Шкада пчолку

Источник материала:  

Чаму сёння прабуксоўвае развiццё пчалярства на Бабруйшчыне

Марыя Карабанава — галоўны пчаляр Бабруйскага раёна — вось ужо на працягу амаль чатырох дзесяткаў гадоў займае адпаведную пасаду ў райсельгасхарчы. Як кажуць, не па чутках ведае развiццё пчалярскай галiны рэгiёна.

— Марыя Купрыянаўна, — звярнуўся я да спецыялiста, — як бы вы ахарактарызавалi цяперашнi стан пчалярства ў раёне, цi адпавядае ён сучасным патрабаванням?

— Пчалярства ў нашым рэгiёне перажывала i ўздым, i падзеннi у залежнасцi ад таго, як да яго ставiлiся на розных узроўнях. Канешне, раней гэтая галiна была ў большай пашане. Iснавала зацiкаўленасць у людзей, а потым яна нiбыта знiкла… Аднак цяпер пчалярства пакрысе пачынае ўзнiмацца. Пра гэта сведчыць i той факт, што ў раёне i горадзе сёлета налiчваецца больш як трыста пчальнiкоў, якiя аб’ядноўваюць звыш за 4 тысячы пчоласем’яў. Напрыклад, гэтай цiкавай справай займаецца колiшнi старшыня райвыканкама Юрый Вiславус, дырэктар гiдролiзнага завода Сяргей Бакун, ваенком Аляксандр Марчанка, iншыя вядомыя людзi. I што асаблiва важна: у моладзi абудзiлася цiкавасць да мядовай справы. I гэта трэба толькi вiтаць. Значыць, будзе ў яе працяг, належнае будучае. Галоўнае, каб не загiнулi традыцыйныя пчалярскiя мясцiны – гэта вёскi Дойнiчава, Шараёўшчына, Саломенка, Мiрацiна, Сычкава, дзе шмат натуральных меданосаў. Не магу не адзначыць Малыя i Вялiкiя Бортнiкi, у гэтых мястэчках заўсёды шмат пчаляроў. Нават сама назва гэтага населенага пункта ад слова «борцiць» – браць мёд.

Сучасныя пчаляры знаходзяцца заўсёды ў працэсе вучобы, наведваюць семiнары па пчалярству, удзельнiчаюць у разнастайных ярмарках у нашай краiне i за мяжой.

Больш складаная сiтуацыя з развiццём галiны складваецца ў сельгаскааператывах. Праўда, апошнiм часам ажывiлi пчальнiкi ў СВК «Аграмашсэрвiс», саўгасе «Кiсялевiчы», дзе ўзялi на працу новых спецыялiстаў. Аднак у асноўным сёння ад пчалярства ў гаспадарках раёна адмахваюцца: маўляў, навошта яно? Найперш, кантралюецца вытворчасць мяса, малака, а не мёду.

— Дык, можа, пчалярства i яго галоўны прадукт мёд непатрэбныя?

— Ва ўсiм свеце гэта справа актыўна развiваецца. Мёд – найкаштоўнейшы прадукт. У Японii, напрыклад, яго даюць у дзiцячых садках, а дарослыя спажываюць яго ў вялiкай колькасцi. Мы толькi цяпер падыходзiм да разумення значнасцi гэтага прадукту. Пчалярства, калi да яго ставiцца прафесiйна, дае вялiкi прыбытак. Скажыце, а хто ў нас не любiць мёд? Такiх амаль не знойдзецца.

Адчуваю па настроi кiраўнiкоў нашага раёна, райсельгасхарчу: пчалярская справа ў блiжэйшай будучынi павiнна пайсцi на ўздым. У даўнiну той, хто меў пчальнiк, лiчыўся заможным i паважаным гаспадаром. Нельга скiдваць з разлiку i тое, што пчолы нязменныя апыляльнiкi раслiн, а гэта, як вядома, павышае ўраджайнасць.

— Цiкава, а вы самi займаецеся пчоламi?!

— Безумоўна, на сваёй дачы ў Бiбкаўшчыне я трымаю дзесяць пчалiных сем’яў. Ну як мне без iх, гэта вельмi захапляльна…

— Карацей кажучы, пчалярствам трэба загарэцца. А што сёння асаблiва хвалюе пчаляроў?

— Нам усiм трэба не засядзецца ў мiнулым, а крочыць наперад. Сёння актуальнае — укараненне найноўшых тэхналогiй утрымання крылатых працаўнiц, апрацоўка пчальнiкоў ад шкоднiкаў, розных хвароб. Шмат ёсць iншых цэхавых праблем.

Далей. Паглядзiце, якiя сёння нiзкiя стаўкi аплаты працы ў пчаляроў СВК, не дасягаюць i двухсот тысяч у месяц… Ну хто на такiя грошы пойдзе працаваць? Вось чаму нярэдка застаюцца пчальнiкi без гаспадароў. Гэта пытанне трэба хутчэй вырашаць, бо яно цягне за сабой наступнае: хто ў такiм выпадку будзе вучыцца на пчаляра, звязваць свой лёс з мядовай справай.

I самае крыўднае, што цяпер пчалярская галiна, у адрозненне ад iншых, не мае свайго заканадаўства. Аднак, спадзяёмся, што ў блiжэйшы час адпаведныя прававыя акты з’явяцца i дапамогуць вырашыць многiя iснуючыя пытаннi.

— Марыя Купрыянаўна, цi ёсць у нас «пчалярскiя» перспектывы?

— Вядома, яны ёсць. Я ўжо гаварыла пра тое, як апошнiм часам актывiзавалiся аматары-пчаляры. Дык чаму б сельгаскааператывам не ўзяцца за справу? Знойдуцца i тут прадпрымальныя людзi, якiя адчуюць карысць ад пчалярства. Ну i айчыннай прамысловасцi трэба павярнуцца да нашай галiны тварам, забяспечыць яе ўсiм неабходным. Дакуль мы ўсё будзем завозiць з-за мяжы? Больш трэба праяўляць зацiкаўленасцi да пчалiнай сферы i на высокiм афiцыйным узроўнi. Каб праблемы развiцця айчыннага пчалярства знайшлi сваё рэальнае ўвасабленне. Ад гэтага справа толькi выйграе. Ну а мы, хто даўно працуе ў галiне, будзем толькi рады.

←Все предпосылки для сбора хорошего урожая есть. Но уборку надо провести в максимально сжатые сроки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика