Першы год першага беларускамоўнага міністра
05.07.2010 14:40
—
Новости Общества
Павел Латушка. Фота: Я. Ерчак, TUT.BY |
"Калі беларускаю мовай загавораць міністры..."
Яшчэ ў студэнцтве, якое прыйшлося на кароткі, але досыць дзейсны перыяд нацыянальнага адраджэння, Павел Латушка запомніўся кіраўніку Таварыства беларускай мовы Алегу Трусаву заўсёднікам управы ТБМ. Атрымаўшы адразу два дыпломы (юрфак і лінгвістычны), цяперашні міністр зрабіў імклівую дыпламатычную кар'еру. У 31 год ён стаў самым маладым айчынным амбасадарам. На чале беларускага дыппрадстаўніцтва ў Польшчы (2002-08) Латушка ўсталяваў сувязі з беларускай дыяспарай, адкрыў першы культурны цэнтр Беларусі за мяжой, спрыяў павелічэнню амаль удвая беларуска-польскага таваразвароту. Пры гэтым быў адзіным беларускім дыпламатам, які публічна і паслядоўна карыстаўся "матчынай мовай".
Узначаліўшы Міністэрства культуры, Павел Паўлавіч аўтаматычна стаў першым за апошнія 15 гадоў беларускім міністрам, для якога беларуская мова - натуральная і неад'емная частка светапогляду. Ён адразу заявіў, што "не ўяўляе Міністэрства культуры без беларускай мовы" і што асабіста для яго "беларуская мова з'яўляецца прыярытэтнай".
Абвясціўшы аб пераводзе міністэрскага справаводства на беларускую мову, Латушка неаднаразова паўтараў, быццам супакойваючы чыноўнікаў: гвалтоўнага пераходу на "мову" не будзе. Заміж гэтага прапанаваў "шлях уласнага прыкладу": "Давайце разам пачынаць дзень з таго, што будзем казаць адзін аднаму "дзень добры", "калі ласка", "дзякуй" і "да пабачэння".
"Кажуць, Павел Латушка - адзін з нямногіх дзяржаўных чыноўнікаў, які паслядоўна і падкрэслена карыстаецца беларускай мовай. А што тут дзіўнага? Паша ўжываў беларускую мову з першага курса. Беларускамоўнае аддзяленне ўсё ж", - такі водгук на форуме TUT.BY пакінуў адзін з наведнікаў нашага партала.
Нібыта ў падтрымку прызначэння "першага беларускамоўнага міністра" мінулай восенню прагучалі вынікі сацыялагічнага даследавання Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта. Паводле апытання, палова беларусаў (50,1%) падтрымлівае шырэйшае выкарыстанне беларускай мовы ў краіне пры ўмове, што не будзе перагінаў. "Значная частка грамадства (ад 27% да 43%) лічыць, што шырэйшае ўжыванне беларускай мовы ў жыцці рэспублікі прывядзе да кансалідацыі насельніцтва, яго згуртаванню шляхам павышэння ўзроўню нацыянальнай самасвядомасці, глыбейшага ўсведамлення свайго становішча як самастойнай нацыі", - цытавала вынікі даследавання БЕЛТА.
Прыгадайма, больш за паўстагоддзя назад Якуб Колас назваў галоўную ўмову вывядзення роднай мовы з загону: "Калі беларускаю мовай загавораць міністры і іх шматлікія намеснікі, пачнуць праводзіць на гэтай мове паседжанні, пісаць, дык можна мець пэўнасць, што справа пойдзе на лад". Ці можна па выніках года працы Паўла Латушкі гаварыць пра нейкія зрухі ў гэтым накірунку?
"Мова міністра робіць вялікі эфект, - адказвае на пытанне карэспандэнта TUT.BY шэф-рэдактар першай беларускай газеты "Наша ніва" Андрэй Дынько. - Зараз многае будзе залежаць ад таго, якім будзе наступнае месца працы Латушкі: пойдзе ён на павышэнне ці паніжэнне, а можа, яму, як таленавітаму адміністратару і дыпламату, давераць партфель у адным з эканамічных, палітычных ці сілавых ведамстваў. У развітых краінах такія павароты кар'еры дзяржаўных службоўцаў - звычайная рэч".
На думку эксперта, тэстам для ўладаў у сэнсе моўнай палітыкі і палітыкі ідэнтычнасці стала б "прызначэнне беларускамоўнага на адну з пасадаў у эканамічным ці сілавым блоку". "Годныя кандыдаты ёсць, і грамадства да такога гатовае", - перакананы Дынько.
Амаладжэнне кадраў
"Нефармальны клуб беларускамоўных амбасадараў" (злева направа): Латушка, Стэфан Эрыксан, Ігар Ліхавы, Эдмінас Багдонас. |
У лістападзе крэсла намесніка міністра пазбавіўся 51-гадовы Уладзімір Грыдзюшка. А вось 64-гадовы Уладзімір Рылатка атрымаў адстаўку толькі ў чэрвені. Апошні знаходзіўся на пасадзе намесніка міністра культуры з 1988, а першага намесніка - з 1996 года! Пагаворвалі, што менавіта ён кіраваў беларускай культурай цягам апошняга дзесяцігоддзя, і з прыходам у міністэрства Латушкі яго першага залічылі ў шэраг патэнцыйных адстаўнікоў.
Сімптаматычна, што "адстаўленыя" Грыдзюшка і Рылатка хутка знайшлі сабе працу ў Тэатры оперы і балету. Першы - генеральным дырэктарам, другі - ягоным першым намеснікам. Дадамо, што на пасадзе намесніка гендырэктара Опернага ўжо некалькі год працуе яшчэ адзін экс-намеснік міністра культуры Валеры Гедройц. Такая вось кампанія.
На змену Грыдзюшку і Рылатку прыйшлі калега Латушкі па працы ў беларускай дыпмісіі ў Польшчы Тадэвуш Стружэцкі і Уладзімір Карачэўскі, які цягам апошніх год узначальваў упраўленне культуры Мінгарвыканкама.
З былога кіраўніцтва галіной сваю пазіцыю захаваў адно намеснік міністра Віктар Кураш, які, відаць, здолеў знайсці з маладым міністрам агульную мову.
Сістэмнасць і паслядоўнасць працы міністэрства і самога міністра Андрэй Дынько лічыць адным з асноўных дасягненняў Латушкі ў першы год працы. "Стала менш паказухі, болей стратэгіі. Падкупляе ягоная асабістая інтэлігентнасць. Звяртае ўвагу працавітасць. Ён таксама не баіцца рашаць застарэлыя праблемы, якія ягоныя папярэднікі проста адкладалі на пасля - і па тэатрах, і па рэканструкцыях, і па рэгіянальных справах. Прысутнасць міністэрства ў інтэрнэце стала больш заўважнай. Замежныя кантакты таксама ажывіліся, што стварае пазітыўны вобраз Беларусі як адкрытай, культурнай, а гэта значыць прывабнай для інвестыцый краіны", - адзначае эксперт.
І, сапраўды, калі папярэднія кіраўнікі Мінкульта па-савецку глядзелі выключна на Усход, то дыпламат Латушка неаднаразова падкрэсліваў, што "з Літвой і Польшчай нас аб’ядноўвае адзіная культурная спадчына". З міністрамі гэтых краінаў-суседзяў ён наладзіў кантакты, вынікам чаго сталі іх візіты ў Беларусь і падпісанне шэрагу міжурадавых дамоў. "Шкада 15 гадоў, прамарнаваных на непаразуменні, калі не было ніякіх кантактаў", - наракаў падчас лістападаўскага прыезду ў Мінск міністр культуры Польшчы Богдан Здраеўскі. Ягоны літоўскі калега таксама не быў у Беларусі з 1994 года.
"Латушка лавіруе на "чацвёрку"
Апроч моўнай пазіцыі і адкрыцця заходняга вектару супрацоўніцтва, ці не самыя рэвалюцыйныя крокі Павел Латушка зрабіў у сферы аховы спадчыны. Адной з першачарговых задач на пасадзе міністра былы дыпламат абвясціў навядзенне парадку з архітэктурнымі помнікамі, дзесяткі якіх за апошнія гады былі знішчаныя гора-будаўнікамі, загінулі альбо гінуць праз адсутнасць ўвагі з боку дзяржавы. Новы міністр публічна спыніў еўрарамонт Мірскага замка, запрасіў да ўдзелу ў працы грамадскасць, стварыўшы пры міністэрстве Грамадскую назіральную камісію. Для пошуку новых крыніц фінансавання занядбанай спадчыны Мінкульт адрадзіў латарэю "Скарбніца" ды сумесна з мясцовымі ўладамі распачаў праект перадачы шляхецкіх палацаў і сядзібаў інвестарам для размяшчэння там аб’ектаў агра-, экатурызму.
Да таго ж з пасады намесніка міністра, як ужо згадвалася вышэй, быў звольнены Уладзімір Грыдзюшка, які не адзін год узначальваў Рэспубліканскую навукова-метадычную раду па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны і адказваў за фінансаванне рэканструкцыі і рэстаўрацыі па ўсёй краіне.
Разам з тым выглядае, што галоўная праблема, аб якой сам міністр не аднойчы заяўляў (адсутнасць узаемадзеяння заказчыка, падрадчыка і навуковага кіраўніка на ўсіх этапах праектавання і рэстаўрацыі аб’ектаў), застаецца нявырашанай. Гэтак, структурнае прадпрыемства Мінгарвыканкама "Мінская спадчына", адказнае за рэканструкцыю гістарычнай забудовы ў сталіцы і не толькі, за апошнія месяцы неаднаразова дапускала парушэнне закону. Ані невялікія штрафы, ані прадпісанні ад Генпракуратуры іх не сунялі.
Ні на кроплю не пасунулася сітуацыя з пошукам балансу паміж грашамі інвестараў і неабходнасцю захаваць спадчыну. У Мінску, Брэсце, Гродне ўнікальныя будынкі пад рознымі соўсамі прыносяць у ахвяру шклобетонным новабудам.
"У студзені, пасля выніковай калегіі Мінкультуры, я сказаў вам, што за сем месяцаў знаходжання Латушкі на пасадзе міністра было шмат прыгожых дэкларацый, а вось рэальных крокаў практычна ніякіх, - распавядае карэспандэнту TUT.BY кіраўнік Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. - Сёння я гатовы падпісацца пад кожным з тых словаў, але ж магу дадаць, што пазітыўныя крокі робяцца. У першую чаргу міністэрства стала беларускім па сутнасці і суперадкрытым для камунікацыі з грамадскімі аб’яднаннямі".
Што занесці ў актывы Мінкульта за год працы Латушкі? Па словах старшыні Таварыства аховы помнікаў, за гэты час міністэрства і ўпраўленне па ахове гісторыка-
Фота: Я.Ерчак, TUT.BY |
"Што да правядзення рэканструкцыі, гэта доўгатэрміновыя працэсы. Калі ўзяць Мірскі і Нясвіжскі замкі, на тэарэтычным і нарматыўным узроўні закладзены перспектыўныя змены. У Міры - гэта ліквідацыя залішняга жалезабетону і дэкоруму ландшафтнага дызайну, якія замінаюць ўспрыняццю замкавага комплекса. У Нясвіжы ў асноўным з ініцыятывы міністра зацверджана канцэпцыя вяртання гістарычнага выгляду вежы", - адзначае эксперт.
Закранаючы шматлікія негатыўныя пытанні, на думку Астаповіча, многія з іх ляжаць па-за сферай кампетэнцыі Мінкульта, якому бракуе паўнамоцтваў.
"Таму хачу параіць Паўлу Паўлавічу заняцца фармаваннем нармальнай інспекцыі па ахове спадчыны, незалежнай ад мясцовых уладаў. Тады сапраўды з’явіцца зваротная сувязь міністэрства - рэгіён, - раіць Антон Астаповіч, які ёсць сябра створанай Латушкам Грамадскай назіральнай камісіі. - Сёння ж ва ўпраўленні аховы помнікаў працуе ўсяго 11 чалавек, якія заваленыя працай і няздольныя нават наведваць аб’екты. Каб не грамадскія актывісты, парушэнняў ніхто б не бачыў".
Першы год Латушкі на пасадзе міністра Антон Астаповіч называе "годам чаканняў і супярэчлівасцяў". "Якімі б не былі памкненні Паўла Паўлавіча, ён працуе ў сістэме, і яму трэба лавіраваць паміж ёй і мілымі сэрцу кожнага беларуса дэкларатыўнымі прынцыпамі. На дадзены час ён лавіруе на адзнаку "чатыры" па пяцібальнай шкале", - кажа эксперт.
"Чалавек на сваім месцы"
Год назад у Мінску адбыўся V З’езд беларусаў свету, у якім упершыню за 18 гадоў бралі ўдзел дзяржаўныя чыноўнікі на чале з Паўлам Латушкам. Міністр культуры назваў форум, наладжаны МГА "Задзіночанне беларусаў свету "Бацькаўшчына", "вельмі важным для аднаўлення дыялогу", паабяцаўшы замежным суполкам падтрымку дзяржавы ў захаванні самабытнасці і арганізацыі мерапрыемстваў. Здавалася б, цудоўны пачатак, але...
За прамінулы год без усялякага ўдзелу грамадскасці падрыхтаваны праект дзяржпраграмы па вяртанні на радзіму беларусаў. А вось доўгачаканы законапраект аб суайчынніках за мяжой, свой варыянт якога на разгляд дзяржаўных органаў прапанавалі спецыялісты "Бацькаўшчыны", так і не быў скончаны. Праўда, напрыканцы чэрвеня ў Мінску адбылося першае паседжанне кансультатыўнай рады па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры, у якім удзельнічалі прадстаўнікі замежных суполак, дзяржавы і грамадскасці.
Дык ці змянілася што ў стасунках дзяржавы з беларусамі замежжа падчас працы Паўла Латушкі?
Cтаршыня Рады "ЗБС "Бацькаўшчына" Ніна Шыдлоўская адзначае, што шматгадовая праца іх арганізацыі, якая пераконвала дзяржструктуры, што супраца з беларусамі замежжа прынясе дзяржаве толькі карысць, пачынае даваць плён. "Ёсць адчуванне пэўных зрухаў у сістэмнасці працы. Першае паседжанне кансультатыўнай рады дае спадзеў, што яна не стане чарговым намінальным органам. За адным сталом сядзелі людзі розных палітычных поглядаў, але ў кожнага з іх ёсць усведамленне, што Беларусь павінна развівацца і ісці наперад. Жывы дыялог з вышэйшым эшалонам дзяржаўнай улады дае магчымасць пачуць абодва бакі і лепей зразумець патрэбы і магчымасці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва", - гаворыць у інтэрв’ю TUT.BY Ніна Шыдлоўская.
З гледзішча спецыяліста, новы міністр культуры - "чалавек на сваім месцы", які разумее многія працэсы лепш за папярэднікаў. "Міністэрствам культуры нямала робіцца, шмат па якіх накірунках яшчэ няма пазітыўных зрухаў. Аднак я не стала б звязваць усё выключна з адной асобай, - заўважае прадстаўнік "Бацькаўшчыны". - У дачыненні да супрацы з беларусамі замежжа варта весці гаворку пра станоўчую тэндэнцыю, якая назіраецца з боку дзяржаўных органаў на многіх узроўнях".
"Адлігаватасць і толькі"
Нагадаем, напрыканцы мінулага года, акурат на 85-годдзе беларускага кіно, з пасады дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі быў звольнены Максім Буданаў. Пасля гэтага Савет міністраў прыняў рашэнне аб пазбаўленні дэпартамента незалежнага статусу і пераводзе яго ў падпарадкаванне Міністэрства культуры. У СМІ хадзілі чуткі аб тым, што з прыходам Латушкі крэсла пазбавіцца і гендырэктар "Беларусьфільма" Уладзімір Замяталін, аднак размовы так і засталіся размовамі.
Галоўны прарыў года - запрашэнне ў Беларусь з Расіі Андрэя Кудзіненкі. Таго самага, які пяць гадоў назад зняў фільм "Акупацыя. Містэрыі", названы крытыкамі адраджэннем айчыннага кіно, але забаронены ўладамі да паказу. Атрымаўшы поспех у Расіі, Кудзіненка вярнуўся на радзіму, каб зняць першы беларускі жудзік "Масакра" - пра Беларусь пасля задушэння нацыянальна-вызваленчага паўстання Кастуся Каліноўскага. Дарэчы, забароненай 6 год назад "Акупацыі. Містэрыі" сёлета вярнулі пракатнае пасведчанне.
На думку культуролага і кінакрытыка Максіма Жбанкова, вялікіх зменаў у нашым кіно не адбылося.
"З аднаго боку, за Латушкам мы не бачым новых фантастычна бязглуздых, пафасных стужак кшталту "Анастасіі Слуцкай". З іншага - няма ўцямнай і эфектыўнай стратэгіі нацыянальнага кінематографу і, адпаведна, якаснага сучаснага кіно. Таму адначасова маем "Масакру" Андрэя Кудзіненкі (спроба адшукаць новы фармат нацыянальнага кіно), "Ваўкоў" Аляксандра Колбышава (антысталінісцкае перабудовачнае кіно, зробленае без уліку сучаснай культурнай сітуацыі і глядацкіх прыярытэтаў) і "Дастиш фантастиш" Сержука Канановіча (адвязная, канапляная спроба зрабіць моладзевае кіно ў разуменні рэжысёра-пачаткоўца - бескантрольна, бессістэмна і несучасна), - тлумачыць крытык. - Калі раней можна было казаць пра пэўны стыль "Беларусьфільма" (няхай і савецка прапагандовы), то цяпер яго не стала, і мы спрабуем рухацца адначасова ў розных накірунках".
Жбанкоў звяртае ўвагу на тое, што адбылася рэабілітацыя папярэдне выгнаных творцаў. Аднак, калі яны дачакаліся вольнай трыбуны, выявілася, што агучыць ім амаль няма чаго. "Гэтакую ж разгубленасць бачым у капітанаў кінаіндустрыі. У выніку атрымаліся прыватныя адысеі айчынных аўтараў ва ўсіх накірунках, - кажа Максім Жбанкоў. - Што да асабістага ўплыву Латушкі. Пэўная адлігаватасць у кіно прысутнічае. Але адліга - гэта заўжды ўводзіны ў іншую сітуацыю, час напярэдадні падзей. Мы атрымалі год напярэдадні падзеяў, але саміх падзеяў, на жаль, пакуль не бачна".
"Латушка толькі першая птушка"
Ён можа начытаць на просьбу TUT.BY свой улюбёны верш Багдановіча да ўгодкаў паэта, зухавата вытаньчваць ля Палаца
Фота: БЕЛТА |
Вельмі характэрным у светапоглядным плане быў студзеньскі рэпартаж БТ з навагодняга балю ў Оперным тэатры. Грыдзюшка гаварыў у інтэрв’ю пра "настоящую традицию, то, что было когда-то на Руси", Латушка - пра "старажытныя, шляхетныя, еўрапейскія беларускія традыцыі".
Пры ўсім пры тым, Павел Латушка ні разу не перайшоў мяжу ідэалагічнай, так сказаць, дазволенасці. За цэлы год ён даў усяго некалькі паўнафарматных інтэрв’ю дзяржаўным СМІ. Вострых, непрадказальных пытанняў міністр унікае. Гэтак літаратарка і журналістка газеты "Новы час" Марыйка Мартысевіч падышла да міністра падчас кніжнага кірмаша з пытаннем, ці плануе дзяржава падтрымліваць прыватныя выдавецтвы, якія друкуюць найбольшую колькасць літаратуры па-беларуску, але не могуць удзельнічаць у выставе праз непамерную арэндную плату.
"Мой адказ будзе такі, - адрэагаваў міністр. - Мы ўсе павінны намагацца чытаць больш. На любой мове. Беларускія кнігі - па-беларуску. Вось у нас на кірмашы ганаровы госць Францыя - то і па-французску. Ведаеце, сёлета мы святкуем 80-годдзе Уладзіміра Караткевіча. І я магу пажадаць кожнаму перачытаць Караткевіча і атрымаць асалоду ад спеўнасці, багацця беларускага слова". Як той казаў, no comment.
У адрозненне ад айчынных экспертаў, якія з большага ўспрынялі прызначэнне Латушкі з вялікі імпэтам, у нацыянальных эмігранцкіх колах ад самага пачатку да гэтага паставіліся досыць насцярожана. "Мы вітаем гэты факт, аднак, думаю, міністр мае вельмі абмежаваныя магчымасці і наўрад ці можа карэнным чынам нешта змяніць без рэзалюцыі зверху", - распавёў у інтэрв’ю TUT.BY нязменны старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька.
Цягам году і ў самой Беларусі ўсё часцей імя Латушкі стала прамаўляцца з большай доляй скептыцызму. Маўляў, ягонае прызначэнне - адно рэверанс у бок Захаду і гэтак званай лібералізацыі, а па сутнасці, толькі знешні крок, які не пацягне за сабой глыбінных зменаў.
Шэф-рэдактар "Нашай нівы" Андрэй Дынько лічыць прызначэнне Латушкі на пасаду міністра заканамернасцю. "Кампетэнтнае і адказнае пакаленне, што пачало кар’еру ў 1990-х і да якога належыць Латушка, вырасла і цяпер пачынае займаць пасады. Латушка - толькі першая птушка, і хутка пабачым шмат іншых людзей з гэтага пакалення", - прадказвае эксперт.
Пры гэтым, на думку Дынько, магчымасці "першага беларускамоўнага міністра", сапраўды, вельмі абмежаваныя. "Трэба лічыцца з тым, што ў нас суперпрэзідэнцкая сістэма, таму галоўнае залежыць ад прэзідэнта, а роля астатніх органаў меншая. Асабліва гэта тычыцца чыноўнікаў, якія не маюць ў распараджэнні фінансавых сродкаў. У гэтым сэнсе міністр культуры, безумоўна, не адыгрывае вялікай ролі ў дзяржаўнай палітыцы, бо бюджэт Мінкульта мінімальны", - звяртае ўвагу эксперт.
Першы год Паўла Латушкі на чале Мінкульта стаў набыткам гісторыі. Другі мае даць куды больш адказаў і падставаў для аналізу. Паглядзім...