Чаму інвестары не скупляюць шляхецкія сядзібы?
19.08.2010 12:08
—
Новости Общества
У палацы ў Красках паселіцца расійскі бізнэсоўца. Фота: b4w.narod.ru |
Унутраныя інвестыцыі не цякуць
Размовы аб пошуках новых крыніцаў фінансавання гісторыка-культурных помнікаў, сотні з якіх гібеюць па ўсёй краіне, з’явіліся з прыходам на пасаду міністра культуры Паўла Латушкі.
Зжыўшыся з пастаянным бракам бюджэтных грошай, дзяржаўныя мужы пачалі шукаць альтэрнатыўныя сродкі фінансавання.
Справа ў тым, што паводле Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” ад 9 студзеня 2006 года ўласнікамі гiсторыка-культурных каштоўнасцяў на тэрыторыі Беларусі могуць быць як дзяржава, гэтак і “юрыдычныя i фiзiчныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі”. Тым не менш унутраныя інвестыцыі зусім не цякуць ракой.
За апошнія гады вядома ўсяго некалькі выпадкаў, калі прыватны ўласнік набываў ці атрымліваў былыя шляхецкія сядзібы і палацы. Прычым ледзь не кожны такі выпадак — “хаджэнне па пакутах”. Характэрны прыклад — сітуацыя з палацава-паркавым комплексам XVIII у Свяцку на Гродзеншчыне, які мясцовыя ўлады двойчы выстаўлялі на аўкцыён, аднак ахвочых набыць яго не знайшлося. Урэшце палац Валовічаў адышоў на баланс санаторыя Нацбанка ААТ “Азёрны”, які перад гэтым неаднаразова абвяргаў падобныя намеры.
“Спіс 46-ці”
Мінулай восенню чыноўнікі анансавалі сумесны законапраект Мінкульта з Мінспорта, які б дазволіў і замежнікам нароўні з беларусамі набываць ці браць у доўгатэрміновую арэнду айчынныя аб’екты з турыстычным патэнцыялам.
19 лістапада намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Патупчык зацвердзіў План дзеянняў па перадачы сядзібаў, якія не выкарыстоўваюцца і знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, суб’ектам агратурызму.
У спіс Мінкульта трапіла 46 занядбаных комплексаў, якія на бязвыплатнай аснове ці за ўмоўныя грошы могуць перадавацца інвестарам для рэстаўрацыі і абсталявання ў іх гатэляў, рэстаранаў, музеяў і г.д.
План абавязваў абласныя і раённыя выканкамы змясціць інфармацыю пра сядзібы на ўласных сайтах да 1 студзеня. Аднак інфармацыя ў Сеціве пачала з’яўляцца толькі ўвесну. Прычым па ўсіх аб’ектах яе няма дагэтуль.
Мінкульт: “Райвыканкамы не выконваюць план”
"Большасцю райвыканкамаў не выкананы мерапрыемствы плану дзеянняў, — адказвае на запыт газеты “Советская Белоруссия” намеснік міністра культуры Віктар Кураш. — У некаторых выпадках план дзеянняў не даведзены да райвыканкамаў і ўласнікаў сядзібаў. Пры звароце да іх зацікаўленых у набыцці прадстаўнікі райвыканкамаў і ўласнікаў адмаўляюць у прадстаўленні звестак пра сядзібы".
Даследаваўшы інтэрнэт-старонкі абл- і райвыканкамаў, карэспандэнт TUT.BY пераканаўся, што звесткі аб прапанаваных інвестарам помніках няпоўныя і несістэматызаваныя. Да таго ж, каб “дакапацца” да патрэбнай інфармацыі, неабходна назапасіць багата часу і цярпення. Хаця б, здавалася, што складанага ў тым, каб распрацаваць адзіны для ўсіх абласных і раённых сайтаў банер, па якім кожны пяройдзе да канкрэтнага пераліку аб’ектаў, ды змясціць яго на тытульныя старонкі выканкамаўскіх сайтаў, інвестпрапановаў і г.д. Не надта складаная аперацыя для рэалізацыі праграмы дзяржаўнай важнасці.
Зрэшты, чаго здзіўляцца, калі на сайце Мінкульта “спіс 46” таксама з’явіўся толькі ўвесну.
Вынік блізкі да нуля
Як паведамілі карэспандэнту TUT.BY у Мінкультуры, за час існавання “спісу 46-ці” інвестары набылі два аб’екты. Сядзібу Краскі на Ваўкавышчыне за 307 млн рублёў атрымаў бізнэсоўца з далёкага расійскага горада Салехард, які плануе жыць у ёй пасля рэканструкцыі. Радавы маёнтак Свяцкіх у вёсцы Полымя Сенненскага раёна будзе ператвараць у турыстычна-культурны цэнтр беларуска-латвійская фірма “БелФьючерс”. Яшчэ два аб’екты (згаданы палац Валовічаў і маёнтак ў в. Поразава Свіслацкага раёна) адышлі новым уладальнікам задарма.
Аднак падкрэслім, што прынамсі тры з чатырох аб’ектаў знайшлі гаспадароў рознымі шляхамі, але не дзякуючы новай дзяржаўнай ініцыятыве.
“Вядома, укладваючы грошы ў такі аб'ект, трэба разумець: гэта інвестыцыя ў доўгатэрміновую перспектыву — укладанні акупяцца не адразу і нават не на працягу некалькіх гадоў. Будынкі, як правіла, знаходзяцца ў даволі жаласным стане, і на іх аднаўленне прыйдзецца выдаткаваць сілы і сродкі, — распавядае дырэктар фонда “Краіна Замкаў” Аляксандр Варыкіш, які ў свой час набыў шляхецкую сядзібу Радзевічы ўсяго за 500 долараў. — Думаю, што купляць сядзібы будуць, хоць бы з разліку, што яны могуць прынесці прыбытак. Урэшце, нават у глухой літоўскай вёсачцы Нарвілішкес за сотню кіламетраў ад сталіцы пасля аднаўлення кляштара ўдалося арганізаваць буйны музычны фэст Be2gether. Гэта магчыма зрабіць і ў нас, толькі людзі павінны быць упэўнены, што з боку дзяржавы яны змогуць разлічваць на падтрымку і разуменне”.
Вось гэтага, галоўнага, у нас пакуль няма. Няма адладжанай сістэмы, у якой “спушчаная” міністэрствам праграма будзе выконвацца ніжэйшымі структурамі вертыкалі, якія, у сваю чаргу, будуць зацікаўленыя ў яе найхутчэйшай рэалізацыі. На чыноўніцкім узроўні адсутнічае разуменне каштоўнасці гістарычных помнікаў, якія яшчэ захоўваюць дух мінулага і нашай непаўторнасці і могуць стаць мастком у заўтра...
Мора расплясканай спадчыны
Дадамо, што “спіс 46-ці” — малая драбніца ў моры спадчыны, расплясканай па ўсёй Беларусі. Паводле афіцыйных даных, у краіне налічваецца амаль 190 сядзібна-паркавых і палацавых комплексаў, траціна з якіх нікім не выкарыстоўваецца. Аднак агульны сядзібны рэестр дагэтуль не створаны, а сапраўдная колькасць былых маёнткаў ідзе на сотні.
Як паведаміла TUT.BY загадчыца сектарам упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінкультуры Наталля Хвір, рэалізацыя “Плана дзеянняў па перадачы сядзібаў...” будзе разгледжана на пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры ўвосень.