У выніку спрашчэння падатковай нагрузкі ў наступным годзе бюджэт недаатрымае 700 мільярдаў рублёў. Аднак гэтыя грошы ўсё роўна застануцца ў эканоміцы
Падатковае заканадаўства ў краіне рэфармуецца з 2006 года. У аўторак у тым жа кірунку быў зроблены чарговы крок, калі Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла праект Закона "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс". Гэтыя змяненні скіраваныя на спрашчэнне падатковай сістэмы. Пра тое, што канкрэтна прадугледжана зрабіць, учора на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення падатковай палітыкі і даходаў бюджэту Міністэрства фінансаў Дзмітрый Кійко.
— Па-першае, гаворка ідзе пра скарачэнне колькасці падатковых збораў, якія выкарыстоўваюцца. Па-другое, пра зніжэнне перыядычнасці выплаты падаткаў, падачы па- датковых дэкларацый і спрашчэнне парадку спагнання асноўных падаткаў з пашырэннем сацыяльных льготаў, — сказаў ён. — Для гэтага з 2011 года прадугледжана поўная адмена мясцовага збору на развіццё тэрыторый, які выплачваўся з прыбытку па стаўцы 3 працэнты, мясцовага падатку на паслугі ад выручкі, што выплачваўся па стаўцы 5 працэнтаў. З саставу экалагічнага падатку выключаюцца тры плацяжы.
У выніку, як заўважыў далей выступоўца, у наступным годзе адбудзецца зніжэнне падатковай нагрузкі на эканоміку на 0,4 працэнтныя пункты да ВУП. У абсалютнай суме гэта каля 700 мільярдаў рублёў.
Пасля, адказваючы на пытанні журналістаў, у прыватнасці, на просьбу ўдакладніць — дык, выходзіць, бюджэт недаатрымае гэтыя самыя 700 мільярдаў рублёў, — Дзмітрый Кійко сказаў наступнае.
— Гэтыя грошы не паступяць у бюджэт, але застануцца ў эканоміцы. Яны будуць размеркаваныя ў даход індывідуальных прадпрымальнікаў і прадпрыемстваў. Потым могуць быць выдаткаваныя на развіццё або на павелічэнне даходаў работнікаў. Ускосна эканоміка выйграе, паколькі грошы працягваюць працаваць.
З наступнага года будзе весціся пераход па падатку на прыбытак на падачу падатковых дэкларацый адзін раз у год са штоквартальнай выплатай падатку авансавымі плацяжамі. Будзе праведзена адмова ад авансавых плацяжоў па ПДВ і акцызах з устанаўленнем тэрміну выплаты — месяц ці квартал — па самастойным рашэнні плацельшчыка без прывязкі да памеру выручкі.
— Гэта адзін з асноўных паказчыкаў, па якім Сусветны банк ацэньвае падатковую сістэму краіны ў сваім штогадовым даследаванні вядзення бізнэсу, — адзначыў выступоўца.
Дадаткова таксама прадугледжана зняць абмежаванні па асноўных падатках — падатку на прыбытак і ПДВ — пры выкарыстанні інвестыцыйных льготаў. У гэтых мэтах ад падатку будзе вызваляцца прыбытак прадпрыемства адразу пры ажыццяўленні капітальных укладанняў. Дзеянне гэтай льготы таксама будзе распаўсюджвацца на пазыкі, атрыманыя беларускімі арганізацыямі ад нерэзідэнтаў, што, як сказаў далей Дзмітрый Кійко, "павялічыць, як мы чакаем, прыток інвестыцый".
Што датычыцца астатніх змяненняў, дык яны ў цэлым скіраваныя на збліжэнне падатковага заканадаўства з міжнароднымі стандартамі фінансавай справаздачнасці. Так, плануецца выключыць абавязковае патрабаванне аб вядзенні плацельшчыкамі раздзельнага ўліку для пералічэння падаткаў і атрымання падатковых льготаў. З наступнага года за арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі будзе захоўвацца права самастойна прымаць рашэнні адносна вядзення такога ўліку.
Было сказана на прэс-канферэнцыі і яшчэ пра адзін крок: вызваленні ад падаходнага падатку матэрыяльнай дапамогі, што аказваецца грамадзянам па рашэнні ўрада. Найперш гэта будзе датычыцца маладых спецыялістаў. Сёння вызваленне такой дапамогі ад падаткаў адбываецца, калі гэта прадугледжана заканадаўчымі актамі — законамі, дэкрэтамі, указамі. Прэферэнцыі атрымаюць і сельгасвытворцы, у прыватнасці, будзе спрошчаны парадак пацвярджэння фактаў выплаты грашовых сродкаў нарыхтоўчымі арганізацыямі ўладальнікам асабістых падсобных гаспадарак. Мяркуецца адмена мяжы сродкаў пры рэалізацыі прадукцыі. А што датычыцца саміх грамадзян, дык Дзмітрый Кійко сказаў: яны пры продажы прадукцыі са сваіх падсобных сельскагаспадарчых участкаў будуць зусім вызваленыя ад падатку. Пры гэтым прадастаўленне нейкіх дадатковых даведак будзе не патрэбна, дадаў ён.
— З аб'ектаў абкладання падаходным падаткам выключаецца любая кампенсацыя пакрыцця маральнай шкоды, вызначаная па рашэнні суда ў адпаведнасці з заканадаўствам. Сёння з-пад падаткаабкладання выводзяцца толькі асобныя віды кампенсацыйных выплат, — сказаў Дзмітрый Кійко. — Для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, маёмасны падатковы вылік па падаходным падатку будзе распаўсюджаны не толькі на будаўніцтва жылля, але і на яго аздабленне, калі такое будаўніцтва вялося без аздаблення.
У мэтах легалізацыі даходаў пералік відаў дзейнасці, якімі фізічныя асобы маюць права займацца без рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, дапоўнены такімі відамі як рамонт і пераробка адзення, музычнае суправаджэнне вяселляў, выраб фатаграфій.
Сяргей РАСОЛЬКА.