Завод разварушыў народ
Людзі пратэстуюць супраць планаў паставіць за іх гародамі завод гарачага цынкавання металаканструкцый. Ім нарэшце пачалі прыходзіць адказы з розных інстанцый.
Лідскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі адказаў, што да 2011 года будуць праведзены папярэднія працы па распрацоўцы санітарна‑абарончай зоны і меркаванні насельніцтва пра будаўніцтва прадпрыемства ўлічаць.
З Мінпрыроды прыйшоў адказ, што будзе праведзены аналіз месца для альтэрнатыўнага размяшчэння прадпрыемства. Пішуць і пра магчымасць правядзення грамадскіх слуханняў.
«Не верыцца, што яны прышлюць нам незалежных экспертаў, — кажа Валянціна, жыхарка Шырокай. ‑‑ Зноў папрыязджаюць «акадэмікі», раскажуць, як усё бяспечна».
Людзі працягваюць збіраць подпісы супраць будаўніцтва завода, які плануюць пабудаваць за 300 метрах ад вёскі Шырокая і за 800 метраў ад Ліды. На сёння ужо сабрана 2800 подпісаў ад жыхароў вёсак Гарні, Шырокая, Даліна, Астроўля і самой Ліды. Людзі падпісваюцца ахвотна. З пяцідзесяці адмаўляецца адзін‑два чалавекі, часцей старыя, якія баяцца выступаць супраць улады.
Найбольшая праблема ў тым, што большасць лідчукоў папросту не чула ні пра завод, ні пра гарачае ацынкаванне металу.
Адзіным грамадскім рухам, які павёў сябе палітычна ў дачыненні да лідскай праблемы, стала ініцыятыва «Гавары праўду». Яе актывісты збіраюць подпісы з патрабаваннем грамадскіх слуханняў з удзелам усіх зацікаўленых асобаў. Таксама 539 подпісаў ад жыхароўЛідчыны было перададзена Сяргею Сідорскаму і Міхаілу Мясніковічу з просьбай даць гарантыі, што прадпрыемства не будзе прадукаваць шкодных выкідаў у атмасферу і ваду. Яшчэ адзін ліст з подпісамі рыхтуюць да мясцовага дэпутата. Яго ж абавязак ‑‑ бараніць інтарэсы жыхароў.
Жыхары Гарнёў і Шырокай шчыра радуюцца, што іх гісторыя зацікавіла людзей і да іх завіталі журналісты з незалежных выданняў і лідэр «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў. Акрамя журналістаў і «праўдалюбцаў» завітвала і супрацоўніца ідэалагічнага аддзела райвыканкама. Праўда, па першым прыездзе людзі нават не пусцілі яе на парог. Так завод гарачага ацынкавання металу разварушыў некалькі вёсак.
Настасся Шамрэй