Баркалабаўская Божая Маці лекуе, дае дзетак і выцягвае людзей з таго свету
09.07.2010 11:18
—
Новости Общества
Фото: Звязда
Айцец Мікалай служыць у Быхаве з 1993 года. Тутэйшы Траецкі храм збудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя — цяпер гэта адзіны храм, прычым драўляны, які ацалеў у Быхаве. Ненадоўга храм зачыняўся перад вайной, камуністы зрабілі тут зернясховішча. Але ўжо ў 1942-м быў адчынены — і з таго часу людзі ідуць сюды да Бога. Апроч уласных архітэктурных адметнасцяў, храм мае іканастас з вёскі Баркалабава — у тамтэйшай царкве савецкія бязбожнікі зрабілі спартовую залу, але іканастас удалося ўратаваць. Аднак галоўная каштоўнасць Траецкай царквы — цудадзейны абраз Баркалабаўскае Божае Маці, вядомы ад 1648 года, — неўзабаве можа пакінуць царкву...
— У 1648 годзе, згодна з Баркалабаўскім летапісам, расійскі князь Пажарскі (але не той, што на помніку з Мініным) з жаўнерамі вяртаўся з вайны з Польшчай і з ім быў абраз, — апавядае айцец Мікалай. — Воз, на якім везлі абраз, стаў колам каля жаночага манастыра, які нядаўна адчыніўся. Конь не хацеў ісці далей — князь загадаў, каб жаўнеры цягнулі яго, але безвынікова... І тады князь зразумеў, што Божая Маці ў гэтым вобразе хоча быць у тутэйшым манастыры. Паслаў да ігуменні Фацінні Кіркораўны — і хрэсным ходам абраз урачыста перанеслі ў цэнтральны храм. Паставілі пасярэдзіне, вырашылі зранку вызначыць яму месца. Зранку адчынілі храм — тым часам абраза пасярод храма не было, ён апынуўся справа ад алтара. Гэтая вестка хутка разляцелася па навакольных вёсках, да царквы пачалі ісці вернікі. Хто прасіў Божую Маці пра ацаленне — і прыкладаўся да абраза, той атрымліваў ацаленне...
Абраз, які цудам патрапіў у храм, цудам заняў вызначанае месца, робіць цуды вось ужо больш за 350 гадоў. Сам абраз за гэты час таксама неаднойчы ратаваўся цудам...
— Ад 1953 года абраз знаходзіцца ў Траецкім храме горада Быхава, — працягвае айцец Мікалай. — Пасля рэвалюцыі храм пры манастыры зачынілі, манахіні рассяліліся па навакольных вёсках. Абраз захоўвалі ў адной вёсцы на беразе Дняпра, для канспірацыі — у лазні. Улады хацелі ліквідаваць яго, але дзіўным чынам Божая Маці штораз ратавала свой цудатворны абраз. І калі ўжо настала пацяпленне, адносіны ўладаў сталі не такія жорсткія — у 1953 годзе за часам протаіерэя Леаніда абраз быў перанесены ў Быхаў, у наш храм. І цяпер ён тут.
Айцец Мікалай кажа, што спецыяльна ніхто не занатоўваў цуды, створаныя Баркалабаўскай Божай Маці. Часта гэта даволі інтымныя справы, якія людзі не заўжды і афішуюць. Але некалькі сапраўдных цудаў адбылося ўжо падчас ягонага служэння.
— У адной жанчыны быў рак грудзей. У Магілёве зрабілі аналізы — усё пацвердзілася. Накіравалі ў Бараўляны на аперацыю — выразаць пухліну. Маці гэтай жанчыны, шчырая верніца, настрапаліла яе зайсці ў наш храм і маліцца перад абразом Баркалабаўскай Божай Маці. І вось гэтая жанчына зайшла і памалілася — сама, без святара, як умела. І паехала. У Бараўлянах яе падрыхтавалі да аперацыі, вырашылі праверыць апошні раз на УГД. І пухліны не знайшлі! На рэнтген — таксама няма! Накіравалі запыт у Магілёў, па факсе атрымалі ўсе дакументы — сапраўды, была пухліна, і злаякасная!.. Пасля жанчына прыйшла ў храм са слёзамі радасці на вачах... Гэтую гісторыю мне распавялі жанчыны з нашага царкоўнага хору. А неўзабаве я быў на пахаванні. Памаліўся. Але адвезці дахаты мяне не атрымалася — сапсавалася машына. Папрасілі — бацюшка, прысядзьце. І адная бабулька пачала распавядаць тую самую гісторыю пра гэтую жанчыну — высветлілася, што гэта яе дачка!.. З розных крыніц я пачуў тое самае...
Другі выпадак здарыўся з хросным сынам айца Мікалая, так што звесткі дакументальныя.
— Аднойчы служыў Божую літургію ў Чычэвічах — і патэлефанавалі, што дзіця патрапіла ў рэанімацыю, мой хросны сын. Я прыехаў у Быхаў, меўся яшчэ быць на пахаванні — і як толькі вызваліўся, адразу ў храм. З жонкай адслужылі малебен Божай Маці пра здароўе немаўляці. Паехаў дахаты, толькі памаліўся "Ойча Наш" і сеў абедаць — тут жа званок з Мінска. Тэлефануе маці таго дзіцяці. Дзякуе, кажа, што дзіця апрытомнела, пазнала яе. І лекары здзіўленыя: як пры такім дыягназе так магло стацца... Казалі, што зазвычай нават калі пацыент выжывае, то робіцца інвалідам. А дзіця цяпер, дзякаваць Богу, пры поўным здароўі, ніякіх праблемаў...
Божая Маці дапамагае не толькі ў хваробе, кажа айцец Мікалай. Дзве сям'і, якія не мелі дзетак, шчыра маліліся каля цудатворнага абраза — і знайшлі радасць бацькоўства... Божая Маці, паводле слоў святара, дапамагае і ў іншых справах — калі яе просяць для дабра, для ратавання душы, а не каб задаволіць грахоўныя жаданні.
Тым часам Баркалабаўскі жаночы манастыр аднаўляецца — адзін храм ужо збудаваны пад купал. Вернікі вельмі хочуць падрыхтаваць храм да свята, калі ўся праваслаўная царква шануе гэты абраз Божае Маці — 24 ліпеня па новым стылі. У гэты дзень пасля Божай літургіі хрэсным ходам Баркалабаўскую Божую Маці мусяць перанесці ў той кляштар, дзе яна была доўгі час і праславілася як цудатворная.
— Але — як будзе Божая воля, мы не ведаем — ці паспеецца падрыхтоўка манастыра да гэтай даты, як Божая Маці сябе праявіць у гэтым вобразе... — кажа айцец Мікалай. — Штогод у гэтае свята ў нас адбываецца богаслужэнне з удзелам архіерэяў, вельмі шмат людзей спавядаюцца, прычашчаюцца, ужо склалася традыцыя хрэсных ходаў — летась было ажно два: з Бабруйска і Магілёва. Мяркуецца, і сёлета будзе таксама два.
Святар кажа, што думкі аб пераносе абраза раздзяліліся. Ёсць меркаванне, што абраз трэба вярнуць у манастыр. А мясцовыя вернікі вельмі не хочуць, каб абраз пераносілі ў Баркалабава, вельмі смуткуюць з гэтай прычыны.
— Аднак тут мусіць быць Божая воля, супраць якой мы не можам пайсці... — разважае айцец Мікалай.
— А вам, як святару, што думаецца?
— Зразумела, мне трошачку сумна... Але я міруся з гэтым. І вернікаў нашых пераконваю, што трэба змірыцца, аддацца волі Божай.