Пераварочванне прадметаў
У традыцыйнай культуры беларусаў існаваў і да сённяшняга часу захаваўся цэлы шэраг дзеянняў, звязаных з перакульваннем або пераварочваннем прадметаў, якія суправаджаюць асноўныя этапы пахавальна-памінальных абрадаў.
Момант надыходу смерці вызначалі па стане перавернутага люстэрка, паднесенага да вуснаў паміраючага. Сухая паверхня сведчыла аб адсутнасці прыкмет жыцця, што патрабавала распачаць адпаведныя рытуальныя дзеянні.
Калі смерць надыходзіла цяжка, чалавека пераносілі на зямлю (на падлогу), засцеленую саломай мінулагодняга ўраджаю. Пры гэтым яго клалі галавой да дзвярэй (пераварочвалі).
Алгарытм перавернутасці праглядаўся і ў заключнай частцы пахавальнага абраду. Памерлага выносілі з хаты ўперад нагамі і адразу ж пераварочвалі табурэткі або лаўкі, на якіх стаяла труна. Прычым існуюць два варыянты пераварочвання: або пераварочваюць уверх нагамі абедзве табурэткі, або толькі адну і ставяць яе ніцма на другую. Змест гэтага дзеяння быў адзін і той жа: не даць смерці раней за жывых "заняць" гэта месца і "забраць" яшчэ каго-небудзь з гэтай сям'і.
У структуры пахавальнай абраднасці важнае месца займаў апошні зямны шлях нябожчыка, з якім звязаны вялікі цыкл вераванняў, прыкмет і прадказанняў, што вызначалі далейшы лёс сям'і, блізкіх або аднавяскоўцаў: непажадана, каб нехта ехаў або ішоў насустрач; кепска, калі за пахавальнай працэсіяй ішла якая-небудзь жывёліна (у гэтым выпадку нехта з мужчын выварочваў шапку і спрабаваў адагнаць яе).
Аксана Катовіч, Янка Крук.