Зорны макіяж
Астролагі пераконваюць, што існуе сувязь паміж знакамі задыяку і макіяжам. Больш за тое, make-up не толькі дапамагае падкрэсліваць плюсы і маскіраваць заганы твару, змяняць імідж (ад жанчыны-вамп да цнатлівай выдатніцы) і заваёўваць мужчын, але і ўмацоўваць імунітэт, гарманізаваць асабістае жыццё жанчыны.
Навукова даказана, што ўсе адценні чырвонага павышаюць імунітэт, павялічваюць мазгавую актыўнасць. Са старажытнасці лічылася, што гэты колер павышае сэксуальную актыўнасць. А вось чорны — гэта колер тайнаў і загадак. Жанчына ў сукенцы ў абцяжку з ярка-чырвонай памадай — сэксуальная і загадкавая.
Як правіла, жанчына вельмі тонка адчувае і падсвядома выбірае каляровыя гамы, якія кампенсуюць недасканаласць жыцця. Калі вам не стае мужчынскай увагі — вазьміце больш сакавітае адценне памады. Хочацца лёгкасці і адасобленасці ад праблем — нанясіце на павекі бела-блакітныя цені. Прыслухайцеся да сябе, і вы абавязкова зробіце правільны выбар.
Прадстаўнікі адной задыякальнай супольнасці часта выбіраюць адну каляровую гаму макіяжу. Правільна падабраны макіяж (у адпаведнасці з парадамі астролагаў) дапаможа прыцягнуць у ваша жыццё каханне, удачу, багацце і ўсё астатняе, што і складае жаночае шчасце.
Авен. Паколькі Авенам кіруе Марс (дастаткова агрэсіўная планета), то гэта адбіваецца і на макіяжы. Прадстаўнікі гэтага знака выкарыстоўваюць макіяж двух тыпаў: агрэсіўны і лёгкі. У першым выпадку памада выбіраецца ярка-чырвоная, на вейках — чорная туш. Гэта непрыхаваная дэманстрацыя энергіі, сілы, жадання. У другім выпадку ўвесь макіяж робіцца у пастэльных тонах (вусны не нафарбаваныя, цені практычна непрыкметныя, тон лёгкі). Жанчына з такім макіяжам як бы заяўляе: усё, чаго яна хоча, само прыйдзе да яе, атака ёй не спатрэбіцца.
Цялец. Кіруючая планета — Венера, яшчэ адно ўплывовае нябеснае цела — Месяц. Жанчыны гэтага знака — аматары ўсяго прыгожага, яны любяць якасныя эфектныя рэчы (нічога таннага!) Усё павінна быць шыкоўна! Іх макіяж някідкі, у ім дамінуюць дымчатыя тоны (усе адценні шэрага, ружовага, белага, бэжавага, сярэбранага). Цяльцы выбіраюць халодныя колеры — гэта ўплыў Месяца. Нягледзячы на тое, што Цяльцам вельмі пасуюць усе адценні зямлі (зялёны, карычневы, балотны), самі яны іх не любяць, а вось смелыя адценні і колеры выбіраюць з задавальненнем.
Блізняты. Дваісты, нестабільны знак, якому надзвычай складана зрабіць выбар. Блізняты лёгка паддаюцца чужому ўплыву, прыслухоўваюцца да парад прадаўцоў і часта набываюць касметыку, якая ім абсалютна не падыходзіць. Пажадана, каб жанчына гэтага знаку рабіла пакупкі разам з кампетэнтным чалавекам, які дапаможа ёй выглядаць лепей. Блізнятам вельмі да твару халодныя тоны. Часта яны выбіраюць зялёны. І, калі ласка, ніякага бляску і перламутру! Толькі матавыя і лёгкія тэкстуры. Макіяж Блізняты любяць кантрасны, але ў адной каляровай гаме.
Рак. Гэта знак, які не баіцца эксперыментаў, імкнецца да ўсяго новага, нязведанага. Ракі вельмі любяць касметыку, ім пасуюць мігатлівыя апалавыя колеры, якія робяць твар Ракаў надзіва прыгожым, выгадна выдзяляючы вочы.
Леў. Завітаўшы ў краму, Леў скупіць усю самую модную і дарагую касметыку — ні адна навінка не застанецца без увагі. Льву зусім не ўсё роўна, якой маркі будзе набыты ім тавар (марка абавязкова павінна быць вядомай!). Сапраўдны поспех гэтаму знаку задыяку прынясе залаты колер, а таксама ўсё, што ззяе. Вытанчаная залатая пудраніца — гэта як раз тое, што патрэбна.
Дзева. Жанчыны гэтага знаку маюць прыроджанае пачуццё меры і густу, кожная заўсёды дакладна ведае, што з усяго прапанаванага асартыменту лепш за ўсё падыдзе менавіта ёй. Дзевы вельмі беражлівыя, яны не стануць набываць дарагую касметыку, калі будзе магчымасць узяць больш танны аналаг. Ім надзіва пасуе касметыка, якая мае мяккае ззянне і пяшчотны, атласны бляск. Колеры прыроды падкрэсліваюць іх прыгажосць, таму астролагі раяць Дзевам выбіраць адценні бірузовага, блакітнага, пяшчотна-блакітнага, ізумруднага, пяшчотна-зялёнага тонаў.
Шалі. Імі кіруе планета Венера, аднак на гэты знак яна аказвае зусім не такі ўплыў, як на Цяльцоў. Гэты знак выбірае не раскошу, а эпатаж. Авангардныя, экстравагантныя жанчыны, часам з задзірліва-кідкім макіяжам — гэта, як правіла, Шалі. Ім пасуе такое спалучэнне колераў, якое не адважыцца выбраць для сябе любы іншы знак, напрыклад, бірузовы і жоўты. Самае важнае, што нават у такой "байцоўскай афарбоўцы" Шалі не выглядаюць смешнымі, ім такі макіяж да твару. Яны ва ўсім уступаюць у спрэчку, супярэчаць агульнапрынятым нормам — у тым ліку і ў традыцыях make-up — і пры гэтым заўсёды выйграюць. Кошт і якасць касметыкі для іх не іграе ніякай ролі. Ім падыдзе ўсё.
Скарпіён. Прадстаўнікі гэтага знаку, як дарагі кан'як, з гадамі становяцца толькі лепш. Скарпіёны заўсёды ведаюць, чаго хочуць, у іх вытанчаны густ і прывабная знешнасць. Жанчынам-Скарпіёнам пасуе памада насычанага глыбокага колеру. Астролагі раяць ім дакладна падкрэсліваць лінію вачэй, тонка акрэсліваць контуры верхніх павекаў. А яшчэ Скарпіёнам варта выдзяляць скулы.
Стралец. Гэты знак не прымае абмежаванняў, ён апантаны ўсім новым, нязведаным, заўсёды імкнецца ўсё выпрабаваць на сабе. Звычайна Стральцы даволі забяспечаныя асобы і часта набываюць абсалютна непатрэбныя ім рэчы. Ім цудоўна пасуюць адценні, якія мякка зіхацяць. Залаціста-ружовая гама надасць ім дадатковую энергію.
Казярог. Прадстаўнікі гэтага знака дасягаюць усяго самі. Іх адметная рыса — упартасць. Усе навінкі дэкаратыўнай касметыкі вельмі цікавяць Казярогаў, але, як правіла, інтарэсам усё і абмяжоўваецца. Яны могуць гадзінамі вывучаць прапанаваны асартымент і потым так нічога і не набыць. Яны вельмі акуратныя ў выбары касметыкі, перавагу аддаюць макіяжу, які практычна непрыкметны, як правіла, бэжава-карычневым тонам.
Вадалей. Над прадстаўнікамі гэтага знака часта ўладараць эмоцыі. Іх штодзённае жыццё напоўнена планамі, сустрэчамі, разнастайнымі падзеямі, якія змяняюць адна адну. Ва ўсім гэтым "кіпенні" так цяжка знайсці час для знаёмства з навінкамі і моднымі тэндэнцыямі, ды Вадалеям гэта і не патрэбна. Вадалей заўсёды набудзе менавіта тое, што зробіць яго модным і прывабным. Звычайна для макіяжу Вадалей набывае нейкі адзін вельмі якасны, дарагі і модны касметычны прадукт, выраблены вядомай фірмай. Але гэта будзе ўсяго толькі адна рэч, напрыклад, фантастычна прыгожы бляск для вуснаў, ці румяны з найноўшай шаўкавістай тэкстурай. Вадалей ведае, што яму патрэбна, і заўсёды гэта мае.
Рыбы. Дзіўны, містычны знак. Калі вы сустрэлі шыкоўную прыгажуню, вельмі верагодна, што гэта жанчына-Рыбы. Праўда, энергетыка знака слабаватая, яго прадстаўніцы хутка стамляюцца, у іх часта можа адсутнічаць жаданне што-небудзь рабіць, кудысьці ісці. Рыбам неабходна пастаянна энергетычна падсілкоўвацца, каб паспець зрабіць больш і атрымаць новыя ўражанні. У макіяжы Рыбы аддаюць перавагу халодным адценням. Зарад энергіі гэты знак можа атрымаць ад дымчата-блакітных, фіялкавых, льдзіста-ружовых тонаў. Жанчын-Рыб упрыгожаць ярка падведзеныя "стрэлкі" на верхніх вейках.
Падрыхтавала Інга МІНДАЛЁВА.