Больш раннім кірмашам паспрыяла... спёка
У папярэднія гады традыцыйныя восеньскія кірмашы па продажы сельскагаспадарчай прадукцыі распачыналіся ў сталіцы недзе з канца верасня. А сёлета незвычайная спёка паспрыяла больш хуткаму выспяванню культур, адпаведна, ссунуліся і тэрміны пачатку сезона такіх мерапрыемстваў: ён ужо стартаваў.
Паводле інфармацыі Мінгарвыканкама, арганізацыям аптовага і рознічнага гандлю, сельскагаспадарчым прадпрыемствам, фермерскім гаспадаркам і грамадзянам дазваляецца арганізоўваць штодзённы выязны гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй па 30 лістапада. Весці яго можна ў месцах, устаноўленых адміністрацыямі раёнаў. Поўны пералік іх можна знайсці на афіцыйным партале Мінгарвыканкама ў раздзеле "Актуальна". Напрыклад, у Фрунзенскім раёне пад выязны гандаль адведзеная 20 пляцовак, у Маскоўскім і Цэнтральным — па 15, у Савецкім — 14, у Партызанскім раёне — 10.
Сяргей РАСОЛЬКА.