У Расіі два элементы эканамічнага шантажу: карная санітарыя і карная энергетыка
Расія выкарыстоўвае супраць партнёраў па СНД два элементы эканамічнага шантажу: карную санітарыю ў асобе Расспажыўнагляда і карную энергетыку, лічыць беларускі палітолаг галоўны рэдактар часопіса "Беларуская думка" Вадзім Гігін. Аб гэтым ён сказаў на прэс-канферэнцыі ў Маскве, перадае БЕЛТА.
"У такой сітуацыі выбудоўваць доўгатэрміновыя адносіны з Расійскай Федэрацыяй вельмі складана", — падкрэсліў палітолаг.
Вадзім Гігін адзначыў, што краіны СНД у прынцыпе не супраць імкнення Расіі зрабіць постсавецкую прастору прывілеяванай сферай свайго ўплыву. Беларусь падзяляе таксама пазіцыю Расіі ў тым, каб не ўваходзіць у эканамічныя і палітычныя блокі, дзе няма расійскага членства, і не размяшчаць на сваёй тэрыторыі ваенныя базы іншых дзяржаў. Аднак гэтага Расіі недастаткова, і яна настойвае на прывілеяваным становішчы свайго бізнэсу на постсавецкай прасторы. Расійская бізнэс-эліта не гатова выбудоўваць роўныя адносіны з партнёрамі ў СНД, і ў гэтым палітолаг бачыць адну з прычын розных канфліктаў, у тым ліку і нядаўняга газавага паміж Беларуссю і Расіяй. "Не толькі Беларусь, але і іншыя краіны СНД сутыкаюцца з нежаданнем Расіі чуць пазіцыю гэтых дзяржаў", — сказаў Вадзім Гігін.
"На адносіны Беларусі і Расіі глядзіць увесь свет, — лічыць палітолаг. — Ад таго, як Расія выбудуе адносіны са сваім саюзнікам, будзе залежаць і ступень даверу да яе на міжнароднай арэне. Аднак Расія метадычна выціскае Беларусь з саюзніцкіх адносінаў, у тым ліку з сістэмы агульнай эканамічнай прасторы".