтэрнэт". Сёлета яна адбудзецца 14-15 кастрычніка пад Мінскам. Цікава, што ў 2006 годзе падчас правядзення першай канферэнцыі, удзел у якой узяло амаль 300 чалавек, у Беларусі ўпершыню быў прыменены бесправадны спосаб доступу ў інтэрнэт у публічным месцы. Летась колькасць удзельнікаў перавысіла паўтары тысячы. Сёлета чакаецца не менш.
Ірына Тамковіч.