Спякота...

Источник материала:  
Спякота...Нават, калі не адчуваць гарачыні, а толькі паглядзець на мінскія  вуліцы, напрыклад, на стужцы, то адразу кідаецца ў вочы нешматлюднасць. Людзі ў асноўным на тых баках вуліц, дзе ёсць цень. Амаль у кожнага трэцяга ў руках бутэлечка з вадой ці марожанае.На прыпынках усе гуртуюцца пад дрэвамі ці хаваюцца ў цені шапікаў. У крамах на просьбу даць бутэлечку вады з лядоўні пахаладней вам адкажуць, што яны ўсе аднолькавыя, бо не паспяваюць  ставіць.  

На Камсамольскім  возеры некалькі чалавек у купальніках разам з дзецьмі. Разгаварылася з жанчынай, якая назвалася Тамарай Пятроўнай. Яна сказала, што прыйшла з унучкай, бо ў кватэры зусім невыносна. Тамара Пятроўна сядзела са стосам газэт у цені таполі. "Ведаеце, вокны на сонечны бок. Такое адчуванне, што мы на Чорным моры. Я нават калі была там апошнім разам, а гэта было недзе 7 гадоў таму, то так не адчувала гарачыні. Нават увечары выходзілі ў Кактэбелі на шпацыр каля мора, дык я накідвала на плечы нейкі шалік. А тут... На Мінскае мора не паехалі, нам толькі пару гадзінак падыхаць тут. Вось дома падклала кніжкі пад рамы, каб не пабіліся вокны і дзверы ад скразняку. Пабудзем тут, пакуль там праветрываецца". 

Да размовы  далучылася жанчына справа: "У  мяне кот лёг у ванну, бо там  самае халоднае месца ў доме. Я яму кінула туды ручнік, каб было не так жорстка, дык ён усё роўна лёг на халоднае. Нават есці адмаўляецца. П’е ваду халодную, а есць толькі ўвечары”. 

Час ад часу жанчыны  пакрыквалі дзецям, каб не лезлі ў  ваду. Мужчына сталага веку Васіль Іванавіч Бойка сказаў, што памятае возера яшчэ ад пасляваенных часоў. “Колькі мы тут адпачывалі! Знаёміліся з дзяўчатамі. Гэта ж была такая мясціна, як вёска. Тут былі лодкі, рыбакі, мы ныралі вунь там, дзе цяпер газон, з такіх масткоў. На камерах каталіся. Цяпер такога няма. Дый вада тады была чыстая, хоць і возера штучнае. А цяпер паспрабуй сюды ўлезь, дык лячыцца потым будзеш невядома ад чаго”. 

Спякотнае надвор'е, якое пануе ў Беларусі ўжо два тыдні, штурхае людзей да вады. І тут элементарная адсутнасць культуры ўжывання алкагольных напояў спрыяе  сумнай статыстыцы. Спёка прынесла "рэкордную" лічбу тапельцаў. Толькі за апошні тыдзень у Мінскай вобласці патанулі 24 чалавекі. 14 з іх былі ў стане цяжкага алкагольнага ап'янення. Толькі адзін з 24 дасягнуў пенсіённага ўзросту. Усе астатнія – маладыя людзі і нават падлеткі. 

80% тапельцаў -  гэта мужчыны. Старшыня мінскага  абласнога савета Таварыства  ратавання на вадзе Сяргей  Паўлюкевіч тлумачыць гэта іх больш рызыкоўнымі паводзінамі на вадзе. Жанчынам не ўласціва з разбегу кідацца ў ваду ці ныраць з берага, не праверыўшы глыбіну вадаёма. 

А часам і перапад тэмпэратур можа стаць прычынай нейкага спазму і прывесці да гібелі чалавека.  

Сяргей Паўлюкевіч: "У нас у аМінскай вобласці 95 000 га занятыя вадой. Ні ў аднай краіне,  ні ў Еўропе ці ЗША на кожным вадаёме не ствараюць ратавальных станцый. Мы ж не можам паставіць ратавальніка на кожным месцы. Трэба імкнуцца купацца ў месцах, менавіта для гэтага адведзеных. Трэба выконваць правілы бяспекі. Калі пляж не абсталяваны, трэба, каб побач яшчэ былі людзі. Тады лягчэй прыйьці на дапамогу.  

Якія рэкамендацыі? Не лезці нападпітку ў ваду, выконваць  правілы бяспекі і вучыцца добра  плаваць. Апроч таго, трэба імкнуцца купацца толькі там, дзе гэта дазволена. Вось нядаўна патануў мужчына  ў тэхнічным вадаёме ў пасёлку  Дружба. Яго выцягнулі, а ён быў увесь чорны, нібы афрыканец, бо там мазут". 

У мэтах прафілактыкі толькі ў Мінскай вобласці на агітацыйныя плакаты выдаецца 10 мільёнаў рублёў, але такія прафілактычныя захады пакуль ня маюць жаданага эфекту. У сумнай статыстыцы ёсць і дзеці. Яны гінуць у асноўным з-за недагляду дарослых. Звычайная карціна, калі дарослыя рыхтуюць стол, смажаць шашлык, а дзеці бегаюць недзе побач. Ратавальнікі прыгадваюць, як нядаўна трохгадовая дзяўчынка на Нёмане трапіла ў ваду і яе цела аднесла за некалькі кіламетраў.  

Дарослыя мусяць сачыць за тым, каб паездка за горад на уік-энд запомнілася толькі шчаслівымі момантамі. Гэтаму спрыяе сёння ўсё – вада ў азёрах і рэчках прагрэлася  да 28 градусаў. У Мінскай вобласці санэпідэмстанцыя не забараніла купацца ні на адным возеры. Выключэннем з'яўляюцца толькі тыя пляжы на Нарачы, дзе медыкі з ведамстваў, на балансе якіх знаходзяцца тыя ці іншыя санаторыі, знайшлі ў вадзе небяспечную мікрафлору. 

На Гродзеншчыне  таксама ўсе вадаёмы чыстыя. А  вось на Віцебшчыне пад забарону трапілі возера Янава, Шчаты, Суя і Гомель пад Полацкам. На Магілёўшчыне забаронена купацца ў Дняпры на гарадскіх пляжах у Магілёве і Шклове. На Брэстчыне пад забарону трапілі 13 вадаёмаў і столькі ж на Гомельшчыне. Апроч таго, на Гомельшчыне ёсць небяспека пажараў на тарфяніках. Таму там абмежавалі прыток адпачываючых у лесе. Там будуць сачыць, каб турысты не распальвалі вогнішчы.  

На рэчках пачаўся  спад узроўню вады. На Заходняй Дзвіне  і Піне гэта ставіць пад пагрозу судаходства.  

Ірына Жаўняк з Рэспубліканскага цэнтра эпідэміялогіі патлумачыла “Народнай Волі”, што сітуацыя на вадаёмах значна лепшая, чым чакалася ў выніку спёкі. Гэта ўсё дзякуючы таму, што па начах ідуць дажджы і нават навальніцы. Яны і не даюць вадзе забруджвацца.  

Ад спякоты пакутуюць усе – і людзі і жывёлы. Але на Мінскай гарадской станцыі хуткай дапамогі загадчыца Вольга Шаронава паведаміла, што ніякай экстрэмальнай сітуацыі няма. Яна адзначыла, што выклікаў сапраўды стала больш да людзей, якія маюць праблемы з сэрцам і ціскам. Але, паводле меркавання медыка, людзі самі прымаюць неабходныя меры, каб не атрымаць цеплавы ўдар ці давесці сваё знаходжанне пад сонцам да сур’ёзных наступстваў. 

Горш у такой  сітуацыі даводзіцца працаваць супрацоўнікам  ДАІ. Добрае яснае надвор’е дае магчымасць кіроўцам парушаць правілы і перавышаць хуткасны рэжым. Да таго ж у спёку рэакцыя кіроўцы запавольваецца. Аварыі ў такія дні маюць значна больш трагічныя наступствы, чым у галалёдзіцу ці ў туман, ці, калі ідзе моцны дождж. 

Аперацыя “Хуткасць” дала свае вынікі. Шмат кіроўцаў пазбавілі правоў за паўторнае перавышэнне дазволенай хуткасці на 20 км. Выпісаны дзесяткі штрафаў. Але галоўнае, каб усе ўдзельнікі руху адчувалі сваю адказнасць і імкнуліся не ствараць іншым праблем на дарогах падчас выхадных.  

Крынiца: Народная Воля

←Минфин: дефицит бюджета в первом полугодии составил 1,7 трлн. рублей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика