Сёньня – Дзень памяці ахвяр таталітарных і аўтарытарных рэжымаў

Источник материала:  
Сёньня – Дзень памяці ахвяр таталітарных і аўтарытарных рэжымаўСёньня, 23 жніўня, – Агульнаэўрапейскі Дзень памяці ахвяр усіх таталітарных і аўтарытарных рэжымаў. Эўрапейскі Парлямэнт абвесьціў гэты дзень на знак памяці пра падпісаньне "Пакта Молатава-Рыбэнтропа", які паспрыяў разьвязваньню Другой усясьветнай вайны. У Эўропе гэта адзіны дзень усіх ахвяраў – і нацызму, і камунізму. Гэткім чынам абодва рэжымы па сутнасьці ўраўняныя.Аляксандр Казулін: "Цікава тое, што зараз ізноў пачынаюць узгадваць пра ўсе ахвяры, бо памяць людзкая яна розная – можа быць доўгай, а можа быць і кароткай. Таму тое, што Эўрапарлямэнт абвесьціў такі Дзень памяці, то ўжо гэта вельмі добра. Бо ў Эўрапарлямэнце людзі пачынаюць думаць пра тыя каштоўнасьці, якія не падуладныя часу".

Сяргей Калякін: "Сам "Пакт Молатава-Рыбэнтропа" ніяк не зьвязаны з ахвярамі таталітарызму. Таму я за тое, каб ахвяры таталітарных рэжымаў былі ўшанаваныя і самае галоўнае, каб у будучыні не здаралася нічога падобнага. Але я ня зьвязваю абвяшчэньне гэтага Дня памяці з падпісаным пактам, бо гэта было палітычнае пагадненьне, якіх шмат заключалася ў сьвеце цягам існаваньня чалавецтва".

Мікола Статкевіч: "Я думаю, што гэта маральны і патрэбны крок, бо забываць тыя падзеі і гэткія даты нельга. Калі мы не асудзім тыя дзеяньні ўладаў, то яны будуць паўтарацца і паўтараюцца, а таксама вяртаюцца у той ці іншай форме да нас і нашых нашчадкаў. Я думаю, што многія ўчорашнія і сёньняшнія беларускія праблемы зьвязаныя з тым, што мы не разабраліся зь мінулым, у тым ліку падзеямі дваццатага стагодзьдзя. Пакуль гэта ня будзе зроблена, то свабода нашай краіны, а гэта значыць яе дабрабыт,– заўсёды будуць пад пытаньнем".

Уладзімір Някляеў: "Я падзяляю ня ўсе ідэі, якія сыходзяць з Захаду ці Ўсходу. Часта яны маюць папулісцкі, палітызаваны характар. Але гэтая дата – Дзень памяці ахвяр усіх таталітарных рэжымаў па-мойму вельмі слушная, бо менавіта ў Беларусі бедным беларусам дасталася з усіх бакоў і пра гэта ўсе ведаюць. Таму цалкам згодны, што гэтая дата выклікае адпаведныя асацыяцыі і адпаведнае жаданьне, каб такое больш ніколі не паўтаралася".

Аляксандр Мілінкевіч: "Сапраўды ў Беларусі доўгі час няма свабоды. Што тычыцца мяне, то ў маёй сям'і таксама было дастаткова ахвяр. Праз сям'ю гэта ўсё прайшло і яшчэ баліць дастаткова моцна, бо непасрэдна ведаеш якія гэта пакуты. Таму я лічу, што нічога няма горш, калі адзін чалавек прыніжае другога. І я змагаюся за свабоду таму, што кожнаму належыць права на свабоду. Кожны мае права жыць паводле ўласных жаданьняў, падпарадкоўваючыся законам, а не дыктатарам".

Анатоль Лябедзька: "Я перакананы, што ў гэтым пытаньні мая пазыцыя, пазыцыі АГП і Яраслава Раманчука, якога мы прапануем на прэзыдэнцкую кампанію, на сто адсоткаў будзе адрозьнівацца ад пазыцыі ўладаў Беларусі. Натуральна, што ўлада не заўважае такіх рашэньняў, якія прымаюцца міжнароднымі арганізацыямі, бо прырода беларускага рэжыму – яна аўтарытарная з дадаткам таталітарнай сыстэмы. Для нас пра гэта вельмі важна казаць, бо чым больш людзі будуць пра гэта ведаць, то пачнуць думаць ня толькі пра адбытае ў 30-гадах, а праводзіць аналёгіі з тым, што і сёньня адбываецца ў краіне. Таму мы павінны даводзіць да людзей рашэньні Эўрапарлямэнту і праводзіць просты "лікбез" сярод насельніцтва".
Крынiца: Галіна Абакунчык, Радыё Свабода
←Некоторые улицы Минска могут быть затоплены из-за ухудшения погодных условий

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика