Не лі віно "ад сябе"

Источник материала:  

Тлумачэнне апазіцыі "правы — левы" як мужчынскага і жаночага пачатку пацвярджаецца не толькі размяшчэннем удзельнікаў рытуальнай трапезы, але і выбарам часовага месца для нябожчыка, пакуль рабілі труну. Памерлую жанчыну клалі на левую ад чырвонага кута лаву, а памерлага мужчыну — на правую.

  Згодна з традыцыяй, анучы на нагах, як правіла, закручвалі злева направа, а аборы завязвалі вузлом спераду. Нябожчыку ўсё гэта рабілася наадварот: анучы закручвалі налева, а аборы перавязвалі крыж-накрыж не спераду (як жывым), а ззаду. Абутак жывым рабілі з моцнай падэшвай, бо трэба было шмат хадзіць. Для нябожчыка выбіралі белы абутак без тоўстай падэшвы — хадзіць яму ўжо не давядзецца.

  За вясельны стол галоўныя дзейныя асобы (маладыя і дружкі) заходзілі толькі па сонцы, за памінальны — наадварот, супраць сонца ці ходу гадзіннікавай стрэлкі (узгадаем рэфрэн у пахавальных галашэннях: "закацілася яснае сонейка").

  Найбольшай семіятычнай значнасцю вылучаўся заключны момант вяселля, калі новая сям'я — малады з маладою — практычна ўпершыню ўставала з-за стала і паўставала перад гасцямі ва ўсёй велічы і прыгажосці. Гэты рытуал абвяшчаў пра пачатак дзяльбы каравая — абрадавай падзякі прысутным за шанаванне.

  У сваю чаргу, памінальны стол пачынаўся рухам па крузе канона (куцці, кашы, сыты), з якога кожны з прысутных браў сваю долю, а заканчваўся тым, што першым (!) з-за стала ўставаў самы стары мужчына, а затым ужо адначасова ўставалі ўсе астатнія госці.

  У Беларусі да сённяшніх дзён бытуе звычай: калі хто-небудзь з хатніх збіраецца ў далёкую дарогу, гаспадыня паперад абавязкова зачыняе печ засланкай, а калі ён выйшаў з хаты, то катэгарычна забараняецца месці падлогу. У той жа час, каб лягчэй наступіла смерць, у хаце адчынялі дзверы, вокны, юшку, а ўслед за нябожчыкам вымяталі смецце і мылі падлогу.

  Жывому чалавеку, асабліва дзяўчыне перадшлюбнага ўзросту, забаранялася ступаць або садзіцца на парог. Разам з тым у некаторых раёнах Цэнтральнай і Паўднёва-Заходняй Беларусі да цяперашняга часу існуе звычай тройчы апускаць труну з нябожчыкам на парог.

  Цікавай асаблівасцю беларускага пахавальнага абраду быў рытуал вынасу труны праз акно. Затое на поўдні нашай краіны вядомы звычай уносіць праз акно нявесту, у якой першы або другі муж заўчасна памерлі.

  Калі ўзор на кашулі вышывалі злева направа, трымаючы іголку "на сябе", то навалачку для падушкі нябожчыку зашывалі справа налева, а іголку з ніткай трымалі толькі "ад сябе".

  Гэтаксама "ад сябе" — кідалі жменьку зямлі ў магілу тыя, хто развітваўся з нябожчыкам на могілках. У рэчышчы гэтай традыцыі існуе звычай не чокацца на памінках (затое гэты рытуал абавязковы для вяселля), а таксама не прыбіраць стол на ноч. Яшчэ і цяпер на Случчыне бытуе даволі рэдкі звычай: як толькі закончыцца памінальная вячэра, прысутныя ўстаюць і на дзве-тры хвіліны садзяцца спінай да стала.

  Часцей за ўсё чырвоны кут у хаце быў зарыентаваны на ўсход, а арыентацыя памерлага чалавека ў магіле мае "перавернуты" характар — галавой на захад.

 цягам часу дзеянне прынцыпу сіметрычнай перавернутасці было пашырана і атрымала не толькі рытуальна апасродкаваны, але і сітуацыйны, побытавы, штодзённы характар. Напрыклад, і сёння жыве перасцярога наліваць віно "ад сябе" або левай рукой праз стол; несці кветкі "ўніз галавой"; дзяўчыне садзіцца на пустое перавернутае вядро (стаць бяздзетнай); класці хлеб скарынкай уніз; надзяваць бялізну левым бокам; пераварочваць фотаздымак жывога, люстэрка, раскрытую кнігу (нічога з прачытанага не запомніцца); вазіць дзіця ў калясцы нагамі наперад (этыкет медыкаў забараняе вывозіць (выносіць) з палаты хворага на каталцы ўперад нагамі). І наадварот, сілай замоўнага слова і менавіта левым бокам сподняга "здымаюць" сурокі ў дзяцей.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

←Таможня зарубила добро

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика