Здароўе на талерцы
Калі вы хочаце ачысціць клеткі галаўнога мозга і затрымаць працэс іх старэння, дадайце ў рацыён больш цыбулі-рэпкі, як раяць японскія навукоўцы.
Вынікі іх даследаванняў паказалі: цыбуля ўтрымлівае актыўныя серныя злучэнні, якія станоўча ўздзейнічаюць на ключавыя зоны галаўнога мозга, што адказваюць за эмоцыі і памяць.
Летась цікавую заканамернасць у дачыненні да цыбулі даказалі і французскія навукоўцы. Высветлілася, што жанчыны, якія рэгулярна ўжываюць часнок і цыбулю, менш схільныя да раку грудзей, піша Vrach.TV.
Праверце соль у салацеГатовыя салаты не настолькі здаровая ежа, як здаецца, лічаць даследчыкі з лонданскага Інстытута прафілактычнай медыцыны. Паводле іх меркавання, у кожнай дзясятай салаце солі больш, чым у вялікім сэндвічы з рэстарана хуткага харчавання.
Многія офісныя работнікі купляюць гатовыя агароднінныя салаты, імкнучыся разнастаіць свой рацыён. Асабліва яны папулярныя ў жанчын, якія сядзяць на дыетах.
Даследчыкі праверылі 270 узораў гатовых салатаў, некаторыя з якіх былі набытыя ў крамах, што спецыялізуюцца на здаровым харчаванні. Толькі ў 6 салатах аказалася солі менш, чым, напрыклад, у пачку салёных сухарыкаў — 0,5 г. А ў адным з 10 узораў солі выявілася больш, чым 2,1 г (прыкладна столькі ўтрымліваецца ў вялікім гамбургеры). Навукоўцы нагадваюць, што гэта колькасць солі набліжаецца да паловы сутачнай нормы яе спажывання, якая не павінна перавышаць 5 г. Аўтары даследавання зазначаюць, што скарачэнне колькасці спажытай солі на адзін грам у дзень у адной толькі Вялікабрытаніі дапаможа штогод прадухіліць 6 тысяч смерцяў ад сардэчных прыступаў і іншых захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.