Карысна ведаць

Источник материала:  
Захаваем гнуткасць шыі

Заўсёды гнуткая і рухавая шыя раптам перастала паварочвацца і працуе "са скрыпам"? Вас непакояць галавакружэнне, шум у вушах? Так праяўляецца шыйны астэахандроз.

Захворванне ўзнікае ў выніку парушэнняў у тканках шыйнага аддзела пазваночніка. Асноўныя прычыны ўзнікнення шыйнага астэахандрозу: траўмы, спадчынная схільнасць, скрыўленне пазваночніка, а таксама прафесійная дзейнасць.

Пачынаць барацьбу з гэтай немаччу трэба з пацвярджэння дыягназу. Дыягнастуюць хваробу з дапамогай рэнтгенаграфіі, магнітна-рэзананснай і камп'ютарнай тамаграфіі і ўльтрагукавой доплераграфіі. Лячэнне залежыць ад стадыі захворвання. Пры рэзкім болі, парушэнні рухавасці шыі перш за ўсё паказаныя спакой і сродкі, якія здымаюць запаленні і ацёк. Добры эфект пры шыйным астэахандрозе дае мануальная тэрапія. Праз два-тры сеансы знікаюць галаўныя болі, шум у вушах, здранцвенне пальцаў. Карысным будзе і масаж. Толькі ўлічыце, што шыйная вобласць — актыўная рэфлекторная зона нашага арганізма. Пры няўмелым уздзеянні на яе магчымае пагаршэнне самаадчування. Таму ўсе маніпуляцыі павінен праводзіць толькі дыпламаваны спецыяліст.

Каб засцерагчыся ад рэцыдыву хваробы, перш-наперш давядзецца самім прыкладаць пастаянныя намаганні. Правілы вельмі простыя. Сачыць за паставай, не спаць на высокай падушцы, пазбягаць скразнякоў і холаду. Перамагчы боль дапамогуць лекавая фізкультура і плаванне.

Чыпсы? Выкраслі з жыцця!

Чаму менавіта ўвосень часцей за ўсё абвастраюцца захворванні стрававальнай сістэмы і мы адчуваем упадак сілаў? Шведскія навукоўцы тлумачаць гэта тым, што наш арганізм рыхтуецца да халадоў.

Паводле статыстыкі, людзі з хваробамі стрававальнай сістэмы часцей за ўсё пакутуюць ад восеньскай дэпрэсіі. Але шведскія спецыялісты лічаць, што такога захворвання наогул не існуе — проста арганізм чалавека рыхтуецца да прыходу халоднага надвор'я, а людзі не хочуць яму дапамагчы.

Чым бліжэй зіма, тым больш у арганізме назапашваецца тлушчавых адкладанняў: гэта энергетычны рэзерв, які павінен быць зрасходаваны, каб не замерзнуць у маразы. Працэс патрабуе ўзмоцненай работы стрававальнай сістэмы. Невыпадкова восенню ў нас на стале з'яўляецца больш каларыйных прадуктаў. У выніку нагрузка на органы стрававання моцна павялічваецца, і яны выпрацоўваюць больш сокаў, якія раздражняюць слізістыя абалонкі. Гэта і прыводзіць да абвастрэння гастрыту, язвы і іншых захворванняў. Што тут можна зрабіць? Спецыялісты раяць, у першую чаргу, абмежаваць ужыванне прадуктаў, якія раздражняюць страўнікава-кішачны тракт. А такія "радасці", як чыпсы, салёныя арэшкі, газаваныя і алкагольныя напоі, лепш наогул выкрасліць са свайго жыцця. Тады арганізму будзе лягчэй прыстасавацца да сезонных зменаў, і абвастрэнняў можна будзе паспяхова пазбегнуць.

Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.

←300 семей безработных с начала года переселились на новое место жительства и работы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика