Рэпартажы пра Дзень Незалежнасці Беларусі ўбачыць больш за 50 млн чалавек
Упершыню святочныя праграмы і канцэрты са святкавання Дня Незалежнасці нашай дзяржавы можна будзе ўбачыць у 14 краінах свету. Чаканая глядацкая аўдыторыя — больш за 50 млн чалавек.
Магчымасць убачыць Дзень Незалежнасці Беларусі ў розных краінах свету будзе ў гледачоў тэлеканала "Мір". Па словах галоўнага рэдактара Прадстаўніцтва МТРК "Мір" у Беларусі Юрыя Бокача, такое рашэнне было прынята Маскоўскай дырэкцыяй канала.
— Упершыню наш канал паспрабуе так працаваць. Нас змогуць пабачыць не толькі краіны СНД, але і Прыбалтыкі, — кажа Юрый Бокач.
Акрамя парада ветэранаў і святочнага канцэрта з салютам, "Мір" парадуе паўгадзіннай экскурсіяй у Гомель. Палац Румянцавых-Паскевічаў, партрэты знакамітых асобаў Гомельшчыны — пра гэта і не толькі раскажа праграма "Даведнік". Убачыць Ашмяншчыну з вышыні птушынага палёту, пашукаць скарбы Напалеона можна будзе з праграмай "Гісторыя з геаграфіяй".
Як мяняліся межы нашай дзяржавы, расказвае праект "Мяжа". Супольна з "ВаенТБ" тэлеканал зняў серыю дакументальных фільмаў пра межы Беларусі ў розныя эпохі. Трэцяга ліпеня ў чарговай серыі гледачы ўбачаць "залаты век" Беларусі — Вялікае Княства Літоўскае.
Праграмы па гісторыі нашай краіны будуць ісці ўперамешку з прамымі ўключэннямі з месцаў святкавання "Садружнасць Lіve" і блокамі навінаў .
— Мы спадзяёмся, што наша агульнае стаўленне да гэтага свята перадасца праз эфір нашым гледачам, — перакананы Юрый Бокач.
Настасся Занько.