Іванава — не толькі горад нявест
Падпіска-2010
Але і горад, дзе жывуць падпісчыкі газеты "Звязда". Знаўцы савецкай эстрады няхай даруюць, што ў гэтым рэпартажы выкарыстаны расійскі брэнд горада нявест — Іванава — на беларускі лад.
Чарговы выезд "у людзі" сапраўды быў у беларускі горад Іванава, дзе наша падпісчыца са стажам Алена Кузьмінчук з вёскі Хамічова зачакалася адзін з галоўных прызоў "Звязды" — каляровы тэлевізар "Віцязь", які яна выйграла ў штоквартальнай звяздоўскай латарэі. Зразумела, што накіроўвацца ў няблізкі шлях на аўтамабілі толькі з адным прызам было б недазваляльнай раскошай, таму, як і раней, мы амаль у 1000-кіламетровым маршруце вырашылі ахапіць Брэстчыну па максімуме і сустрэцца з як мага большай колькасцю нашых прыхільнікаў — пастаянных падпісчыкаў, работнікаў паштовай сувязі, газетных кіёскаў...
Першым пунктам нашага ваяжу значыліся Івацэвічы. Так здарылася, што ў папярэднім розыгрышы каштоўных прызоў сюды з падарункаў нічога не трапіла. Але ж гэта не падстава, каб праехаць раён ухаластую. Тым больш што было вядома — тут працуе першым намеснікам старшыні райвыканкама Васіль Рабкавец. Зразумела, што сустрэча з Васілём Міхайлавічам атрымалася цёплай і, не сумняваемся, карыснай для абодвух бакоў.
Выязны фармат "кіраўніцтва раённай вертыкалі — пошта" быў захаваны і ў Пружанах, і ў Камянцы. Спадзяёмся, што нашы фірмовыя майкі, бейсболкі і іншыя сувеніры як мінімум стануць падставай да таго, каб тут не знізіць падпісныя тыражы.
Бадай, найбольш ёмістай адчувалася прысутнасць "Звязды" ў Брэсце, дзе прайшлі плённыя "перамовы" з намеснікам старшыні аблвыканкама Леанідам Цупрыкам, дырэктарам Брэсцкага філіяла "Белпошты" Валянцінай Пух і кіраўніком абласнога "Саюздрука" Васілём Марэйкам.
Ну, а потым надышла чарга раздачы "заслужаных" прызоў. Першы з іх — цеплавентылятар — быў уручаны ў Кобрыне кіяскёру Тамары Багдановіч. Тамара Васільеўна стала пераможцам сумеснага конкурсу Звязды" і "Белсаюздрука" ў Брэсцкім рэгіёне, дабіўшыся мінімальнага спісання нашай газеты. Паводле яе слоў, праца ў кіёску ёй падабаецца. Праўда, прыродныя анамаліі — моцныя маразы ці трапічная спякота — не самым лепшым чынам уплываюць на працаздольнасць чалавека. Дзіўна, але наш прыз у выглядзе цеплавентылятара — гэта якраз тое, што неабходна прадаўцу газет у кіёску ў любую пару года. З дапамогай гэтай прылады можна рэгуляваць тэмпературны рэжым у памяшканні як на "плюс", так і на "мінус".
"Візіт ветлівасці" ў Драгічын змяніўся на мэтанакіраваны маршрут у Іванава — хутчэй бы "пазбавіцца" ад тэлевізара, які ўжо другі дзень ездзіць у салоне машыны па ўсёй краіне. Начальнік Іванаўскага РВПС Сяргей Барнюк ужо пачаў хвалявацца. Маўляў, падпісчыца за прызам прыйшла, а прадстаўнікоў "Звязды" яшчэ няма. Практычна без спазнення аўто з галоўным прызам прыбыло да ганка Іванаўскай пошты. Падчас "фотасесіі", дзе кампанію нашай падпісчыцы склаў начальнік пошты, Алена Андрэеўна расказала, што выпісвае "Звязду" ўжо больш дзясятка гадоў. З задавальненнем пасылае купоны на розыгрыш. Калісьці нават выйграла апырсквальнік для бульбы. І вось цяпер удача напоўніцу ўсміхнулася ёй — тэлевізар у гаспадарцы спатрэбіцца.
Перад заключным акордам у Лунінцы, куды было выпісана адразу два каштоўныя прызы, адпаведнае "прывітанне" было перададзена Пінску, аднаму з нямногіх гарадоў краіны, дзе мірна суіснуюць гар- і райвыканкам. Зразумела, што часу на сустрэчы ў калідорах улады спатрэбілася значна больш, чым папярэдне. Яны пакінулі добрае ўражанне ў душы і ўпэўненасць у тым, што павага да "Звязды" на Піншчыне як мінімум не зменшылася.
Ад Пінска да Лунінца — рукой падаць. Тут прыемна было пачуць, што наша газета адна з нямногіх, журналісты якой даволі рэгулярна наведваюцца ў Лунінецкі край, і асабліва ў аддзел ідэалогіі мясцовага райвыканкама і на пошту. Дарэчы, менавіта там і адбылося ўручэнне каштоўных прызоў. Праўда, з-за позняга часу наведвання рэгіёна, які выпаў на канец рабочага дня, мы не настойвалі, каб за прызамі прыбылі нашы шчасліўчыкі асабіста. Начальнік Лунінецкага вузла паштовай сувязі Ніна Дударга паабяцала не толькі ўручыць электрапрас гарадской падпісчыцы Галіне Коўшык і электрачайнік паштальёну АПС Вулька-2 Алене Верас, але і пагадзілася зрабіць фота з прызамі — каб бачылі іншыя, сказала Ніна Васільеўна, што "Звязда" не толькі разыгрывае прызы, але і стараецца іх прывозіць нават у самыя аддаленыя рэгіёны краіны.
Ну, калі такія людзі працуюць на пошце, то, значыць, з падпіскай павінна быць усё ў парадку. Тым больш, калі кожны з зацікаўленых бакоў прыкладае для гэтага шмат намаганняў.
Уладзімір ЗДАНОВІЧ.
Мінск — Івацэвічы — Пружаны — Камянец — Брэст — Кобрын — Драгічын — Пінск — Лунінец —Мінск.