Асіна
Ёсць у нашых лясах адно незвычайнае дрэва — асіна, вакол якой аплялося мноства легендаў і паданняў, прыкмет і павер'яў. Самае дзіўнае — у яе "паводзінах", нават калі прырода, здавалася б, заснула глыбокім сном, які не парушаецца і лёгкім павевам ветру, асіна трымціць, шапоча сваім лісцем, бы хвалюецца за нейкі непапраўны грэх. Так яно ці не так — адзін Бог ведае, але праз стагоддзі, з глыбокай даўніны даляцела легенда, быццам наканавана ёй вечна трэсціся за тое, што з яе быў зроблены крыж, на якім Сын Божы Ісус Хрыстос быў распяты іншаверцамі. Народнае паданне сцвярджае, што і цвікі, якімі прыбілі Збавіцеля да крыжа, таксама былі асінавымі. Ёсць яшчэ адно тлумачэнне незвычайных "паводзінаў" гэтага дрэва. Падчас уцёкаў у Егіпет іудзеяў Маці Боская схавалася са сваім сынам пад асінай, але тая шапаценнем лісця выдала іх. А адна са старажытных легендаў паведамляе, што на асіне павесіўся самы вядомы здраднік з роду чалавечага — Іуда.
Усе гэтыя аповеды пра лёс дрэва, відаць, у многім і прадвызначылі стаўленне да яго беларусаў і іншых славянскіх народаў. Каб перасцерагчыся ад хваробы, нашы продкі не выкарыстоўвалі гэта дрэва пры будаўніцтве хаты, не садзілі на падворку. Але, каб пазбавіць гумно і хлеў ад нячыстай сілы, у сцяну абавязкова клалі некалькі асінавых плашак.
У шэрагу рытуалаў, звязаных з чорнай магіяй, яскрава прасочваецца цесная сувязь асіны з чортам, з нячыстай сілай. Жыхар вёскі Вялікі Рожан Салігорскага раёна М. Коўчык (дарэчы, таленавіты майстар слова, які ведае процьму мясцовых казак, легендаў і паданняў) расказаў нам, як тутэйшы люд вызначаў, хто з вясковых жанчын-вядзьмарак забіраў у кароў малако. Гаспадар высякаў вялікі асінавы кол і ўбіваў у зямлю, здзіраў з яго кару і кідаў на раскладзенае вогнішча, над якім падвешвалася даёнка, дзе кіпяцілася марлевая цадзілка. Кажуць, ведзьма абавязкова прыйдзе прасіць патушыць вогнішча.
Распазнаць ведзьму можна было і іначай. Асінавымі дрэвамі палілі ў печы, а затым на полымя ставілі патэльню з соллю. Праз некалькі хвілін у хату ўлятала вядзьмарка і абяцала адрабіць назад нанесеную карове шкоду, якая ні з таго ні з сяго пачынала даіцца крывёю.
Асіна як адзін з галоўных рытуальных атрыбутаў шырока выкарыстоўвалася ў пахавальнай абраднасці, асабліва ў выключных сітуацыях. Вядома, што над магілай чалавека, памерлага "сваёй" смерцю, ставілі сасновы крыж. Самагубцаў або тых, хто памёр заўчасна, хавалі не на агульных могілках, а асобна. Лічылі, што яны маглі нават пасля смерці ўчыняць шкоду жывым, таму прама ў цела нябожчыка ўбівалі вялізны асінавы кол. Гэты звычай даў жыццё ўстойліваму словазлучэнню "колам стаў", якое па сваёй стылістычнай афарбоўцы нагадвае звычайны праклён.
На поўдні Беларусі на магіле мёртванароджанага дзіцяці распальвалі вогнішча з асінавага голля, а на магілцы ж няхрышчанага дзіцяці пакідалі камень або трохкутнік, складзены з галін асінавага дрэва.
Зразумела, што такое вялікае кола ахоўна-магічных рытуалаў не магло не паспрыяць выкарыстанню асіны ў народнай медыцыне. Вялікае няшчасце, калі ў сям'і дзіця хварэе на эпілепсію. Што толькі ні спрабавалі народныя лекары, каб пазбавіцца гэтай бяды! Нават шматок валасоў затыкалі ў вушак дзвярэй і забівалі асінавым калком. Меркавалі: дзіця перарасце (перагоніць) сваю хваробу і такім чынам назаўсёды адолее яе. Бяссонніцу, крыксы, начніцы таксама лячылі з дапамогай асіны: з невялікага палена выдзёўбвалі спецыяльныя ночвы і клалі іх у калыску. Лекавалі таксама зубны боль, грыжу і спуд.
Неаднаразова на сваім уласным досведзе пераконваліся, што "збіць" павышаны ціск і суцішыць галаўны боль можна вельмі простым спосабам: да патыліцы прыкласці асінавы кругляк і патрымаць некалькі хвілін. А каб адчуваць сябе лепш, на тое ж месца затым пакладзіце бярозавую дошчачку. Вельмі хутка ваша стомленасць пройдзе.
Аксана Катовіч, Янка Крук.