Прэзідэнцкі спартыўны клуб ставіць толькі амбіцыйныя задачы
Днямі ў Мінску адбыўся сход рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Прэзідэнцкі спартыўны клуб", на якім на новы тэрмін быў пераабраны яго кіраўнік Дзмітрый Лукашэнка. Напярэдадні пяцігадовага юбілею быў сабраны агульны сход арганізацыі, дзе Прэзідэнцкі спартыўны клуб падвёў вынікі работы.
Са справаздачай перад дэлегатамі сходу выступіў старшыня цэнтральнага савета Дзмітрый Лукашэнка. Ён адзначыў, што першыя пяць гадоў працы можна лічыць этапам паспяховага станаўлення клуба. Днём заснавання арганізацыі лічыцца 6 ліпеня 2005 года, калі быў падпісаны адпаведны ўказ кіраўніка дзяржавы. Дзмітрый Лукашэнка нагадаў, што з 2005 па 2010 год клуб браў удзел у правядзенні больш за 400 рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў, у маштабных спартыўных праектах. На правядзенне розных спаборніцтваў з 2005 года было выдаткавана 3 мільярды 483 мільёны рублёў. У 2009 годзе клуб выступіў у ліку арганізатараў 14 міжнародных турніраў па 9 відах спорту. Прычым, як адзначыў Дзмітрый Лукашэнка, Прэзідэнцкі спартыўны клуб ажыццяўляе сваю дзейнасць без прыцягнення бюджэтных сродкаў і існуе за кошт членскіх узносаў, спонсарскай падтрымкі і ўласнай гаспадарчай дзейнасці.
З 2007 года зацверджаныя стыпендыі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Стыпендыятамі сталі 484 таленавітыя атлеты і больш за 30 маладых перспектыўных трэнераў. На выплаты стыпендый было выдаткавана больш за 3 мільярды рублёў. На Алімпійскіх гульнях у Пекіне выступалі 29 стыпендыятаў Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, якія прадстаўлялі 15 відаў спорту. 23 з іх занялі месцы ў дзясятцы наймацнейшых. Алімпійскім чэмпіёнам стаў Артур Літвінчук (веславанне на байдарках), сярэбраным прызёрам — Андрэй Краўчанка (лёгкая атлетыка, дзесяцібор'е), Настасся Іванькова і Ксенія Санковіч — уладальніцы алімпійскай бронзы ў групавых практыкаваннях.
Прэзідэнцкі спартыўны клуб уваходзіць у лік арганізатараў такіх спаборніцтваў, як Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прызы Прэзідэнта Беларусі, Міжнародны турнір БФСТ "Дынама" па мастацкай гімнастыцы на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Марыны Лобач, этап Кубка свету па самба на прызы Прэзідэнта Беларусі, міжнародныя спаборніцтвы серыі Гран-пры па фігурным катанні сярод юніёраў "Мінскі лёд". Асаблівая ўвага надаецца дзіцячаму спорту. У краіне праходзяць спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па футболе "Скураны мяч", па гандболе "Імклівы мяч", па хакеі "Залатая шайба". А таксама па біятлоне, лыжных гонках і стральбе.
Алена АЎЧЫННІКАВА.