Краіна бярэцца за падручнікі. З Дня ведаў пачынаецца навучальны год амаль для двух мільёнаў юных беларусаў
Сярод іх больш за 950 тысяч школьнікаў і крыху меней учарашніх школьнікаў – амаль 250 тысяч навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі і прыкладна 430 тысяч студэнтаў ВНУ. Астатнія навучэнцы яшчэ наведваюць дзіцячыя садкі – праходзяць дашкольную ступень адукацыі.
Першы ўрок ва ўсіх установах сярэдняй адукацыі прысвечаны тэме “Беларусь — мая будучыня”. Пра будучыню самой школы гаварылі педагогі на жнівеньскай калегіі Міністэрства адукацыі краіны. Пераходны перыяд на 11-гадовае навучанне скончыўся: апошнія “штрыхі”, якія вучыліся па скарочанай праграме, учора атрымалі білеты першакурснікаў. Што чакае школу заўтра?— На першы план выходзяць пытанні забеспячэння якасці адукацыі і яе сацыяльная арыентацыя: школа павінна быць даступная дзеткам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і задавальняць адукацыйныя запыты адораных вучняў, — зазначыў намеснік міністра Казімір Фарыно.Якасць школьных урокаў павінны забяспечыць амаль 111 тысяч настаўнікаў, больш за 90 працэнтаў якіх маюць вышэйшую адукацыю, а 73,8 працэнта — першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. У 2010 годзе ў сістэму адукацыі накіраваны 5241 выпускнік вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.Дзеці з парушэннямі здароўя ўсё больш упэўнена адчуваюць сябе ў спецыяльных і інтэграваных класах звычайных школ, таму ў гэтым навучальным годзе ў краіне на тры спецшколы меней, чым у мінулым. А для адораных павялічылася колькасць гімназій: іх 222 супраць 202 у мінулым годзе. Дарэчы, 85 працэнтаў вучняў акрамя абавязковых урокаў наведваюць факультатывы. Вучыцца — гэта цікава!У дарослых таксама ёсць нагода ўзяцца за падручнікі: 1 верасня ўступае ў сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.
“НГ” спытала
Чаго вы чакаеце ад новага навучальнага года?
Святлана КАНАВАЛ, дырэктар пачатковай школы горада Чэрыкава:— Поспехаў чакаем, перамог у алімпіядах і творчых конкурсах. Вось наш танцавальны калектыў едзе на абласны конкурс у Клічаў. На раённых прадметных алімпіядах прыкладна палова першых і другіх месцаў — нашы, падчас інтэлектуальных конкурсаў нашы вучні таксама добра выступаюць.Педагогі, у тым ліку і я, вельмі задаволены працай Міністэрства адукацыі: на пачатку года выдадзены ўсе неабходныя нарматыўныя дакументы, усё падрабязна патлумачана, выдадзены вучэбна-метадычныя комплексы, распрацаваны праграмы факультатываў.
Таццяна НЯДВЕЦКАЯ, настаўніца пачатковай школы № 198 горада Мінска:— У гэтым годзе я набрала свой другі па ліку першы клас — 27 маленькіх асоб, 12 хлопчыкаў і 15 дзяўчынак. Перад першым урокам спадзяюся, што яны такія ж творчыя, эмацыянальна чуллівыя, як мае першыя выпускнікі. Спадзяюся, прадстаўнікі новага пакалення вучняў неаднойчы здзівяць мяне сваёй неардынарнасцю і творчымі здольнасцямі.
Уладзімір РАЗУМОВІЧ, дырэктар гімназіі № 3 горада Баранавічы:— Спадзяюся, навучальны год пройдзе без хібаў для дзяцей, бацькоў і настаўнікаў. Маленькія дзеці заўсёды адрозніваюцца ад старшакласнікаў: яны не сумняваюцца, што будуць паспяховымі. З гадамі колькасць упэўненых у сваіх сілах памяншаецца. Мы стараемся, каб надзеі малых спраўдзіліся. Калі гэтага не атрымліваецца, вінаваціць варта настаўнікаў і нашу сістэму адукацыі, у якой па-ранейшаму хапае праблем. Мы ўбралі профільныя класы, а факультатывы адрозніваюцца ад урокаў, яны меней эфектыўныя. Падручнікі ёсць недасканалыя, сацыяльны статус настаўніка невысокі... Хочацца верыць, што ў педагагічныя ВНУ абітурыенты ідуць не таму, што там лёгка стаць студэнтам, а таму, што іншай прафесіі для сябе не бачаць.