Мечыслаў Грыб: “Зроблены сур’ёзны крок”
Аўтары звароту адзначаюць, што справы зьніклых Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага дагэтуль застаюцца не расьсьледаваныя беларускімі ўладамі. А свой зварот апазыцыянэры і праваабаронцы накіравалі ў Раду Бясьпекі ААН, зважаючы на рэзалюцыю аб стварэньні Міжнароднай камісіі ААН па расьсьледаваньні забойства былога прэм’ер-міністра Лібану Рафіка Харыры ў 2005 годзе і іншых палітычна матываваных забойстваў у Лібане. Зварот ужо накіраваны міністрам замежных спраў сталых сяброў Рады Бясьпекі ААН — Кітаю, Расеі, Вялікай Брытаніі, Францыі і ЗША. Паводле старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, будзе цікава пабачыць рэакцыю Расеі. І калі расейскі бок падтрымае правядзеньне такога расьсьледаваньня, то гэта ня будзе шкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі. Пра спадзяваньні на Раду Бясьпекі Аляксей Янукевіч сказаў:
«Ня тое, каб было вялікае спадзяваньне на Раду Бясьпекі, але, прынамсі, быў такі прэцэдэнт. І калі Рада Бясьпекі такое пытаньне разглядала, і калі новая хваля грамадзкай увагі ўзьнялася да гэтай справы ў зьвязку з паказам фільмаў „Хросны Бацька“ па расейскіх каналах, мы павінны паспрабаваць прыцягнуць новыя інстытуцыі да расьсьледаваньня палітычна матываваных зьнікненьняў у Беларусі. І прыцягнуць чарговы раз увагу міжнароднай супольнасьці да гэтай праблемы».
Былы старшыня Вярхоўнага Савету, генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб, які таксама падпісаў зварот да Рады Бясьпекі ААН, адзначае, што ў Беларусі сьледчым органам «не даюць магчымасьці свабоды дзеяньняў, каб давесьці справу зьніклых да канца».
«Прайшло 10 і 11 гадоў, як людзі зьніклі, а справа зь месца і ня рухаецца. Тут нешта абяцаюць, справы нібыта не закрытыя, але ж ніхто і не праводзіць актыўных дзеяньняў, каб разабрацца і высьветліць, хто вінаваты. Час жа паставіць кропку ў гэтых справах. Хто вінаваты — няхай адказвае. Калі на месцы ня хочуць гэтым займацца, мы просім стварыць міжнародную камісію — няхай яна разгледзіць аб’ектыўна, незалежна ні ад чаго. Я лічу, што зроблены сур’ёзны крок».
Праваабаронца Алег Воўчак адзначае, што ў фільмах «Хросны бацька» гаварылася пра датычнасьць вышэйшых службовых асобаў да зьнікненьняў у Беларусі.
«Гэта год вырашальны, год прэзыдэнцкіх выбараў. І мы лічым, што Лукашэнка не павінен балятавацца, вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта, пакуль ня будзе вырашана пытаньне са зьніклымі — мае ён дачыненьне да гэтага ці не. І мы спрабуем падняць гэтае пытаньне на такім высокім узроўні».