Беларусь запрашае на форум інвестараў
17 лістапада ў германскім Франкфурце-на-Майне ў рамах Еўрапейскага фінансавага тыдня пройдзе Беларускі інвестыцыйны форум — пра гэта паведаміў намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур.
Мэта форуму — павысіць інтарэс да нашай краіны з боку патэнцыяльных інвестараў. У прыватнасці, падчас форуму плануецца правесці пасяджэнні на тэмы "Чаму выгадна інвеставаць у эканоміку Беларусі" і "Як інвеставаць у Рэспубліцы Беларусь", расказаць пра інвестыцыйную прыцягальнасць банкаўскай сферы, новыя магчымасці інвеставання ў Мытным саюзе Беларусі, Казахстана і Расіі, а таксама пра найбольш перспектыўныя напрамкі ўкладання сродкаў у нашу эканоміку. Галоўнымі з такіх напрамкаў ужо сёння называюцца праекты, звязаныя з энергетыкай, транспартнай лагістыкай, перапрацоўкай нафты, машынабудаваннем, электронікай.
Дарэчы, паведаміў Андрэй Тур, чакаецца, што ў Беларускім інвестыцыйным форуме возьмуць удзел дзелавыя колы не толькі Германіі і Еўрасаюза, але таксама Лацінскай Амерыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі.
Сяргей ГРЫБ.