Ёй трэба выжыць, каб выратоўваць іншых

Источник материала:  

Віялета Гаўрына сямнаццаць гадоў свайго жыцця прысвяціла барацьбе з дзіцячай анкалогіяй. Яна не проста медработнік, а яшчэ і сябар для маленькіх пацыентаў. І ў самыя шчаслівыя, і ў самыя цяжкія для іх часы яна побач. А сёння Віялета сама сутыкнулася з цяжкай хваробай. Адной ёй не справіцца. Патрэбна ваша дапамога.

У шэсць гадоў Віялета перанесла хваробу касцявога мозгу. Самыя блізкія сябры для яе і па сёння тыя, з кім разам пераадолела гэтае выпрабаванне. І тыя, хто, на жаль, не перамог нядуг, таксама застаюцца лепшымі сябрамі. Віялета рана пасталела, перанесла страту сяброў. Хвароба пакінула на ёй моцны псіхалагічны адбітак.

Ёй трэба выжыць, каб выратоўваць іншыхПасля заканчэння школы дзяўчына прыйшла ў дзіцячы анкацэнтр, дзе лячылася і заявіла: "Буду ў вас працаваць". Далі анучу ў рукі — працуй: думалі, так хутка перадумае. А яна не перадумала. Працавала санітаркай, пасля скончыла медвучылішча, стала медсястрой. Цяпер Віялета яшчэ і педагог-арганізатар у аддзяленні старэйшага ўзросту Рэспубліканскага нувукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі і гематалогіі.

Яна жыве сваёй працай. Прыходзіць туды нават у законны выхадны, бо васьмігадовая пацыентка Соня сумуе, а Сашу раптоўна забралі ў рэанімацыю. Яна ладзіць ім шыкоўныя дні нараджэння, запрашае сяброў, мастацкія калектывы. Яна шукае спонсараў як на падарункі, так і на лячэнне. Віялета нават не ведае, дзе заканчваюцца яе працоўныя абавязкі. Усю сябе яна аддае хворым дзецям.

— Спачатку было вельмі складана. Але я навучылася спраўляцца. Калі даводзіцца развітвацца назаўсёды (на жаль, гэта здараецца даволі часта), я адпускаю іх. Неяк старэйшая калега сказала мне: выбірай, ты паміраеш разам з імі ці працягваеш жыць, каб дапамагаць астатнім. Я выбрала жыццё.

Цяпер гэты выбар трэба зрабіць яшчэ раз. У 1998 годзе Віялеце Гаўрынай дыягнаставалі гепатыт С. Урачы на 90 % звязваюць гэта з работай. Сёння гепатыт дае другасны дыягназ — змешаны мікра-макранадулярны цыроз печані. З-за гэтага падае ўзровень лейкацытаў і трамбацытаў у крыві, стварыліся невялікія кісты на шчытападобнай залозе, развіўся страўнікавы варыкоз, павялічыліся печань і селязёнка, баляць суставы. Ёй даюць яшчэ пятнаццаць гадоў. Віялета ў паніцы і адчаі. Ёй усяго 37.

— Я маладая! Я яшчэ хачу дапамагаць дзецям! Я яшчэ шмат магу! Я хачу жыць! Вельмі-вельмі хачу жыць! — скардзіцца Віялета.

Цыроз не лечыцца. Але хваробу можна прывесці ў стадыю рэмісіі, блакаваць вірус гепатыта С, каб цыроз не развіваўся далей.

Асноўнае лячэнне імунамадулюючымі і супрацьвіруснымі прэпаратамі каштуе непасільна дорага. Але і акрамя гэтага, Віялеце Гаўрынай трэба падтрымліваць арганізм прэпаратамі прыроднага паходжання, бадамі. Іх у яе спісе дзевяць найменняў. Каб прапіць іх хоць бы год, неабходна тысяча васемсот долараў.

На стаўку медсястры і паўстаўкі педагога-арганізатара Віялета атрымлівае шэсцьсот тысяч. Жыве з маці-пенсіянеркай. Яна неахвотна прымае дапамогу, бо не прывыкла прасіць для сябе.

— Я сямнаццаць гадоў працую ў анкалогіі і думала, мяне гэта ніколі не датыкнецца. Вельмі крыўдна, балюча, страшна і сорамна, што не магу сама сабе дапамагчы. Але я буду змагацца, чаго б мне гэта ні каштавала.

А змагацца ёсць за што. Віялета Гаўрына ўжо некалькі месяцаў прымае падтрымліваючыя прэпараты. Паказчыкі аналізаў паляпшаюцца, боль у суставах праходзіць. Яна набрала чатыры кілаграмы, адчувае сябе лепш, нават настрой узняўся.

— І на працы разумеюць, — дзеліцца Віялета. — Дзеці адчуваюць, што мне дрэнна. Падыдзе, моўчкі абніме і стаіць. Толькі дзякуючы ім я трымаюся.

Вы таксама можаце падтрымаць Віялету, пасільна дапамагчы ёй. Пералічыць грошы на лячэнне Віялеты Гаўрынай можна на рахунак:

ААТ "ААБ Беларусбанк", аддзяленне № 176, Ф-л № 511

УНН 100349858

Код Банка: 153001815

Рахунак № 01022572

Транзітны рахунак № 3819382103561

Адрас банка: г. Мінск, вул. Ванеева, 18.

Грошы таксама можна пералічыць праз інтэрнэт на кашалёк ЕаsуРау №08492425. Пералічваючы грошы на электронны кашалёк, не забудзьцеся пазначыць: на лячэнне Віялеты Гаўрынай.

Таццяна САЛДАЦЕНКА.

←КГБ вновь производит аресты в КГК

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика