Ці будзе Станіслаў Шушкевіч атрымліваць прыстойную пенсію?
“Вярхоўны Савет РБ 12-га склікання прыняў закон аб маім пажыццёвым пенсіённым забеспячэнні, -- напісаў тады Станіслаў Станіслававіч прэм’ер-міністру Сяргею Сідорскаму, старшыні Савета Рэспублікі Анатолю Рубінаву, старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміру Андрэйчанку, кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміру Макею і старшыні Вышэйшага Гаспадарчага суда Васілю Камянкову. -- Мая пенсія, як пенсія вышэйшай службовай асобы ў Беларусі, не дасягала ўзроўню сённяшніх пенсій шараговых дэпутатаў, але, што ўтойваць, была прымальнай.
9 верасня 1997 года быў падпісаны дэкрэт №16 аб “упарадкаванні пенсій за асобыя заслугі перад беларускім народам”, згодна з якім высокія пенсіі пацверджаны былым вышэйшым функцыянерам ЦК КПБ Сакалову, Палякову, Дземянцею. Іншым былым старшыням Вярхоўнага Савета (або яго Прэзідыума) і мне былі прызначаны так званыя пенсіі памерам 3200 рублёў у месяц. Праўда, з такой мізэрнай пенсіяй застаўся я адзін -- М.Грыб атрымлівае больш высокую -- вайсковую, С.Шарэцкі выехаў у замежжа, а Г.Таразевіч памёр без пенсіі.
Менавіта такую пенсію “за асобыя заслугі перад беларускім народам” -- тры тысячы дзвесце беларускіх рублёў у месяц -- я сёння і атрымліваю.
Відавочна, што дэкрэт, калі ён адпавядае Канстытуцыі, не можа ператвараць пенсію ў насмешку, зрабіць яе меншай за мінімальную сацыяльную пенсію, але, паўтараю, па нашых законах я сам не магу звярнуцца ў Канстытуцыйны суд, каб суд гэта пацвердзіў. Таму ў адпаведнасці з артыкулам 116 Канстытуцыі РБ я прашу Вас звярнуцца ў Канстытуцыйны суд, каб ён вызначыў, ці адпавядае Канстытуцыі РБ дэкрэт прэзідэнта №16 ад 9 верасня 1997 года, згодна з якім мая пенсія ператворана ў насмешку і ганьбіць не толькі таго, хто яе прызначыў сваім дэкрэтам, але і ўсе дзяржаўныя інстытуты, якія маюць дачыненне да сацыяльнага забеспячэння”.
Мы пацікавілася ў Станіслава Шушкевіча, што адказалі яму чыноўнікі. Падрабязнасці – у заўтрашнім нумары “Народнай Волі".